Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьця “Начной Свабоды – заснавальніца і сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна.


Ганна Соўсь: “Каго вы лічыце самымі пасьпяховымі жанчынамі ў Беларусі?”

Людміла Пеціна: “Што такое посьпех? Чым яго можна вымераць? Трэба, каб мы аднолькава глядзелі на паняцьце посьпеху жанчыны.

У Беларусі шмат пасьпяховых жанчын
У Беларусі шмат пасьпяховых жанчын. Калі мы праводзілі форум жанчын-прадпрымальніц і правялі першы ў Беларусі конкурс “Пасьпяховая бізнэс-лэдзі Беларусі”, вельмі складана было ўвогуле залучыць жанчын, прычым сапраўды пасьпяховых жанчын, да ўдзелу ў гэтым конкурсе. Кожная зь іх гаварыла: “Ну які гэта посьпех, калі штодня я змагаюся за выжываньне сваёй справы”. І гэта сапраўды так. У нас няма кошту посьпеху. Нават пасьпяховыя людзі не адчуваюць гэтай пасьпяховасьці.

Але я магла б назваць вельмі шмат імёнаў пасьпяховых беларускіх жанчын і ў бізнэсе, і ў культуры. Ёсьць у нас і знакамітыя пасьпяховыя пісьменьніцы, найперш Сьвятлана Алексіевіч – жанчына, за якой наш беларускі маральны капітал. Але быць пасьпяховай у нашай краіне – гэта папраўдзе штодзённы, я б сказала, подзьвіг”.

Соўсь: “Калі паглядзець цяпер беларускае тэлебачаньне, то, здаецца, ці ня самай пасьпяховай жанчынай у Беларусі выглядае намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Натальля Пяткевіч, як калісьці Тамара Віньнікава і Галіна Жураўкова. Ці яе стыль як палітыка адрозьніваецца ад мужчынскага?”

П
Мне вельмі цяжка сказаць, хто такая Натальля Пяткевіч як чалавек
еціна:
“Ведаеце, гэта ўвогуле ня стыль палітыка адкрытага. Гэта прызначэнец, гэта чалавек, які быў прызначаны на гэтую пасаду. Мне вельмі цяжка сказаць, хто такая Натальля Пяткевіч як чалавек, як асоба, нават цяжка гаварыць пра яе стыль. Часам, калі бачыш яе па тэлебачаньні, ствараецца ўражаньне, што яна жанчына адукаваная, разумная, але наколькі яна самастойная ў палітыцы? Яна мае вельмі высокую палітычную пасаду. Але, мне здаецца, важнасьць кожнай пасады вызначаецца ўплывам на стратэгіі разьвіцьця. Мы ня ведаем, які яе ўплыў, у чым ён выражаецца, бо мы маем дачыненьне зь непразрыстай палітыкай... “


Соўсь: “Людміла, у нас на сайце стаіць апытаньне на тэму “Хто ў Беларусі мацнейшы: жанчыны ці мужчыны?” Чытачы сайту адказалі на гэтае пытаньне так: 56% удзельнікаў апытаньня лічаць, што ў Беларусі жанчыны мацнейшыя за мужчынаў, 17% лічаць, што мацнейшыя мужчыны, а для 26 % удзельнікаў апытаньня няма розьніцы. На Вашую думку, хто ў Беларусі мацнейшы?”

Пеціна:
“Я думаю, што Беларусь – гэта краіна жанчын. Жанчыны ў нас адукаваныя, працавітыя, добрыя спэцыялісты – усё гэта пацьвярджае наша беларуская статыстыка. Жанчыны ў Беларусі больш адказныя – адказныя за лёс сваіх дзяцей, за свае сем'і. Яны даўно ўжо нічога не чакаюць ад дзяржавы, ад мужчын і самі бяруць лёс у свае рукі. Таму я лічу, што жанчыны – безумоўна, больш моцная палова насельніцтва нашай краіны”.

Соўсь:
“Людміла, вы стаялі ля вытокаў беларускага жаночага руху пры канцы 1980-х – на пачатку 1990-х гадоў. Сёлета Беларускаму жаночаму незалежна-дэмакратычнаму руху ўжо 15 гадоў. Ці зьмянілася за гэтыя гады стаўленьне ў грамадзтве да гендэрнай праблематыкі?”

Я думаю, што Беларусь – гэта краіна жанчын
Пеціна
: “Я думаю, ёсьць зьмены, і зьмены пазытыўныя. Па-першае, зьмяніліся ўмовы. Жанчыны цяпер адкрыта ідуць у бізнэс, ідуць у сфэры, дзе можна рэалізаваць сябе, стаць эканамічна незалежнай. Жанчыны не цураюцца палітыкі, і, нягледзячы на тое, што палітыка ў Беларусі – вельмі складаная сфэра, – ёсьць вельмі шмат жанчын, якія актыўна працуюць у палітычных партыях, у грамадзкіх арганізацыях. Калі б у нас былі дэмакратычныя ўмовы, мы б мелі значна больш высокі працэнт жанчын у органах улады.

Мне здаецца, зьмяніліся стэрэатыпы што да ролі жанчыны ў грамадзтве. Так што зрухі ў грамадзтве ёсьць. Але, каб былі ня толькі зрухі, а былі рэальныя тэндэнцыі да гендэрнай роўнасьці ў нашай краіне, адных намаганьняў грамадзкіх арганізацыяў замала, пагатоў цяпер яны амаль што ўсе загнаныя ў падпольле і ня маюць магчымасьці весьці дыялёг з грамадзтвам”.

Людміла Пеціна нарадзілася ў Менску. Скончыла геаграфічны факультэт БДУ. Была кіраўніком сэкцыі экскурсаводаў “Менсктурысту”, дырэктарам турагенцтва “Камкон-тур”. У 1990 годзе стварыла ўласнае турыстычнае агенцтва “Сусьвет-тур” і арганізавала школу па падрыхтоўцы беларускамоўных экскурсаводаў. Была сябрам БНФ. Ад 1994 па 1999 год – намесьніца старшыні Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Беларусі. Цяпер сябра Палітрады АГП, старшыня камісіі партыі па гэндэрнай палітыцы і правох жанчын. Кіраўнік шматлікіх жаночых праектаў і адукацыйных праграм для жанчын-прадпрымальніц. Вяла “Школу палітычнага лідэрства”. Стажыравалася ў ЗША, вяла дасьледаваньне “Жаночы рух як частка грамадзянскай супольнасьці”. Удзельнічала ў шматлікіх міжнародных сустрэчах жанчын (у 1994 годзе на Тайвані, у 2006 – у Каіры). Брала ўдзел у ІV Усясьветнай канфэрэнцыі па становішчы жанчын.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG