Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі будуюць дорага, доўга й няякасна?


Учора Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў разьвіцьцё будаўнічай галіны, паставіўшы перад урадам пытаньне: чаму так доўга, дорага й няякасна ўзводзяць у Беларусі будынкі? Адказу не прагучала, аднак на месцах будаўнікі маюць на гэтую праблему свой пункт гледжаньня


Днямі давялося пабываць на будаўнічай пляцоўцы прыватнага дома. Цікавая сытуцыя. Чалавек атрымаў каля Горадні надзел пад будаўніцтва дома, аднак працы пачаць ня можа, нават маючы на гэта сродкі. А калі за тры гады не збудуе дом, пры гэтым з падключанымі камунікацыямі, надзел дзяржава адбірае. У чым прычына?

Спадар: “Год мы павінны стаяць у чарзе, каб купіць блёкі, і два гады — каб набыць пліты для перакрыцьця. Цэменту не купіць: № 500 наагул няма, а № 400 на падмурак – выкінутыя грошы”.

На камбінаце будаўнічых матэрыялаў у Горадні, дзе вырабляюць пліты й блёкі, галоўны інжынэр, Галіна Бяляева, патлумачыла, што амаль уся іх прадукцыя накіроўваецца згодна з плянам, які вызначае ўрад.

Бяляева: “Савет міністраў давёў нам разнарадку на разьмеркаваньне нашых блёкаў, і для продажу сёлета нам далі менш, чым летась. Мы імкнемся павялічыць аб’ёмы, але нашыя магутнасьці гэтага не дазваляюць”.

Пытаюся ў свайго ранейшага суразмоўцы, як наагул людзі будуюць дамы ў такой сытуацыі, калі нестае будматэрыялаў?

Спадар: “Вось так і будуюць. Даводзіцца хабар несьці, тады нешта зь месца зрушыцца. Засталася тая ж савецкая сыстэма: проста зайсьці й купіць немагчыма”.

Размаўляю з прафэсійнымі будаўнікамі й пытаюся ў іх, ці чулі яны пра ўчорашнюю крытыку прэзыдэнта і як самі глядзяць на гэтую праблему? Вось што мне кажа дырэктар прыватнай будаўнічай фірмы Іван Савіцкі:

Савіцкі: “Мы працуем паводле дзяржрасцэнак, якія міністэрства зьверху спускае. Што казаць, калі паркетным лякам пакрыць 100 квадратаў падлогі два разы каштуе 50 тысяч рублёў, а на халтуры чалавеку заплацяць 2 баксы за 1 м.кв.”

Спадар Савіцкі кажа, што з гэтай прычыны ўсе лепшыя спэцыялісты даўно зьехалі зь Беларусі й працуюць за мяжой.

Галоўны інжынэр яшчэ адной прыватнай будаўнічай фірмы, Уладзімер Макараў, з больш чым 20-гадовым стажам будаўніка, кажа пра ўраўнілаўку ў заробках, якая дасталася ў спадчыну ад сацыялізму. Аднак асноўную прычыну, чаму будаўнічая галіна ў заняпадзе, трактуе па-свойму.

Макараў: “Будаўнікам не даюць сапраўднай свабоды, каб кіраваць гэтым працэсам. Усе лезуць у будаўніцтва, толькі вонкава разумеючы, што і як. У тым ліку й наш прэзыдэнт шаноўны. Я ніколі не забудуся, як ён спрабаваў крытыкаваць устаўленыя вокны пры будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта й тады перашкаджала, і цяпер таксама ”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG