Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што на Кукшынаўскай пляцоўцы пабудуюць беларускую АЭС.

Пра канчатковае рашэньне гаварыць заўчасна

Памочнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Забароўскі патлумачыў Радыё Свабода: пакуль яшчэ крыху заўчасна казаць, што прынята канчатковае рашэньне аб будаўніцтве АЭС менавіта ў Горацкім раёне, на Кукшынаўскай пляцоўцы:

“Казаць пра тое, што якая-небудзь пляцоўка канчаткова абраная — гэта не зусім так, гэта па-першае. Па-другое, само абгрунтаваньне і дэталізаваньне — калі, дзе, як будаваць — пры ўсіх гэтых фактарах плянуецца абвясьціць пасьля паседжаньня камісіі самага высокага ўзроўню, якая створана ў Савеце Міністраў. Кіраўнік гэтай камісіі — Уладзімер Ільіч Сямашка.

І пасьля таго, як усе рабочыя матэрыялы, якія падрыхтавала камісія па выбары пляцоўкі, будуць разгледжаны, пасьля гэтага ўжо афіцыйна будзе абвешчана пазыцыя, якую займае ўвогуле кіраўніцтва Савету Міністраў, якая будзе рэкамэндавана для прыняцьця палітычнага рашэньня. Таму сёньня гэта толькі абмеркаваньні, якія будуць разглядацца ў Савеце Міністраў, і пасьля гэтага будзе вынесены канчатковы вэрдыкт, куды будуць уваходзіць і навуковая частка, і эканамічная частка, якая ўвогуле будзе зьвязаная з разьвіцьцём гэтых рэгіёнаў. Таму трохі датэрмінова казаць, што ўсё ўжо вырашана. А пакуль ёсьць пазыцыя, якую агучыў Міхаіл Уладзімеравіч Мясьніковіч як намесьнік старшыні камісіі. Але канчатковае рашэньне будзе прымаць Рада бясьпекі”.

“Беларусь — не сэйсьмічная вобласьць, таму галоўнае — эканамічны фактар”

Дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту ядравых праблем Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Уладзімер Барышэўскі лічыць усе разглядаемыя ўрадам пляцоўкі для будаўніцтва АЭС бясьпечнымі:

“Я, шчыра кажучы, ня ведаю, чым усе пляцоўкі адна ад адной адрозьніваюцца. У нас наагул не сэйсьмічная вобласьць. Рэспубліка стаіць, так бы мовіць, на нейкім гранітным пастамэнце, велічна. Таму галоўнае — у разломе станцыі не разьмяшчаць, але ўсе геолягі ведаюць гэты Прыпяцкі разлом, ніхто і не разьмяшчае....

Я думаю, што тут могуць быць толькі эканамічныя фактары. Эканамічныя, культуралягічныя. А можа, наагул рэгіёны паміж сабой за яе б’юцца: вакол інфраструктура, працоўныя месцы. Тут жа ёсьць шмат прывабнага для тых, у каго гэта будзе побач”.


“Хлопцам з БНФ сказаў, што я — за АЭС”

Намесьнік старшыні Горацкага райвыканкаму і адначасова начальнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва Аляксандар Папытаеў заявіў сёньня “Свабодзе”, што ён цалкам падтрымлівае намеры будаваць АЭС на Кукшынаўскай пляцоўцы.

“Ну, прыходзілі тут да мяне, ёсьць такія хлопцы з БНФ, якія супраць. Я ім сказаў, што пакуль пытаньне ня вырашана. І няма чаго абмяркоўваць. І асабіста заявіў, што я — за будаўніцтва атамнай электрастанцыі”.

Прашу Аляксандра Папытаева ўдакладніць, на чым грунтуецца ягоная перакананасьць. Ён кажа:

“АЭС будаваць трэба, нават калі ў нас. Гэта нармальны варыянт. Гэта і працоўныя месцы, і разьвіцьцё інфраструктуры. Я ня думаю, што ўсё будзе будавацца ў Воршы для абслуговага пэрсаналу. Горкі таксама нешта атрымаюць”.


В.Вячорка: “Не дапусьціць пабудовы расейскай АЭС у Беларусі”

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў наконт плянаў пабудовы АЭС у Беларусі:

“Я думаю, што тэза кантролю ў гэтай справе павінна быць ключавая. Калі казаць пра партыйныя пазыцыі, дык Партыя БНФ учора на Сойме гэтае пытаньне абмяркоўвала. У нас ёсьць пазыцыя — не дапусьціць пабудовы расейскай атамнай станцыі ў Беларусі. Па іншых пытаньнях працягваць грамадзкую дыскусію, але ў першую чаргу трэба запатрабаваць ад уладаў максымум інфармацыі пра эканамічнае абгрунтаваньне, мэханізм і аргумэнты дзеля выбару замежнага партнэра і г.д.

І толькі пры ўмовах такой празрыстасьці, адкрытасьці ня толькі на беларускае грамадзтва, а на сьвет прымаць крайне важнае для нашай энэргетычнай бясьпекі стратэгічнае рашэньне”.

А.Лябедзька: “Пры гэтым рэжыме будаваць АЭС нельга”

Сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька зазначыў з нагоды плянаў ураду наконт пабудовы АЭС у Беларусі:

“Нацыянальны выканаўчы камітэт АДС праводзіў адмысловы круглы стол на гэтую тэму. Была даволі цікавая дыскусія і была рэкамэндацыя, якую падтрымалі абсалютна ўсе структуры, якія ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве. Сутнасьць яе такая — пры гэтым палітычным рэжыме, які не адрозьніваецца ад рэжыму, які дапусьціў Чарнобыльскую катастрофу, будаваць АЭС нельга. Гэта адзіная пазыцыя, якую падтрымалі ўсе суб’екты АДС.

На гэтае пытаньне трэба ўвесьці, як мінімум, мараторый да таго часу, пакуль ня будзе адказная ўлада, якая будзе адказна абыходзіцца з інфармацыяй і якая будзе прымаць рашэньне толькі пасьля дыскусіі ў грамадзтве. Вось гэта тое, што можна сёньня зафіксаваць як адзіны падыход. Няма ніводнай палітычнай структуры, якая б сказала “так” гэтаму рэжыму на чале з Лукашэнкам, каб будаваць атамную станцыю”.

"Мы актывізуемся ў зборы подпісаў"

Эдуард Брокараў
– адзін зь ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Горацкім раёне і ў Беларусі ўвогуле. На пачатак сакавіка была сабраная першая тысяча подпісаў мясцовых жыхароў, якую актывісты пераадрасавалі дзеля рэагаваньня ў Палату прадстаўнікоў.

“У гэтай уладзе, па-мойму, левая рука папросту ня ведае, што робіць правая. Адзін кажа пра Краснапалянскую, другі вось ужо пра Кукшынаўскую. Таму ня тое, што гэта было цалкам нечакана, проста ад узроўню гэтай улады такіх крокаў мы, у прынцыпе, і чакаем, на нешта сур’ёзнае яны ня здольныя. Асабіста я ня вельмі веру, што яны ўвогуле гэтую станцыю пабудуюць... А з нашага боку будзе такая рэакцыя, што мы крыху актывізуемся ў зборы подпісаў. Бо гэта інфармацыя людзей цікавіць і будзем даводзіць да тых, хто яшчэ ня ведае пра апошнія рашэньні”.

“Кукшынава — вёска выміраючая”

Паводле старшыні Аўсянскага сельсавету Горацкага раёну Мікалая Янчанкі вёска Кукшынава — выміраючая, у ёй няма ні школы, ні крамы, ні ўстановаў сацкультбыту. Палова вясковых хатаў — пустыя. Некалькі хатаў дзеці былых вяскоўцаў выкарыстоўваюць пад лецішчы.

“Мне складана меркаваць, — кажа спадар Янчанка, — пакуль жа ў размовах усё вельмі недакладнае. Я таксама чытаў у газэце меркаваньне Міхаіла Мясьніковіча. Але дзе ні запытаю пра афіцыйныя дадзеныя, то мне адказваюць: “Будзе рашэньне, тады і даведаецеся”.

Кукшынаўская пляцоўка (Google Maps)

"АЭС патрабуе шмат вады, а каля Кукшынава няма вялікіх вадаёмаў"

Загадчык катэдры сельскагаспадарчай радыялёгіі Горацкай сельгасакадэміі Генадзь Чарнуха ня супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Аднак навуковец сумняецца, што Кукшынаўская пляцоўка адпавядае ўсім тэхналягічным патрабаваньням.

“Для праца атамнай электрастанцыі патрабуецца вялікая колькасьць вады. Тое месца, якое называецца, тут няма ні рэк, ні азёр дастаткова вялікіх. Іх тут наагул няма, адны ручаі цякуць”,-- зазначае Генадзь Чарнуха.

"Гэта пытаньне геапалітычнага выбару"

Партыя БНФ патрабуе прадаставіць тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне будаўніцтва АЭС й інфармацыю пра лёс адпрацаванага паліва.

"Грамадзяне Беларусі былі ня раз сьведкамі, як кіраўніцтва краіны без уліку думкі грамадзкасьці прымала валявыя рашэньні і, выдаткоўваючы немалыя сродкі, будавала аб’екты далёка ня першай жыцьцёвай неабходнасьці. Стварэньне прамысловых аб’ектаў для забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны праз дывэрсыфікацыю крыніц атрыманьня энэрганосьбітаў якраз ёсьць на сёньня найпершай жыцьцёвай неабходнасьцю. Аднак будаўніцтва АЭС – гэта не будаўніцтва лядовага палацу ці бібліятэкі. Гэта пытаньне геапалітычнага выбару".

"Кукшынаўская АЭС?"

У інтэрвію БЕЛТА Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што адмысловая камісія завяршыла разгляд патэнцыйных пляцовак і зрабіла выснову, што Кукшынаўская пляцоўка найлепш адпавядае патрабаваньням для будаўніцтва АЭС.

Паводле Міхаіла Мясьніковіча, няма ніякіх фактараў, якія б забаранялі будаўніцтва станцыі на Кукшынаўскай пляцоўцы. На другое месца камісія паставіла Астравецкую, а на трэцяе Краснапалянскую пляцоўкі.

Адмысловыя матэрыялы накіраваны ва ўрад Беларусі.

Вёска Кукшынава знаходзіцца за 50 кілямэтраў ад Магілёва, за 14 ад Горак і за 33 кілямэтры ад Шклову. Да беларуска-расейскай мяжы 30 кілямэтраў.

У вёсцы жыве 28 чалавек, зь іх 27 пэнсіянэры. Раней вёска належала калгасу “Запаветы Ільіча”, цяпер сельскагаспадарчаму прадпрыемству “Аўсянка”. Да цэнтральнай сядзібы гаспадаркі вёскі Аўсянка сямнаццаць кілямэтраў. За тры кілямэтры ад вёскі знаходзіцца чыгуначная станцыя “Зубры”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG