Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Забароўскі: “Палітычнае рашэньне будзе прымаць Рада бясьпекі”


Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч заявіў у інтэрвію БелТА, што беларускую АЭС пабудуюць на Кукшынаўскай пляцоўцы ў Горацкім раёне. Чаму абраная менавіта гэтая пляцоўка?

Памочнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Забароўскі патлумачыў Радыё Свабода: пакуль яшчэ крыху заўчасна казаць, што прынята канчатковае рашэньне аб будаўніцтве АЭС менавіта ў Горацкім раёне, на Кукшынаўскай пляцоўцы:

“Казаць пра тое, што якая-небудзь пляцоўка канчаткова абраная — гэта не зусім так, гэта па-першае. Па-другое, само абгрунтаваньне і дэталізаваньне — калі, дзе, як будаваць — пры ўсіх гэтых фактарах плянуецца абвясьціць пасьля паседжаньня камісіі самага высокага ўзроўню, якая створана ў Савеце Міністраў. Кіраўнік гэтай камісіі — Уладзімер Ільіч Сямашка.

І пасьля таго, як усе рабочыя матэрыялы, якія падрыхтавала камісія па выбары пляцоўкі, будуць разгледжаны, пасьля гэтага ўжо афіцыйна будзе абвешчана пазыцыя, якую займае ўвогуле кіраўніцтва Савету Міністраў, якая будзе рэкамэндавана для прыняцьця палітычнага рашэньня. Таму сёньня гэта толькі абмеркаваньні, якія будуць разглядацца ў Савеце Міністраў, і пасьля гэтага будзе вынесены канчатковы вэрдыкт, куды будуць уваходзіць і навуковая частка, і эканамічная частка, якая ўвогуле будзе зьвязаная з разьвіцьцём гэтых рэгіёнаў. Таму трохі датэрмінова казаць, што ўсё ўжо вырашана. А пакуль ёсьць пазыцыя, якую агучыў Міхаіл Уладзімеравіч Мясьніковіч як намесьнік старшыні камісіі. Але канчатковае рашэньне будзе прымаць Рада бясьпекі”.

Прафэсар Георгій Лепін правёў у Чарнобылі шэсьць год, а потым уваходзіў ва ўрадавую камісію, якая ацэньвала мэтазгоднасьць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі:

“Якая з гэтых трох пляцовак лепшая альбо горшая — я не бяруся судзіць, я гэтым сур’ёзна не займаўся. Але лічу, што любая зь іх — гэта чарговае глупства, проста сэнсу ў гэтым няма. Я супраць любой зь іх”.

Дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту ядравых праблем Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Уладзімер Барышэўскі лічыць усе разгляданыя ўрадам пляцоўкі для будаўніцтва АЭС бясьпечнымі:

“Я, шчыра кажучы, ня ведаю, чым усе пляцоўкі адна ад адной адрозьніваюцца. У нас наагул не сэйсьмічная вобласьць. Рэспубліка стаіць, так бы мовіць, на нейкім гранітным пастамэнце, велічна. Таму галоўнае — у разломе станцыі не разьмяшчаць, але ўсе геолягі ведаюць гэты Прыпяцкі разлом, ніхто і не разьмяшчае....

Я думаю, што тут могуць быць толькі эканамічныя фактары. Эканамічныя, культуралягічныя. А можа, наагул рэгіёны паміж сабой за яе б’юцца: вакол інфраструктура, працоўныя месцы. Тут жа ёсьць шмат прывабнага для тых, у каго гэта будзе побач”.

XS
SM
MD
LG