Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Савецкім судзе Менску разглядаўся пазоў прадпрыемства Мінгарвыканакаму “Мінскзеленбуд” да заяўнікаў Эўрапейскага маршу, які адбыўся 14 кастрычніка мінулага году.


Прадстаўніцы “Мінскзеленбуду”заявілі, што падчас Эўрапейскага маршу былі “пашкоджаны элемэнты добраўпарадкаваньня”. Гэта адбылося з-за адхіленьня ад дазволенага маршруту. Яны заявілі, што дэманстрантамі
быў “стыхійна патаптаны газон”, зламана адна ліпа ў раёне Сьвіслачы дыямэтрам 12 сантымэтраў і паламаныя хмызьнякі. Паводле “Мінскзеленбуду”, нанесены ўрон у 1 мільён 400 тысяч рублёў. У судзе заслухалі сьведку — начальніка ўчастка Марыю Кунцэвіч. Адносна ліпы яна сказала:

“Я ня ведаю, як гэта атрымалася. Можа, хтосьці кагосьці штурхнуў. Я ня думаю, што наўмысна. Урэшце, можа, там чалавек пяць было. Ня ведаю. Але, калі я прыйшла, яно было зламана. Я ня думаю, што нехта спэцыяльна ламаў, так атрымалася, пэўна: хтосьці кагосьці незнарок штурхнуў”.

Разгляд справы адбываўся без удзелу адказьнікаў — Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Віктара Івашкевіча, Вінцука Вячоркі, Анатоля Лябедзькі, Зьмітра Хведарука і Яўгена Афнагеля. Судзьдзя Муранцова пастанавіла прывесьці іх прымусова на чарговае паседжаньне 25 красавіка.

Зьміцер Хведарук
сказаў:

“Мая маці працуе якраз у “Мінскзеленбудзе” і апавядала, як складаліся гэтыя паперы. Людзі баяліся іх падпісваць. Няма схемаў, дзе быў вытаптаны гэты газон. І сапраўды, у справе адсутнічае ўсялякая матывацыйная частка. То бок гэта проста высмактаныя з пальца паперы і загады проста аштрафаваць людзей на пэўную суму”.

Яўген Афнагель сказаў, што гэтымі пазовамі ўлады хочуць застрашыць заяўнікаў акцый:

“Магчыма, гэта шлях, каб зрабіць невыязнымі гэтых шасьцёх чалавек. І проста банальна папоўніць казну, бо ў краіне эканамічны крызыс і патрэбныя грошы”.

Спадар Афнгаель дадае, што падчас Эўрапейскага маршу наагул знаходзіўся ў турме на вуліцы Акрэсьціна і ніяк ня мог паўплываць на яго правядзеньне.

“Наконт таго, што я ведаю ад удзельнікаў акцыі, такога нічога не было. І падчас любой апазыцыйнай акцыі рэчаў, пра якія гаворыцца ў гэтых пазовах — няма. Бо людзі вядуць сябе прыстойна, ня сьмецяць і захоўваюць парадак. Вінавачаньні, якія выстаўляюцца ў наш адрас, — проста абсурд”.


Учора суд Савецкага раёну Менску задаволіў пазоў прадпрыемства “Гаррэмаўтадар” Мінгарвыканкаму да заяўнікаў Эўрапейскага маршу. Суд абавязаў адказьнікаў выплаціць больш за 2 мільёны рублёў як кампэнсацыю выдаткаў на прыбіраньне вуліцаў. На чарзе яшчэ некалькі аналягічных пазоваў ад гарадзкіх установаў.


XS
SM
MD
LG