Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мы працягваем сэрыю інтэрвію з грамадзкім рэдактарам тыдня – колішнім уладальнікам прыватнага таксапарку з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам.

Аўтуховіч быў арыштаваны 14 кастрычніка 2005 году і прысуджаны да 3,5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачваньні нібыта ў нявыплаце падаткаў. У мінулую пятніцу яго тэрмінова вызвалілі – замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства. Сёньня Мікалай Аўтуховіч расказвае, як можна захаваць у калёніі здароўе.
Уліцёнак: “Што рабілася ў “адзінцы” (калёнія №1 па сталічнай вуліцы Кальварыйскай) з гледзішча захаваньня здароўя вязьняў?”
Аўтуховіч: “Наша “кантора” крыху прывілеяваная. У тым сэнсе, што зусім побач Рэспубліканскі шпіталь для зьняволеных. Калі трымаў галадоўку, то ляжаў там – у новым корпусе, паверце, зроблена ўсё, як кажуць, зь іголачкі. А вось у “родным” ізалятары ўжо ня вылечысься. Быў там зімой з гаймарытам. Дык у палаце пастаянная тэмпэратура ўсяго трынаццаць градусаў. Аднак раніцай ад сырасьці са столі капае вада – няма вэнтыляцыі. А на двары мінус дваццаць, паспрабуй праветрыць… Дзе тут будзеш здаровы?
У леташнія халады ў нас шмат людзей хварэла на нейкую інфэкцыю. У атрадах ляжала па 30-40 чалавек з сотні. Заражаліся адзін ад аднаго, бо на ўвесь ізалятар усяго 8 ці 10 ложкаў.
А што ў атрадных памяшканьнях робіцца? Надыхае за ноч тая сотня, што зранку ня ведаеш, дзе адшукаць глыток сьвежага паветра. Столь таксама мокрая, вада цячэ па падаконьніках, у кутах павылазіла ўмомант сырасьць. Улетку рабілі рамонт, аднак калі я зараз зьяжджаў, то вугал самога будынку ўжо ўвесь шэры.
Карацей, умоў для захаваньня здароўя няма”.
Уліцёнак: “Звычайна тыя, хто вяртаюцца са зьняволеньня, кажуць – шмат народу пакутуе на сухоты…”
Аўтуховіч: “Я ведаю асабіста выпадкаў восем такіх захворваньняў. Што да іншых лякальных зонаў, дык адтуль інфармацыі ня маю”.
Уліцёнак: “Ну а вось тыя восем, што захварэлі: вас ізалявалі ад іх, была магчымасьць засьцерагчыся?”
Аўтуховіч: “А мы ня ведалі, што яны хварэлі. Бо абсьледаваньне праходзяць раз на паўгады. Так што сухоты выяўляліся нечакана: раз – і чалавека ўжо павезьлі.
Не аднойчы бачыў людзей, якія сядзелі побач, нібыта ўсё нармалёва. І раптам ён пачынае ні з таго, ні з сяго крычаць – як кажуць на зоне, “дах” паехаў. І яго, як тых сухотнікаў, – у кайданкі ды павялі…”
Уліцёнак: “Чаму тое адбываецца?”
Аўтуховіч: “Нехта з турэмнага кіраўніцтва пісаў нядаўна: тры гады яшчэ сядзець можна. А далей, хто за кратамі шэсьць гадоў, пачынаецца дэградацыя асобы. Зноў жа чыноўнікі давалі нядаўна інтэрвію: сярэдні тэрмін адсідкі ў Беларусі восем гадоў, дык можна сказаць, што чалавек у зьняволеньні проста губляецца.
Я бачыў перад адходам чалавека, які пасьля дзесяці гадоў выпраўляўся на “хімію”, дык ён казаў: “Мікола, ня ведаю што рабіць на той свабодзе, чым займацца, на чорта яна мне?!”
Бачыце, баіцца волі! Але хіба можа здаровы чалавек з нармальным розумам выходзіць на свабоду?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG