Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня Алег Трусаў – гісторык, археоляг. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар манаграфіяў, прысьвечаных матэрыяльнай культуры беларусаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы.


Алег Трусаў прапанаваў карэспандэнтам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму: “Вяртаньне нашых каштоўнасьцяў: праблемы рэстытуцыі”. А сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе зь ім пра апошнія зрухі ў рэстытуцыі.

Трусаў: “У 2006 годзе была створаная міжведамасная рабочая груп па рэстытуцыі культурных каштоўнасьцяў. Да справы падключыліся спэцыялісты Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага інстытуту праблемаў культуры, музэйныя супрацоўнікі, выкладчыкі гістфаку БДУ й іншыя спэцыялісты.

Упершыню быў зроблены аналіз страчанага ў гады апошняй сусьветнай вайны, надрукаваныя архіўныя матэрыялы і названыя адпаведныя лічбы”.

Уліцёнак: “Ну і напрыклад?”

Трусаў: “У вайну на Беларусі цалкам былі зьнішчаныя 10 музэяў, разрабавана больш чым 200 бібліятэк, вывезьлі 48 слуцкіх паясоў, 170 твораў жывапісу і гэтак далей”.

Уліцёнак: “Мо варта асобна вылучыць барацьбу саветаў з рэлігіяй?”

Трусаў: “Кожнае стагодзьдзе на Беларусі стваралася прыблізна 15 000 абразоў. І да наступнага стагодзьдзя захоўвалася толькі іх чацьвёртая частка. Напрыклад, маем цяпер толькі 1 000 абразоў 18-га стагодзьдзя, а 16-га – усяго два працэнты.

І толькі дзякуючы нашым навукоўцам, якія аб’ядналіся вакол Вольгі Церашчатавай – першага дырэктара музэя Старажытнай беларускай культуры, шмат чаго ўдалося зьберагчы. Езьдзілі па закінутых храмах, дасьледавалі гарышчы старых вяскоўцаў, і ў выніку атрымаўся ўнікальны збор гістарычнай спадчыны”.

Уліцёнак: “Давайце вернемся да страчанага падчас вайны?”

Трусаў: “Вывезена 11 500 музэйных экспанатаў, 85 працэнтаў фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі… І трэба сказаць, што найбольш тое ўсё трапіла на ўсход. Гэта музэі Масквы, Разані, Пскову й іншых гарадоў.

Уліцёнак: “Прыведзеныя вамі лічбы кажуць найперш пра неабходнасьць актывізацыі працягу рэстытуцыі…”

Трусаў: “Трэба каб грамадзтва зьвярталася да чыноўнікаў, каб яны больш настойліва змагаліся за вяртаньне нашых каштоўнасьцяў. Па лініі дыпляматыі на ўсіх перамовах падымалі гэтае пытаньне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG