Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горадня: у польскім консульстве пачалі выдаваць “Карты паляка”


Першымі атрымалі “Карты паляка” былыя жаўнеры Арміі Краёвай і тыя, каго ў даваенныя й пасьляваенныя гады савецкія ўлады саслалі ў Сібір.


Кіраўніца не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс сказала, што дзень для гэтага быў абраны таксама невыпадкова: сёньня адзначаецца Дзень Палёніі й палякаў у замежжы.

Борыс: “Першыя карты будуць сёньня выдавацца жаўнерам Арміі Краёвай, а таксама тым, хто быў сасланы савецкімі ўладамі ў Сыбір, старэйшым людзям. І я ня бачу для гэтага перашкодаў”.

Сёньня ж у Горадні з нагоды сьвятаў Дня Палоніі й палякаў у замежжы адбудзецца канцэрт польскага гурта “Лёмбард”, які вельмі добра вядомы гарадзенцам з 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
Сытуацыя ў Горадні такая, што нікому не даюць арганізаваць імпрэзы, нават консульству

Гурт “Лёмбард” удзельнічаў у агітацыйнай кампаніі Качынскіх. Ягоныя выступы заўсёды суправаджаюцца відэастужкай, зьвязанай з падзеямі “Салідарнасьці”. Такія канцэрты ўжо адбыліся ў Мадрыдзе, Лос-Анджэлесе, Чыкага.

Актывіст не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Ігар Банцар распавядае, што яны дамагаліся, каб канцэрт адбыўся ў самай вялікай гарадзенскай залі, але ўлады ім у гэтым адмовілі. Таму канцэрт адбудзецца наўпрост у двары, дзе месьціцца Генэральнае консульства РП у Горадні.

Банцар: “Апошнім часам сытуацыя ў Горадні такая, што нікому не даюць арганізаваць імпрэзы, нават консульству. Таму даводзіцца змагацца ў такіх умовах, як ёсьць”.

Аднак арганізатары ўсё яшчэ ня маюць пэўнасьці, ці не забароняць улады канцэрт у апошні момант.

Борыс: “Ня буду нічога заранёў казаць...”

Назаўтра, са слоў Анжалікі Борыс, таксама заплянаваны шэраг сьвяточных мерапрыемстваў з нагоды Дня Канстытуцыі ў Польшчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG