Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90-я ўгодкі БНР адзначаць у розных краінах


Вільня – Варшава – Прага – Нью-Ёрк


22 сакавіка перад будынкам штаб кватэры Аб’яднаных Нацыяў у Нью Ёрку пройдзе мітынг, прысьвечаны 90 м угодкам БНР. Ён ладзіцца Нью Ёрскім аддзелам БАЗА. Акцыю плянуецца прадоўжыць перад місіяй Рэспублікі Беларусь пры ААН.

25 сакавіка ў Варшаве адбудзецца маніфэстацыя салідарнасьці зь Беларусьсю. Сябра аб’яднаньня “Вольная Беларусь” Сяргей Марчык апавёў:

“А 18-й мы разам зьбярэмся каля ўнівэрсытэцкіх брамаў Варшаўскага ўнівэрсытэту. І пойдзем шэсьцем да будынку Сэйму, дзе польскім дэпутатам будзе перададзена пэтыцыя адносна палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Плянуецца, што пэтыцыя будзе ўручана Андрэю Галіцкаму, які займаецца беларускім пытаньнем у польскім Сэйме. Мы спадзяемся, што будзе прыняты адмысловы зварот польскіх дэпутатаў да беларускага ўраду з патрабаваньнем прыпыніць перасьлед актывістаў паводле палітычных матываў”.

У Празе пад патранатам міністра замежных справаў Чэхіі адбудзецца сустрэча, на якой выступяць старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і іншыя вядомыя асобы.

У літоўскім парлямэнце 26 сакавіка таксама адзначаць 90-я ўгодкі БНР. Плянуецца, што ў сьвяткаваньні возьмуць удзел прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, а таксама вядомыя гісторыкі, палітыкі і грамадзкія дзеячы. Арганізатар гэтай імпрэзы, старшыня падкамітэту па палітыцы эўрапейскага суседзтва Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Эмануэліс Зінгерыс сказаў, што ўшанаваньне ўгодкаў БНР пройдзе ў галоўнай залі канстытуцыі літоўскага Сэйму:

“Мы робім у парлямэнце афіцыйны дзень памяці, 90 год незалежнасьці беларускага народу, беларускай дзяржавы. Пад бел-чырвона-белымі колерамі беларускай незалежнасьці 1918 году. Мы думаем надаць гэтаму афіцыйны і прыгожы выгляд, каб гэта было годна. Мы поўнасьцю падтрымліваем імкненьне беларускага народу да эўрапейскай інтэграцыі і незалежнасьці”.

У Вільні ж адбудзецца ўскладаньне кветак да помніку стваральнікам БНР, а таксама ўрачысты сход і сьвяточны канцэрт. Яго ўдзельнікі пройдуць шэсьцем да царквы сьвятой Тройцы, дзе адбудзецца малітва за Беларусь.

Гаворачы пра сьвяткаваньне угодкаў БНР за мяжой, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

“Наагул, традыцыйна наша дыяспара 25 сакавіка ладзіла сьвяткаваньне. Але сёлета, калі мы адзначаем 90-годзьдзе нашай новай незалежнай дзяржаўнасьці, то пасьля “Беларускага тыдня” ў Эўрапейскім парлямэнце і на ўрадавым роўні, і на парлямэнцкім роўні многіх краінаў была ня проста на словах выказаная падтрымка, але і шляхам пэўных сымбалічных акцый. У першую чаргу ў краінах — нашых суседзях, але й ня толькі, таксама ў скандынаўскіх краінах.

Я думаю, што ніводнае замежнае мерапрыемства сваёй масавасьцю не перасягне тых падзеяў, якія адбываюцца тут у нас у Беларусі, але добра, што геаграфія шырокая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG