Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Брусэль будуць размаўляць штодзённа


Сёньня ў Брусэлі чакаецца падпісаньне дамовы аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі – выканаўчага органу Эўразьвязу.


Спэцыяльную дамову падпішуць намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі і камісар у зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр. З гэтай мэтай Валеры Варанецкі ўчора вылецеў у Брусэль.

Дата 7 сакавіка як, верагодная для падпісаньня адпаведнага пагадненьня, на нашым сайце называлася яшчэ тыдзень таму. А ўчора прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў афіцыйна пацьвердзіў гэта:

“Міністэрства замежных справаў ва ўзаемадзеяньні зь Эўракамісіяй узгаднілі дату падпісаньня дадзенага дакумэнту. Афіцыйная цырымонія адбудзецца 7 сакавіка бягучага году ў Брусэлі”.

Прапанову беларускім уладам аб адкрыцьці свайго офісу Эўразьвяз зрабіў яшчэ два гады таму. Але толькі цяпер афіцыйны Менск прыняў гэты зварот. Таму пакуль беларускімі справамі ад імя Эўразьвязу займаецца прадстаўніцтва, якое месьціцца ў Кіеве. Калісьці гэты офіс ахопліваў тры краіны – акрамя Беларусі, яшчэ Малдову і саму Ўкраіну. Але ўжо амаль тры гады, як у Кішынэве адкрылася самастойнае прадстаўніцтва Эўракамісіі.

Палітоляг, старшыня Шуманаўскай камісіі ў Беларусі Ігар Лялькоў выказвае меркаваньне пра тое, чаму беларускія ўлады далі сваю згоду толькі цяпер:

“Гэта ёсьць далейшы крок па шляху да паляпшэньня дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Гэта тое, што мы назіраем некалькі апошніх месяцаў. І гэта ідзе ў зьвязку са спробамі беларускіх уладаў паказаць, што яны таксама адкрытыя для пэўных зьменаў.

Навошта гэта робіцца? Думаю, перадусім тут бачны эканамічны інтарэс. І таму беларускія ўлады будуць імкнуцца максымальна замарозіць палітычны стан у краіне. Але пры гэтым яны будуць рабіць і пэўныя жэсты, кшталту вызваленьня палітвязьняў, дзеля атрыманьня заходніх грошай”.

Кіраўнік камісіі ў літоўска-беларускіх дачыненьнях парлямэнту Літвы Вацлаў Станкевіч называе гэтае рашэньне “вельмі пазытыўным крокам беларускай улады”:

“Я заўсёды казаў, што зь Беларусьсю трэба працаваць штодня, кожную гадзіну, а не выпадкова, як гэта бывала з боку Эўразьвязу. Дрэнна, калі толькі ад часу да часу ўспаміналі, што ёсьць такая краіна – Беларусь.

І я вельмі цешуся, што цяпер у Менску будзе прадстаўніцтва Эўразьвязу. Такім чынам, Беларусь і краіны Эўразьвязу змогуць падтрымліваць дыялёг штодзённа. І гэта вельмі важна для іх дачыненьняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG