Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм Юрыя Хашчавацкага ў гонар стваральнікаў БНР


У сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску адбылася творчая сустрэча моладзі зь вядомым рэжысэрам Юрыем Хашчавацкім. Імпрэза была прысьвечаная гадавіне стварэньня дакумэнтальнага фільма “Плошча”, а таксама 90-угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі.


Распачынаючы імпрэзу Юры Хашчавацкі паведаміў, што гадавіну стварэньня фільма “Плошча”, прысьвечанага падзеям вясны 2006 году ў Менску, ён адзначыў завяршэньнем працы над новай дакумэнтальнай стужкай. “Дзень Волі” прысьвечаны 90-годзьдзю БНР і быў прэзэнтаваны падчас тыдня Беларусі ў Эўразьвязе. Беларускія гледачы яшчэ толькі пачынаюць зь ім знаёміцца, кажа ён:

“Мне хацелася б, каб гэты фільм распаўсюджваўся яшчэ больш, чым фільм “Плошча”. Бо ён абапіраецца на факты, якія адбываліся ў гісторыі. Мне хацелася б, каб яго людзі глядзелі вельмі ўважліва. Бо гэта гісторыя, якую ўсе мы павінныя ведаць”.

Мне хацелася б, каб гэты фільм распаўсюджваўся яшчэ больш, чым фільм “Плошча"
Паслухаць і задаць пытаньні вядомаму рэжысэру прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек – перадусім моладзі, а таксама людзі старэйшыя. Вось што яны казалі пра свае ўражаньні ад сустрэчы:

Юнак: “Тое, што Юры Хашчавацкі зараз выступае перад моладзьдзю, гэта вельмі слушна. Тое, што тут зараз няма ніводнага вольнага месца, кажа пра тое, што ён запатрабаваны. Гэта таксама азначае, што дзяржава ня мае рацыі, калі выштурхоўвае Юрыя Хашчавацкага з усіх дзяржаўных кінафэстаў”.

Сустрэча моладзі зь Юрыем Хашчавацкім у сядзібе палітычнай партыі – не адзіная імпрэза, прысьвечаная юбілею БНР, кажа намесьнік старшыні Ігар Шынкарык.

“Запрошаны на сустрэчу Ўладзімер Арлоў, каб распавесьці пра 25 сакавіка, пра гісторыю БНР”.

Адным з удзельнікаў імпрэзы быў таксама лідэр руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“Юры Хашчавацкі і мы, людзі сярэдняга веку, на сваім прыкладзе кажам моладзі: беражыце краіну. Прадпрымальнікі адчуваюць падтрымку моладзі, мы плячо да пляча стаім на ўсіх акцыях. Тое ж будзе і 25 сакавіка, бо гэтак робіцца гісторыя нашай краіны. Гэта я лічу сваім канстытуцыйным абавязкам, абавязкам перад сваімі дзецьмі. А дзеці – вось яны сядзяць тут побач. І 25 сакавіка мы будзем на плошчы”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG