Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навокал вада – Прыпяць, а для людзей вады няма!”


Сёлетняя паводка на рэках беларускага Палесься зноў абвастрыла праблему якасьці пітной вады ў сельскіх паселішчах. Берасьцейскі абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі папярэджвае насельніцтва, што перавышэньне забруджанасьці нітратамі ўжо выяўлена у больш як 60 прыродных крыніцах і ў 15 тысячах вясковых студняў.


Жыхары вёскі Вулька-Гарадзішчанская, што на Піншчыне, просяць агучыць іхныя скаргі менавіта на “Свабодзе”. Тамтэйшая жыхарка Галіна Корчак:

“Таму што тут бяда! За мяжою няма такога цуду. Толькі ў Беларусі такі цуд! Ну, навокал вада – рэчка Ясельда і Прыпяць, а для людзей вады няма! Пакутуем во без вады”.

Са словаў бабулі Галіны, у вёсцы згнілі трубы водаправоду. У калодзежах – каламуць.

“Са сваёй студні мы ўжо тры разы адпампоўвалі ваду, – кажа спадарыня Корчак, – чысьцілі, выбіралі зямлю. А ўсё адно вада брудная, чорная, сьмярдзючая. А ранейшы водаправод увесь парваны. І ўсё – пакутуй, як можаш”.

Брудная вада цяпер у Чухаве, Пласькіні, Мокрай Дуброве і яшчэ шэрагу пінскіх вёсак. Скардзяцца і жыхары суседніх раёнаў.

Паслухаем ацэнку спэцыяліста – галоўнага санітарнага доктара Драгічынскага раёну Міхаіла Стахейкі:

“У нашым раёне на сёньня ёсьць каля 12 тысяч шахтавых калодзежаў. Зь іх у добрых 50 працэнтаў – вада непрыдатная для піцьця. Вельмі часта калодзежы знаходзяцца непадалёку ад хлявоў. Ну і ў дадатак на найбліжэйшых палёх выкарыстоўваліся гной і ядахімікаты. Яны таксама трапляюць у калодзежы”.

На Берасьцейшчыне цяпер вада забруджаная ня толькі ў калодзежах. Эколяг Аляксей Дуброўскі:

“Я гутарыў зь людзьмі, якія бралі аналізы вады ў палескіх крыніцах, у прыватнасьці ў Пінскім раёне. Дык высьвятляецца, што ў кожнай крыніцы вада забруджаная нітратамі. Сапраўды, яна ня можа быць чыстай, калі ўносяцца ўгнаеньні на асушаных плошчах. Тут высокія ўзроўні грунтовай вады. Як яна можа заставацца чыстая? У канаве грунтовыя воды стаяць усяго за паўмэтра ад паверхні глебы. Ужо праз гэта яна ня можа заставацца чыстай. Увогуле, я вельмі сумняваюся, што на Палесьсі ёсьць цяпер штосьці чыстае”.

Паводле інфармацыі беларускіх дасьледчыкаў, у краіне цяпер у 76 працэнтах вясковых студняў перавышаная канцэнтрацыя нітратаў. Пры максымальна дапушчальнай норме 45 мілілітраў у адным літры фактычнае ўтрыманьне нітратаў складае 200-300, а ў асобных выпадках – 500-600 мілілітраў.

Мэдыкі папярэджваюць, што калі ўжываць ваду, забруджаную нітратамі, гэта вядзе да вострых атручэньняў страўніка і кішэчніка. Калі ж атручаную нітратамі ваду спажываць доўгі час, то ўзьнікаюць захворваньні касьцей рук і ног, а таксама нэрвовай сыстэмы і полавай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG