Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гулак: “Трэба ня толькі крытыкаваць, але і прапаноўваць”


Новым старшынём Беларускага Хэльсынскага камітэту абраны Алег Гулак, які болей за 10 гадоў таму стварыў праваабарончую суполку ў Пінску.

На сходзе прадстаўнікоў БХК, які прайшоў 11 траўня, была задаволеная просьба Тацяны Процькі аб адстаўцы з пасады старшыні арганізацыі. Новым старшынём БХК абраны Алег Гулак, які болей за паўгода выконваў гэтыя абавязкі, пакуль Тацяна Процька была ў ад’езьдзе ў ЗША, дзе стала жыве яе дачка.

Алегу Гулаку 40 гадоў, ён прафэсійны юрыст. У 1996 годзе стварыў суполку БХК у Пінску, потым пераехаў у Менск, дзе працягваў праваабарончую дзейнасьць у складзе БХК. З 2002 году працаваў выканаўчым дырэктарам арганізацыі.

Новы старшыня БХК абверг вэрсію пра крызіс у арганізацыі, вынікам якога нібыта стала адстаўка Тацяны Процькі. Алег Гулак заявіў, што ранейшы курс БХК будзе захаваны, але ня выключыў некаторых карэкціровак:

“Наш агульны падыход такі, што ня трэба нешта мяняць радыкальна. Галоўныя накірункі застаюцца: гэта маніторынгі, прававая дапамога, аналітыка. Так, зьмяняюцца ўмовы, і мы карэктуем нашу працу. Трэба больш рабіць маніторынгаў, вывучаць праблемы, каб ня толькі крытыкаваць, а і прапаноўваць, як зрабіць лепш”.

Старшыня БХК нагадаў, што з 2000 году арганізацыя займаецца назіраньнем за выбарамі і плянуе назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў верасьні 2008 году.

Экс-старшыня БХК Тацяна Процька назвала галоўнай прычынай сваёй адстаўкі патрэбу зьмяніць пакаленьне кіраўнікоў:

“Павінны маладыя прыходзіць да кіраўніцтва грамадзкімі арганізацыямі. У іх за плячыма няма паразаў, у іх ёсьць надзеі. Я сама прыняла рашэньне ня быць кіраўніком арганізацыі. Я не сыходжу, застаюся ў арганізацыі, буду працаваць на карысьць агульнай справы, але ў кіраўніцтве я ня буду”.

Сход прадстаўнікоў БХК праходзіў у двары дома Тацяны Процькі, які знаходзіцца пад Менскам. Напярэдадні праваабаронцы спрабавалі арандаваць для сходу памяшканьне ў горадзе, зьвярталіся на пяць адрасоў, але паўсюль ім адмовілі. Давялося зьбірацца ў Тацяны Процькі, каб потым “аддзячыць” яе адстаўкай. Але гаспадыня кажа, што не крыўдуе:

“Калі ня будзе ленавацца, то ўсё будзе выдатна. Ён падрыхтаваны і тэарэтычна, і практычна. Ён абаяльны, у яго ёсьць якасьці, патрэбныя для працы з людзьмі”.

Намесьніцай старшыні БХК абраная Тацяна Гацура.

Цягам апошніх трох гадоў вядучая праваабарончая арганізацыя краіны — Беларускі Хэльсынскі камітэт — перажывала няпросты пэрыяд у адносінах з уладамі. З-за абвінавачаньняў у нясплаце падаткаў быў закрыты рахунак арганізацыі, справа даходзіла нават да крымінальнага перасьледу яе кіраўнікоў. Толькі сёлета на пачатку году прэтэнзіі да БХК былі зьнятыя, што станоўча ацанілі прадстаўнікі Эўразьвязу і ЗША.

XS
SM
MD
LG