Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 9 красавіка 2008 году


Напрыканцы сакавіка беларускія грамадзяне польскага паходжаньня пачалі падаваць дакумэнты ў консульствы і амбасаду Польшчы на атрыманьне “Карты паляка” — дакумэнта, які дае ягонаму ўладальніку некаторыя льготы на тэрыторыі суседняй дзяржавы (размова найперш пра атрыманьне доўгатэрміновай уязной візы, працаўладкаваньне і навучаньне). Гэтае рашэньне Варшавы выклікала пратэсты з боку афіцыйнага Менску і абвастрыла і так напружаныя дачыненьні паміж дзьвюма краінамі.

На тэму ўвядзеньня “Карты паляка” выказваюцца ў сваіх лістах на “Свабоду” і некаторыя нашы слухачы. Вось што піша, для прыкладу, Алесь Станкевіч з Горадні:

“Што кепскага ў тым, калі некалькі сот тысяч грамадзянаў Беларусі атрымаюць гэтую карту, якая дасьць ім невялікія прывілеі? Гэтая карта ўводзіцца цяпер ня толькі для Беларусі — для грамадзянаў усіх 15 былых савецкіх рэспублік. Дарэчы, расейскае кіраўніцтва прыняло закон аб прыёме і ўладкаваньні ў Расеі на льготных умовах усіх этнічных расейцаў, якія пажадаюць вярнуцца з былых рэспублік СССР. Пры гэтым колькі тысяч беларусаў працуюць сёньня нелегальна ў Расеі, у цяжкіх умовах будуюць Маскву і Піцер? Сотні іх там ужо загінулі.

Калі частка беларускіх палякаў і беларусаў легальна ўладкуецца на часовую працу ў Польшчы, дык гэта толькі зьменшыць беспрацоўе, якое ў Беларусі цяпер рэальна складае каля 15 працэнтаў (а не паўтара, як хлусіць афіцыйная статыстыка), — піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Станкевіч з Горадні. — А колькі ў нас мяшаных шлюбаў? Дзеці ў такіх сем’ях таксама змогуць атрымаць “Карту паляка”. Усяго ўладальнікамі “Карты паляка” могуць стаць недзе паўмільёна чалавек, але ж гэта ўсяго 5 працэнтаў ад насельнікаў Рэспублікі Беларусь.

Ці супярэчыць гэта міжнароднаму праву, як сьцьвярджае беларуская ўлада? Мяркую, што польскі Сэйм гэтае пытаньне дасканала вывучыў, перш чым прымаць закон. Наколькі вядома, такія ж законы прынялі і іншыя дзяржавы.

Няхай і Лукашэнка ўвядзе “Карту беларуса” — што яму перашкаджае? Але ж гэта запатрабуе дадатковых фінансавых выдаткаў, а ў нас і без таго патрэбна шмат грошай на льготы чыноўнікам ды сілавікам”, —

— гэтак лічыць Алесь Станкевіч з Горадні.

Паводле падлікаў афіцыйнай Варшавы, на “Карту паляка” ў Беларусі змогуць разьлічваць каля 250 тысяч беларускіх грамадзянаў польскага паходжаньня. Ажыятажу вакол гэтай працэдуры пакуль што няма: за першы тыдзень дакумэнты на атрыманьне карты ў польскую амбасаду ў Менску падалі каля трыццаці чалавек. Беларускія ўлады заяўляюць, што “Карта паляка” можа выклікаць напружаньне ў грамадзтве, стварыць недавер паміж беларусамі і палякамі. Варта нагадаць, што практыка дапамогі суайчыньнікам за мяжой — шырока распаўсюджаная ў сьвеце. Шмат якія краіны (напрыклад, Нямеччына, Ізраіль, Вугоршчына) нават выдаткоўваюць вялікія сродкі зь дзяржаўных бюджэтаў дзеля таго, каб вярнуць і ўладкаваць сваіх суайчыньнікаў на гістарычнай радзіме. Вядома, гэта выклікае супярэчлівую рэакцыю ў тых краінах, зь якіх зьяжджаюць этнічныя немцы, габрэі і вугорцы. Хоць для ўсіх відавочна: дзяржава, якая хоча стрымаць эміграцыю, найперш павінна стварыць уласным грамадзянам умовы ня горшыя, чым у суседзяў.

Фрагмэнт зь ліста Паўла Іваненкі зь Менску — пра пэнсіянэрскае жыцьцё і стаўленьне ўлады да людзей сталага узросту. Слухач піша:

“Наш Аляксандар Рыгоравіч расьпесьціў нас, старых: на моцных сваіх руках носіць, нібы малых. Усе суседзі зайздросьцяць, калі бачаць наш беларускі цуд.

Мы ўдзячныя нашаму прэзыдэнту за тое, што стварыў для нас цудатворную краіну, у якой перамагае рынкавы сацыялізм. Вядома, ня ўсё задуманае ажыцьцёўлена. Калі б у свой час удалося адабраць у Ельцына шапку Манамаха, жыцьцё было б яшчэ больш заможным: нафта і газ былі б зусім танныя. І весялей нам было б езьдзіць па сьвятах на грандыёзную Лінію Сталіна.

Асабліва далі нам пітва ўсялякіх гатункаў — ад свайго “чарніла” да розных імпартных каньякоў ды вінаў. Паспрабуй зрабі выбар, калі вочы разьбягаюцца. Праўда, часьцяком на гэтыя напоі грошай не хапае. Таму чакаем пэнсіі, як ад Бога падарунка. А перад выбарамі асабліва: бо ў такі час бывае прывабная дабаўка.

Апошнім часам апазыцыянэры ды розныя “вашывыя блохі”, як трапна, па-мужыцку назваў іх прэзыдэнт, актывізаваліся. Поўзаюць паўсюль па замежжы. Нават да Буша дапаўзьлі, скаргу падалі. І так бясконца: кусаюць ды грызуць прэзыдэнта. І ў атачэньні Аляксандра Рыгоравіча ня ўсё добра. Вунь як растуць жываты ў “сілавікоў”. Шкада нам нашага Аляксандра Рыгоравіча”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Іваненка зь Менску.

У хуткім часе ў Беларусі адбудуцца чарговыя буйныя вайсковыя манэўры — так што пузатым генэралам ды палкоўнікам давядзецца пабегаць: можа, і пазбавяцца лішняй вагі. А зрэшты, ня надта затрымліваюцца ў войску старэйшыя афіцэры. Шмат хто ў сорак пяць год — ужо на пэнсіі. Беларускае заканадаўства такое дазваляе. Гэта ля такарнага станка ды за рулём трактара трэба працаваць да шасьцідзесяці гадоў. А людзі ў пагонах у Беларусі на асаблівым рахунку.

Аўтар наступнага ліста — Барыс Руцько зь Менску — зьвяртае ўвагу на беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт. У прыватнасьці, на нядаўні сюжэт дзяржаўнага тэлебачаньня, аўтары якога са спасылкай на спэцслужбы сьцьвярджалі, што амэрыканскія дыпляматы ў Менску займаліся шпіёнскай дзейнасьцю. Спадар Руцько піша:

“Апошнія падзеі вакол амэрыканскай амбасады, і асабліва арышт спэцагентаў, сьведчаць пра тое, што дыпляматы ЗША ў Менску, набіраючы людзей у тыя ці іншыя закрытыя структуры, самі сябе падстаўляюць. Бо мы бачым, што неўзабаве гэтыя структуры выкрываюць. А чаму? Калі б у іх не было агентаў беларускіх спэцслужбаў, дык ніхто нічога ня ведаў бы. Кепска працуюць амэрыканскія дыпляматы ў Беларусі. Тых, хто Амэрыцы адданы на ўсе сто — яны да сябе не падпускаюць. А іншых — невядомых і правакатараў — набліжаюць і давяраюцца ім. Чым усё гэта канчаецца, цяпер усе бачаць.

Сёньня ў Беларусі нельга цалкам давяраць нікому. Хацеў бы пажадаць дыпляматам амбасады ЗША захоўваць кансьпірацыю і пільнасьць. Перш чым з кім-небудзь кантактаваць, даведайцеся пра яго канкрэтныя справы. Няхай ён зробіць тое, чаго ня зробіць ніводзін агент спэцслужбаў. Бо і для іх існуюць пэўныя абмежаваньні. Ад працы службы бясьпекі амбасады залежыць, у якіх умовах працуюць дыпляматы. А тут у амэрыканскай амбасадзе ня ўсё ў парадку”, —

— гэтак лічыць Барыс Руцько зь Менску.

Гісторыя з так званымі “шпіёнамі”, спадар Руцько, досыць цьмяная. Нагадаю, што часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур заявіў, што амбасада ня мае шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. А названыя ў сюжэце беларускага тэлебачаньня супрацоўнікі амбасады Курт Фінлі і Бэрнард Ніксан адказваюць за ахову амбасады і кантактавалі ў гэтай справе зь мясцовай міліцыяй і Міністэрствам унутраных справаў. Мець такіх супрацоўнікаў у амбасадзе — звычайная практыка. Адметна таксама, што, паводле старшыні КДБ Юрыя Жадобіна, затрыманых у гэтай справе няма, а КДБ вядзе размову толькі пра нейкую “прафіляктычную працу”.

Што да вашых ацэнак працы амэрыканскай амбасады, то наўрад ці вы можаце даваць іх, ня маючы на гэта аб’ектыўнай і поўнай інфармацыі.

На заканчэньне — допіс ад Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну, у якім слухач распавёў нам пра сваю даўнюю мару: наладзіць разам зь сябрамі і знаёмымі вялікую вандроўку па Дняпры — ад вытокаў да вусьця. У сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай піша:

“Наша вялікая рака Дняпро цячэ, як вядома, па землях трох краінаў. Пачынаецца ў Расеі, перасякае вялікую частку Беларусі, а потым усю Ўкраіну. Даўжыня ракі — недзе каля 2500 кілямэтраў. Дык вось, мару ў наступным годзе прайсьці на лодцы ўвесь Дняпро. Пачну з вытокаў — адтуль, дзе расейскі журналіст Пяскоў усталяваў шыльду “Тут пачынаецца Дняпро”. Паплыву праз Воршу, потым будзе Таполевы Гай, купалаўскія Ляўкі, Шклоў, Магілёў, далей — Рэчыца. Цікава паглядзець, дзе Караткевіч пісаў “Каласы пад сярпом тваім”. А якія адметныя мясьціны ва Ўкраіне: Кіева-Пячэрская лаўра, ДнепраГЭС, потым — Чорнае мора... Добра, калі б падключыліся людзі з прытокаў Дняпра — Сожа, Бярэзіны, Прыпяці. Можа атрымацца неблагая акцыя. У трох гэтых краінах — розны палітычны лад: у Беларусі — аўтарытарызм, ва Украіне будуюць дэмакратыю, а ў Расеі — нешта незразумелае. Калі ўсё ўбачанае зьняць на відэа, можна зрабіць добрую стужку. Паводле маіх разьлікаў, за тры летнія месяцы гэта магчыма зрабіць (праходзячы 30 кілямэтраў за дзень). Экстрыму, уражаньняў хопіць на ўсё астатняе жыцьцё. А назад можна вярнуцца цягніком. У душы кожны чалавек — рамантык”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.

Ня ўпэўнены, спадар Рыбакоў, што варта называць задуманае вамі акцыяй і неяк прывязваць да палітычных рэжымаў у трох усходнеславянскіх краінах, па якіх зьбіраецеся плыць. А вось тое, што цікавая, поўная прыгод вандроўка ў вас і вашых сяброў можа атрымацца — гэта пэўна. Тысячы маладых людзей, захопленых турызмам і краязнаўствам, выпраўляюцца ўлетку такімі маршрутамі, якія самі ж для сябе распрацоўваюць. Посьпехаў у ажыцьцяўленьні вашай мары.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG