Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прапановы Эўразьвязу Беларусі застаюцца ў сіле


Ганна Соўсь, Менск Мінуў год, як была абвешчаная новая палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Прапановы Эўразьвязу па-ранейшаму застаюцца ў сіле, гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі. Эўразьвяз прапанаваў значныя эканамічныя і гуманітарныя выгоды народу Беларусі ў выпадку, калі беларускія ўлады вызваляць палітвязьняў, правядуць дэмакратызацыю выбарчай сыстэмы.

Прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі абнародавала заяву, у якой гаворыцца, што “Эўразьвяз гатовы разьвіваць блізкія адносіны з Беларусьсю і яе народам, як толькі беларускі ўрад прадэманструе павагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і асноўных правоў беларускіх грамадзянаў”.

У заяве адзначаецца, што мінуў год, як Эўракамісія апублікавала дакумэнт "Што Эўразьвяз можа даць Беларусі”. Беларусі прапаноўвалася паўнавартаснае партнэрства ў рамках Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва.

Размова ішла пра спрашчэньне паездак беларускіх грамадзянаў у Эўразьвяз, магчымасьць працаваць і вучыцца ў Эўразьвязе, дадатковыя магчымасьці для бізнэсу і гандлю, а таксама дапамога Беларусі ў правядзеньні рэформаў у галінах аховы здароўя і адукацыі, грамадзкай адміністрацыі і мясцовага кіраваньня.

Наўзамен Эўразьвяз патрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў, паважаць свабоду слова, мэдыяў і сходаў, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, расьсьледаваць справы зьніклых і паважаць правы меншасьцяў.

Цягам году дэмакратычныя сілы Беларусі даводзілі да людзей інфармацыю пра прапановы Эўразьвязу. Акцыя Эўрапейскі марш у кастрычніку была своеасаблівым адказам грамадзкай супольнасьці на прапановы Эўразьвязу.

Адзін з арганізатараў “Эўрапейскага маршу” намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч лічыць, што гэта быў год маруднага асэнсаваньня беларускімі ўладамі неабходнасьці і непазьбежнасьці эканамічнай інтэграцыі Беларусі з Эўразьвязам.

“Заявы пра гэта ўсё болей гучаць ад беларускіх чыноўнікаў. Іншая справа, што ўладатрымальнікі хацелі б атрымаць эканамічныя выгоды ад супрацы з Эўропай, нічога не робячы ў галіне дэмакратыі і рэфармаваньня эканомікі.

З аднаго боку маніфэстацыі (Эўрапейскі, Сацыяльны маршы ды іншыя) былі дазволеныя, аднак не дазволеныя замоўленыя маршруты. Ёсьць дэклярацыі пар гатовасьць зьмякчыць рэпрэсіі, але палітвязьняў не вызваляюць. Гэта пачатак перабудовы, калі разумець пад перабудовай жаданьне паднавіць сыстэму, не мяняючы яе па сутнасьці”, -- лічыць Віктар Івашкевіч.

• У Брусэлі і Менску прэзэнтавана новая стратэгія Эўразьвязу, 21.11.2006
XS
SM
MD
LG