Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У 2009 годзе газ для Беларусі можа каштаваць 203$”


Агляд незалежнага друку за 31 сакавіка.


Тэма нумару тыднёвіка “БелГазета” – затрыманьні і зьбіцьцё ўдзельнікаў сьвяткаваньня 90-угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама ператрусы ў офісах і на кватэрах незалежных журналістаў. Паведамляе намесьнік рэдактара Віктар Марціновіч:

Выходзіць інтэрвію з Андрэем Лянкевічам, які распавядае пра тое, што зь ім здарылася. Таксама інтэрвію зь Міколам Статкевічам, якому мы задаём пытаньні, чаму не было абвешчанае дадатковае месца збору, чаму ў шэрагах мітынгоўцаў была лёгкая паніка. У якасьці запрошанага экспэрта ў нас выказваецца Райнэр Лінднэр – нямецкі палітоляг. Ён адказвае на пытаньне, ці падрыхтаваны Эўразьвяз да таго, каб далучыцца да санкцыяў ЗША. У кантэксьце тых падзеяў, якія адбываліся ўвесь тыдзень у Беларусі і на вуліцах, і з журналістамі. У тым ліку тымі, якія зьяўляюцца прадстаўнікамі мэдыяў, што фінансуюцца з Эўропы”.

Яшчэ адна тэма ў сёньняшнім нумары выданьня – гатовасьць расейскага “Газпрому” падвысіць кошт газу для Беларусі. “Каб гэтага не адбылося ў Беларусі застаецца два шляхі: увайсьці ў канфэдэрацыю з Расеяй альбо разьмясьціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю” -- паведамляе “БелГазета”.

Тэма падвышэньня кошту расейскага газу для Беларусі – адна з асноўных і ў сёньняшнім нумары газэты “Беларусы і Рынак”. Гаворыць журналістка Тацьцяна Манёнак:

На 1 студзеня 2009 года кошт газу для Беларусі можа дасягнуць 203 даляраў. Гэта паводле папярэдніх падлікаў. Беларускі бок гэтага не чакаў і з гэтай сытуацыі цяжка будзе выйсьці. Больш таго, яны называюць такое становішча катастрафічным. Расейскія дэпутаты кажуць, што выйсьце для Беларусі ёсьць – гэта інтэграцыя. Гэта дасьць магчымасьць супрацоўнічаць у ваеннай сфэры, разьмясьціць тут ядзерную зброю і гэтак далей. Гэткім чынам, газ ізноў стаў разьменнай манэтай у палітычным гандлі паміж Беларусьсю і Расеяй”.

“Беларусы і Рынак” таксама шукае адказу на пытаньне, чаму дзеяньні ўлады былі найбольш жорсткімі менавіта ў дзень сьвяткаваньня 90-угодкаў БНР. А таксама якую мэту мела гісторыя з ператрусамі ў офісах і кватэрах незалежных журналістаў. Сваімі меркаваньнямі на гэтую тэму дзеляцца удзельнікі падзей, палітыкі, палітолягі, праваабаронцы.

Незалежнае выданьне “Ганцавіцкі час” паведамляе пра вынікі дасьледаваньня на тэму -- якія прадукты харчаваньня і ў якой колькасьці можна правозіць праз мяжу. З гэткім пытаньнем у газэту зьвярнуўся мясцовы жыхар, у якога памежнікі сканфіскавалі паўтара кіляграмы сасісак, паведамляе рэдактар выданьня Пятро Гузаеўскі:

“Я пачаў тэлефанаваць, пачынаючы з памежнага камітэту. Там мяне пераадрасоўвалі да тае пары, пакуль мне гэта не надакучыла. Тады я патэлефанаваў на берасьцейскую мытню і там мне паведамілі, што няма такой забароны. Да пяці кіляграмаў харчовых прадуктаў можна правозіць. А гэта нейкая самаўпраўства. Дык гэты чалавек сказаў, што калі наступны раз паедзе, то абавязкова напіша мытнікам скаргу”.


XS
SM
MD
LG