Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўлада пайшла на масавыя затрыманьні падчас сьвяткаваньня Дня волі 25 сакавіка? Як гэты хапун паўплывае на адносіны з Захадам? У чым супярэчлівасьць стаўленьня ўладаў да даты 25 сакавіка? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Віталь Сіліцкі і публіцыст Аляксандар Класкоўскі


Цыганкоў: “Як можна ацаніць вынікі Дня Волі? Тое, што ўчынілі ўлады, масавыя затрыманьні – навошта гэта было зроблена, чым гэта было абгрунтавана з іх пункту гледжаньня?”

Восеньская вольніца, той “разгул” вулічнай дэмакратыі – скончылася


Сіліцкі:
“Пасьля таго, як затрымалі Марачкіна, стала зразумела, што нейкі хапун будзе. Наша эўфарыя наконт таго, што мы ўжо 25 сакавіка ад улады “адбілі”, была трошкі заўчаснай. Але цяпер, здаецца, ва ўладзе няма некага адзінага сцэнару, згодна зь якім яна дзейнічае ў такіх сытуацыях. Таму, з аднаго боку, у дзяржаўнай прэсе кажуць станоўчыя рэчы пра БНР, зь іншага – хапун працягваецца, і саджаюць зусім паводле стандартаў 2006 году. Таму, як мне здаецца, няма генэральнай лініі, і кожны ва ўладзе вядзе сваю гульню”.

Цыганкоў: “Восеньню і “Эўрапейскі марш” і “Сацыяльны марш” прайшлі спакойна, і напярэдадні Дня волі многія казалі пра тое. што ўладам цяпер ніяк ня выгадна псаваць адносіны з Захадам “карцінкай” масавых затрыманьняў. Ты ня менш, хапун быў. Чаму?”


Класкоўскі:
“Тая восеньская вольніца, той “разгул” вулічнай дэмакратыі, які ў некаторых спарадзіў эўфарыю, калі чуліся нават меркаваньні, што зьнятая табу з пляцу Каліноўскага – скончылася. Гэта зьвязана найперш з цяперашнім трэндам афіцыйнага Менску ў замежнай палітыцы. Найперш маю на ўвазе канфрантацыю з ЗША – дыпляматычны скандал, шпіёнскі скандал. Карацей, палітычных праціўнікаў вырашана зноў вярнуць у палітычную рэзэрвацыю

Быў момант канкрэтнага палітычнага гандлю з Захадам. Гэты гандаль не атрымаўся – не паразумеліся. У выніку, як заявіў афіцыйны Менск, гэты альгарытм зламаны. Паколькі ўсё адно ў найбліжэйшы час ніякіх палітычных дывідэндаў нельга атрымаць, то ня варта дарэмна выяўляць тут нейкую “дэмакратычнасьць”. Цяпер галоўнае, каб апанэнты рэжыму зразумелі, што ніякіх паслабленьняў ня будзе – уладзе важна захоўваць у краіне атмасфэру страху, напружанасьці, трымаць сытуацыю ў кулаку”.

Цыганкоў: “Віталь, як могуць сёньняшнія затрыманьні ўдзельнікаў акцыі паўплываць на адносіны Беларусі з Захадам?”

"Меркаваньне Захаду іх цяпер ня вельмі хвалюе"

Сіліцкі:
“Безумоўна, гэта такі крок, які беларускія ўлады мусілі разьлічваць, што гэта будзе іміджавая страта на Захадзе. Значыцца, я тут збольшага пагаджуся са спадаром Класкоўскім, што гэта зараз іх ня вельмі турбуе. І пэўна, ня будзе хваляваць, пакуль са сваім курсам ня вызначыцца прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў.

Акрамя таго, гэтая “вольніца”, можа і сама па сабе была прычынай таго, што мы бачылі. Нават калі яны “дазвалялі” нейкі “разгул дэмакратыі”, яны ж ня думалі, што гэта “усур’ёз і надоўга”. Трэба было прыкрыць, і момант для гэтага быў абраны даволі добра”.

Цыганкоў: “Чаму ўлада, з аднаго боку, праводзіць круглыя сталы ў “Советской Белоруссии» пра спадчыну БНР, і зь іншага, зьбівае і затрымлівае ўдзельнікаў сьвяткаваньня і не дае ім прайсьці па вуліцах Менску ды іншых гарадоў? Як патлумачыў гэта “супярэчлівае” стаўленьне? Што ўлада хоча “ўзяць сабе” ад 25 сакавіка, а што пакінуць апазыцыі?”

Класкоўскі: “Сапраўды, ужо летась было заўважана аналітыкамі, што ўлада адаптуе незалежніцкія лёзунгі – цяпер ужо пачынае адаптаваць і гістарычную спадчыну, адпаведныя постаці. Вядома ж, гэта робіцца спакваля і перарабляецца на свой капыл. Па БТ ідзе сюжэт, які пачынаецца кронікай часоў БНР, а ў апошніх кадрах дзейны кіраўнік дзяржавы – і гледачу прапануецца зрабіць выснову, што гэта фактычны і рэальны прадаўжальнік справы беларускай дзяржаўнасьці.

Гістарычныя дзеячы тых часоў – яны для ўлады ўжо бясьпечныя, іх можна пакрысе ўключаць у нацыянальны пантэон. Дойдзе і да князёў ВКЛ як увасабленьне моцнай улады і змаганьня з зьнешнімі ворагамі. І разам з тым вельмі жорстка адсякаюць носьбітаў гэтай ідэйнай спадчыны БНР. Бо гэта рэальныя палітычныя апанэнты, і ім, на думку ўлады, месца толькі ў палітычнай рэзэрвацыі.”
Зьнікае харызма кіраўніка дзяржавы. Тут ужо мусіць быць нейкія больш сур’ёзныя падмуркі дзяржаўнасьці, чым сам Лукашэнка


Сіліцкі: “Паўтаруся, нельга казаць зараз пра адзіную ўладу, а толькі пра нейкія індывідуальныя стратэгіі пэўных прадстаўнікоў. Нават тое, што прагучала пра БТ – ня думаю, што гэта ёсьць нейкай кансалідаванай пазыцыі ўсёй уладай.

Але пэўны ідэалягічны фон сапраўды ствараецца. Тут ёсьць дзьве акалічнасьці. Першае, сыходзіць “савецкае” пакаленьне. Па-другое, зьнікае харызма кіраўніка дзяржавы. Тут ужо мусіць быць нейкія больш сур’ёзныя падмуркі дзяржаўнасьці, чым сам Лукашэнка. І гэта разумее частка эліты. Ім патрэбныя новыя сродкі легітымізацыі – а што яны маюць, калі гэта не “савок” і не Лукашэнка. Вось яны і шукаюць новы рэпэртуар”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG