Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ - па дапамогу сьвятароў


Агляд некаторых публікацый у недзяржаўным друку


У сёньняшняй “Комсомольской правде в Белоруссии” – гісторыя сям’і мінчан, якіх гвалтам перасялілі ў іншы раён. На новым месцы іх дзіця адмаўляюцца залічыць у школу раней чым скончыцца чвэрць.

У Гомелі, паведамляе газэта, па-новаму падышлі да траўматызму на дарогах. ДАІ запрасілі сьвятароў асьвяціць асабліва небясьпечныя перакрыжаваньні гораду. Мяркуецца, што гэта зьменіць энэргетыку “нядобрых” месцаў і прадухіліць новыя аварыі.

На гэтым тыдні мы дазнаемся, ці адменяць 12-гадовую сыстэму школьнай адукацыі. Днямі гэтаму пытаньню будзе прысьвечана нарада ў адміністрацыі прэзыдэнта. Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў лічыць, што 12-гадовая сыстэма “выключае моладзь з прадуктыўнага жыцьця”, - паведамляе “Комсомольская правда в Белоруссии”

“Газета Слонимская” прысьвячае шэраг матэрыялаў стасункам насельніцтва і камунальных службаў краіны. У артыкуле “Калі адключаюць сьвятло” – гісторыя жыхара Слоніму, які запазычыў дзяржаве 6 тысячаў беларускіх рублёў платы за электрычнасьць. Паабяцаў кантралёру заплаціць на наступны ж дзень і заплаціў. Але сьвятло адлучылі хутчэй.

“Нагрэлі на мільён” – у матэрыяле пад гэтай назвай “Газета Слонимская” апавядае пра тыповую сёлета сытуацыю з ацяпленьнем на тле даволі цёплай зімы. Распавядае журналіст Віктар Качан:

“Уладальніца вясельнага салёну “Прынцэса” за ацяпленьне 35 кв. мэтраў памяшканьня і 8 кв. мэтраў калідора за студзень мусіць заплаціць 1 мільён 4 тысячы рублёў. Атрымліваецца, - кажа ўладальніца салёну Галіна, - што цэлы месяц я працавала на адно толькі цяпло, якое пры гэтым было залішнім. Уявіце сабе: прыходзіш на працу, а там 32 цяпла. Працаваць папросту немагчыма. Я тэлефанавала, тлумачыла, правіла, каб нешта зьмяніла. Яны прыйшлі, паглядзелі і сказалі, што зрабіць нічога ня могуць”.

“Бобруйский курьер” крытыкуе арганізацыю Масьленіцы ў гарадзкім парку. Шмат якія з атракцыёнаў не працавалі, на астатнія выстраіліся вялікія чэргі. Апроч як пад’есьці і выпіць, рабіць было няма чаго. Але й тут наведнікаў сьвята чакала неспадзяванка. На звыклым месцы не аказалася прыбіральні. Таму сьвяточны настрой, - падводзіць вынік газэта, меў нядобры пах.

Жыхары аднаго з бабруйскіх дамоў знайшлі падземны ход, якому амаль 200 год. Замест таго, каб скарыстацца знаходкай з навуковымі мэтамі, гарадзкія ўлады ход засыпалі. Маўляў, выкарыстаньне яго небясьпечнае.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG