Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Растуць цэны – больш працы ў “чаўнакоў”


Рост цэнаў у Беларусі на прадукты харчаваньня й прамысловыя вырабы зноў ажывіў памежны беларуска-ўкраінскі гандаль.


Жыхары Гомелю прыватным чынам езьдзяць у суседні Чарнігаў купляць вопратку, абутак, некаторыя электратавары.

Украінцы, скарыстоўваючы розьніцу ў коштах, вязуць на гомельскія рынкі празь мяжу найперш розны харч.

Гаворыць жыхарка ўкраінскага райцэнтра Шчорс, што на Чарнігаўшчыне:

“На мяжы, калі вязеш норму, дык ніхто не чапае. Паглядзяць — 5 кіляграмаў харчу, а ўжо мяшэчкі, пакецікі да ўвагі не бяруць”.

Зь Беларусі вязуць “расейскі тавар, аўсянку і сырочкі”

Аснову харчовага бізнэсу ўкраінскіх гандляроў на Гомельшчыне пералічвае жыхарка Чарнігава:

“Сала, мёд, грэцкія арэхі, цукеркі — тут у вас можна зарабіць грошы”.

Вязуць дробныя гандляры з Украіны ў Беларусь алей, знакамітыя кетчупы й маянэзы “Чумак”, вырабленыя ў мястэчку Кахоўка Хэрсонскай вобласьці. Гандлююць нават туалетнай паперай.

Распавядае ўкраінская гандлярка:

“У нас усё таньнейшае — прамысловыя вырабы, некаторыя прадукты харчаваньня. Цукеркі смачныя. Гарэлка таксама таньнейшая й вельмі якасная”.

Выручаныя грошы ўкраінцы, як правіла, мяняюць на цьвёрдую валюту альбо купляюць асобныя беларускія тавары, каб спажываць ці з выгадай прадаць у сябе дома:

“Я вам скажу, што мы сабе ад вас вязем — расейскі тавар, аўсянку вашую вязем і сырочкі”, — кажа ўкраінская грамадзянка.
XS
SM
MD
LG