Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Усясьветны дзень барацьбы з сухотамі


Штогод у сьвеце ад сухотаў памірае 3 мільёны чалавек. Лічыцца, што адна траціна насельніцтва Зямлі інфікаваная палачкай Коха.


У Беларусі на ўліку стаіць больш за 13 тысяч хворых на сухоты. Сёньня ў краіне пачынаецца інфармацыйная кампанія “Я магу спыніць тубэркулёз”.

У 2007 годзе ў Беларусі выяўленыя 4872 новыя выпадкі захворваньня на сухоты, што складае 54 хворых на 100 тысяч насельніцтва. Паказчык сьмяротнасьці – 9,3 выпадкі на 100 тысяч. Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць на такую лічбу: 2% захварэўшых на сухоты – мэдычныя работнікі, – кажа кіраўнік сумеснага праекту Міністэрства аховы здароўя і ПРААН па барацьбе з сухотамі Ларыса Савішчава.

“На жаль, гэта мэдычныя работнікі, пэўную частку складаюць ВІЧ-інфікаваныя (да таго ж, большая частка інфікаваных памірае менавіта ад сухотаў), гэта беспрацоўныя, людзі, якія вызваленыя з папраўчых ўстановаў і людзі, якія пакутуюць на хранічны алькагалізм”.

Летась у Беларусі была прынятая другая Дзяржпраграма па барацьбе з сухотамі на 5 гадоў, на якую дзяржава выдаткоўвае 26 мільёнаў даляраў. І Глябальны Фонд па барацьбе са СНІДам, тубэркулёзам і малярыей дадаткова вырашыў выдаткаваць Беларусі грант на суму 14,4 мільёны даляраў. Такім чынам, усяго на пераадоленьне небясьпечнай хваробы цягам пяці гадоў пойдзе больш за 40 мільёнаў даляраў. Атрымальнікі дапамогі – хворыя на сухоты, зьняволеныя, хворыя на СНІД, прадстаўнікі найменш абароненых слаёў насельніцтва. Сродкі будуць выкарыстаныя на закупку сучаснага дыягнастычнага абсталяваньня, эфэктыўныя якасныя лекі, навучаньня пэрсаналу, маніторынг і стварэньне Нацыянальнага рэгістру “Тубэркулёз”. Ужо ў бліжэйшыя два гады больш як 7,5 тысячы хворых пройдуць лячэньне сучаснымі супрацьтубэркулёзнымі прэпаратамі.

Вельмі трывожная сытуацыя ў папраўчых установах краіны. Распавядае лекар Рэспубліканскага турэмнага шпіталю, кіраўнік праекту па пэнітэнцыярнай сыстэме Алег Дубовік:

“У 2007 годзе захворвальнасьць на сухоты ў крымінальна-папраўчай сыстэме склала 375,7 чалавек на 100 тысяч. Гэта амаль ў 8 разоў вышэй чым па сыстэме аховы здароўя. Ёсьць асобы, хвароба ў якіх выяўляецца пры паступленьні ў СІЗА, то бок у іх сухоты, прынесеныя са свабоды. Сухоты выяўляюцца таксама і ў асобаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі. Летась у саміх папраўчых установах выяўлена 262 чалавекі, хворыя на сухоты”.

Таму істотная частка сродкаў і дапамогі пойдзе ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, на паляпшэньне сытуацыі ў турмах.

За апошнія гады ў Беларусі на дзьве траціны абноўлены парк флюараграфічных апаратаў, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-дасьледчага інстытута пульманалёгіі і фізіятрыі Генадзь Гурэвіч. Састарэлая плёначная тэхніка замяняецца на сучасныя лічбавыя флюарографы беларускай вытворчасьці. Іх перавага ў тым, што доза апраменьваньня на парадак ніжэйшая, чым давалі старыя ўстаноўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG