Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя заявіла пра свой роспуск у зьвязку з банкруцтвам. Беларускі Хэльсынскі камітэт — таксама сябра Міжнароднай Хэльсынскай Фэдэрацыі. Як банкруцтва адаб’ецца на працы БХК?


Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак нагадвае, што БХК з 1997 году зьяўляецца сябрам Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі. Пры гэтым Беларускі Хэльсынскі камітэт – самастойная нацыянальная арганізацыя, якая супрацоўнічае з нацыянальнымі Хэльсынскімі камітэтамі 46 краінаў сьвету.

“Вядома, гэта вельмі непрыемна для нас. У фэдэрацыі ёсьць праблема, там здарылася злачынства. З гэтым злачынствам разьбіраюцца кампэтэнтныя органы. БХК, як і іншыя нацыянальныя Хэльсынскія камітэты, працягвае працу, бо банкруцтва фэдэрацыі нас непасрэдна ня тычыцца.

Фэдэрацыя вельмі дапамагла нам падчас жорсткіх рэпрэсій адносна нашай арганізацыі. Мы атрымалі вялікую міжнародную дапамогу, якая была арганізавана дзякуючы Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі”, – заявіў спадар Гулак.
Зьміцер Маркушэўскі і Алег Гулак

Паводле каардынатара міжнародных праграмаў БХК Зьмітра Маркушэўскага, усе нацыянальныя Хэльсынскія камітэты пацьвердзілі, што Хэльсынскі рух будзе жыць. Па даручэньні Генэральнай асамблеі Хэльсынскай фэдэрацыі спадар Маркушэўскі возьме ўдзел у выпрацоўцы новай структуры супольнай дзейнасьці.

“Ці будзе гэта ў выглядзе фэдэрацыі, ці канфэдэрацыі, ці нейкім іншым аб’яднаньнем, ці рухам, — гэта мы ўбачым. І, хутчэй за ўсё, на пачатку наступнага году”.

Алег Гулак адзначае, што ў БХК застаюцца праблемы з падаткамі, якія аб’яднаньне дагэтуль ня можа вырашыць. Ён лічыць патрабаваньні беларускіх дзяржаўных органаў незаконнымі.

“Цягам трох гадоў заблякаваны нашы банкаўскія рахункі. Мы ня маем магчымасьці нармальна працаваць, атрымліваць міжнародную дапамогу. У нас канфіскавалі маёмасьць. Усе нашыя спробы вырашыць пытаньні прававымі сродкамі не далі плёну, і да сёньня захоўваецца прававы нонсэнс.

Існуе рашэньне прэзыдыюму Вышэйшага гаспадарчага суду, што БХК павінен сплаціць падаткі. І існуе таксама пастанова сьледчага, які спыніў крымінальную справу, узбуджаную па гэтым факце. І спыніў менавіта таму, што БХК, на думку сьледчага, не павінен быў плаціць гэтыя падаткі. У сваёй пастанове сьледчы напісаў, што высновы, да якіх прыйшоў Вышэйшы гаспадарчы суд падчас расьсьледаваньня, не знайшлі пацьверджаньня.

На жаль, ніхто з кампэтэнтных органаў, я маю на ўвазе і старшыню Вышэйшага гаспадарчага суду, і генэральнага пракурора краіны, да якіх мы зьвярталіся, не зрабілі захадаў дзеля таго, каб было нейкае прававое рашэньне. І прававы нонсэнс захоўваецца”.
XS
SM
MD
LG