Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калі п’ем ваду, то абавязкова прапускаем яе празь фільтар”


Мы завяршаем сёньня сэрыю тэматычных матэрыялаў пра якасьць пітной вады ў рэгіёнах.


Гарадзенскія санэпідэміёлягі перакананыя, што водаправодная вада ў горадзе цалкам адпавядае санітарным нормам. Але спажыўцы перад ужываньнем прапускаюць яе празь фільтар.

Загадчыца аддзелу Гарадзенскай санэпідэмстанцыі Ірына Касьпяровіч кажа, што з 2004 году Горадня цалкам карыстаецца вадой са сьвідравінаў. Вырашана і праблема станцыяў абезжалезваньня вады:

“Цяпер горад цалкам карыстаецца вадой, якая абавязкова ачышчаецца ад павышанай колькасьці жалеза, і вада цалкам адпавядае санітарным нормам”.

Ірына Касьпяровіч перакананая, што ваду, якая цячэ з-пад крана, не сумняваючыся можна выкарыстоўваць для гаспадарча-бытавых мэтаў. Праўда, для піцьця спадарыня Касьпяровіч раіць усё ж ужываць ваду, якая прадаецца ў бутлях:

“Ну чаму мы так раім? Таму што гэтая вада адаптуецца такім чынам што да ўтрыманьня мікраэлемэнтаў, каб максымальна дапамагчы арганізму ў фармаваньні імунітэту з улікам тых рэгіянальных асаблівасьцяў, якія прысутнічаюць у насельніцтва”.
Што датычыць вады, якую людзі часта бяруць з крыніцаў, спадарыня Касьпяровіч раіць усё ж прывозіць яе на пробу ў санэпідэмстанцыю.

Ці задаволеныя гарадзенцы якасьцю пітной вады?

Спадарыня: “Дрэнная, бо, калі мы жылі на праспэкце Будаўнікоў, там была значна лепшая, а калі пераехалі ў цэнтар, то нават мыцца не маглі: скура была сухая, усё сьвярбела, дый ня п’ем, купляем для піцьця асобна”.

Спадарыня: “Здаецца, нармальная вада”.

Карэспандэнт: “А вы яе п’еце?”

Спадарыня: “Выкарыстоўваем для кавы, гарбаты, а ў сырым выглядзе рэдка карыстаем”.

Спадар: “Нармальная вада”.

Карэспандэнт: “Можна спакойна ўжываць?”

Спадар: “Не, калі ўжываем, то абавязкова прапускаем празь фільтар”.

Карэспандэнт: “Гатуеце ежу на ёй?”

Спадар: “Так, абавязкова”.

Карэспандэнт: “А асобна для піцьця не купляеце вады ў бутлях?”

Спадар: “Не”.

Спадарыня: “Не, не задаволеная я вадой. Зашмат у ёй хлёркі”.

Карэспандэнт: “А для якіх патрэбаў вы ёй карыстаецеся?”

Спадарыня: “У асноўным калі мыем бялізну. Калі піць ці гатаваць ежу, то толькі празь фільтар. Але ведаеце, часам забываеш і ўсё зьмяшаеш...”
XS
SM
MD
LG