Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задавальняе якасьць водаправоднай вады магілёўцаў? Меркаваньні разыходзяцца. У гарадзкой санітарна-эпідэміялягічнай станцыі запэўніваюць, што ў Магілёве вада добрая. Магілёўцы ж да такога сьцьверджаньня ставяцца з насьцярожанасьцю. Эколягі раяць людзям набываць фільтры.


Спэцыялісты гарадзкой санітарна-эпідэміялягічнай станцыі запэўніваюць, што праблемаў з якасьцю водаправоднай вады ў Магілёве няма.

“Вада адпавядае як паводле бактэрыялягічных, так і паводле хімічных паказьнікаў, а таксама гігіенічных нарматываў”, – зазначыла спэцыялістка санэпідэмстанцыі.

Час ад часу магілёўцы скардзяцца на прысутнасьць у вадзе пяску.

“Жалеза ў нас ачышчаецца, але не да нуля. Таму жалеза ёсьць у вадзе, і яно на трубах асядае. І калі бываюць аварыйныя адключэньні ці ў дамах ставяць лічыльнікі, то ваду спачатку адключаюць, а потым уключаюць. Натуральна, яна зрывае гэтыя адклады. Але гэта часовы варыянт. Так у нас вада добрая”, – патлумачыла спэцыялістка санэпідэмстанцыі.

А як магілёўцы ставяцца да якасьці пітной вады? Далей – некаторыя меркаваньні.

Першай выказалася спадарыня, якая працуе ў паліклініцы:

“Я наагул п’ю толькі гатаваную ваду. Стараюся кіпяціць. Свайму дзіцяці я стараюся не даваць сырой вады”.

Іншая спадарыня назвала магілёўскую ваду жахлівай:

“На ўмывальніку застаецца налёт страшны. Калі нешта гатуеш, таксама накіп жахлівы. У чайніку наагул жах, што робіцца”.

Яшчэ адна спадарыня магілёўскую ваду адзначыла сямёркай паводле дзесяцібальнай шкалы:

“Пахне хлёркай. Мы карыстаемся фільтрамі. Пасьля фільтра, калі паспрабаваць водаправодную ваду, то адчуваецца розьніца”.

У магілёўскіх крамах адзначаюць: вырас попыт на ваду ў бутэльках.

“Тавар прадаецца добра, – гаворыць загадчыца адной з цэнтральных крамаў. – Я сама, да таго моманту, пакуль не паставіла сабе фільтра, набывала толькі пяцілітровую ваду. У нас старыя дамы, і вада жахлівая. Нават пры тым, што ў мяне быў настольны фільтар, ён ня мог яе прафільтраваць. Яна ўсё адно была жахлівая”.

Эколягі падтрымліваюць ацэнку сваіх калегаў з санэпідэмстанцыі. Аднак зазначаюць, што хоць якасьць вады ў Магілёве й добрая, але лепш карыстацца фільтрамі. Маўляў, камунікацыі старыя, ніхто ня можа даць гарантыяў, што хлёрка забівае шкодныя мікраарганізмы.

Таксам эколягі раяць не кіпяціць хляраванай вады, бо карысьці ад гэтага няшмат: усёй хлёркі з вады ўсё адно ня выпарыш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG