Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што будаўнічая галіна “разваленая”


Аляксандар Лукашэнка сёньня жорстка раскрытыкаваў будаўнічы комплекс Беларусі. Ён заявіў, што “праца тут цалкам разваленая” і ў галіне “па-ранейшаму захоўваецца агромністы клубок праблемаў, якія сёньня не вырашаюцца”.


У будаўнічым комплексе Беларусі занятыя больш за 400 тысячаў чалавек. Галіна дае 8,5% валавага ўнутранага прадукту краіны. Аднак прэтэнзіяў да будаўнікоў набралася мноства, казаў Аляксандар Лукашэнка:

“Мы ня можам быць задаволеныя ні тэмпамі, ні якасьцю, ні коштамі будаўніцтва ў Беларусі. Вазьміце любое зьвяно, паўсюль праблемы”.

Эканамічны аглядальнік Кастусь Скуратовіч лічыць, што ў будаўнічай галіне сапраўды мноства недарэчнасьцяў:

“Гэта таму, што ў нас будаўнічая галіна, як і ўсе астатнія, кіруецца адміністрацыйнымі мэтадамі. Даюць заданьні — асвоіць, зрабіць, пабудаваць... А ў рынкавым асяродзьдзі на гэта павінны быць попыт і пакупнікі. Вось каб у нас прымусова гэтага не рабілася, дык была б нейкая адпаведнасьць. Ну, прыкладам, “прэзыдэнцкія” домікі ў тых жа калгасах. Іх пабудавалі. А там ніхто жыць ня хоча. А калі ніхто жыць ня хоча, дык так і будуюць — абы з рук, абы паказаць, што зроблена”.

“А чаму людзі ня хочуць там жыць?”

“Заробкі на сяле складаюць 40% ад сярэдніх у народнай гаспадарцы краіны. Хіба маладая сям’я паедзе туды працаваць? Яна будзе пішчом лезьці куды-небудзь у горад. А тут абавязковая ўмова — калі ты ўсяліўся, дык працуй толькі ў гэтым калгасе, дзе ніякіх пэрспэктываў няма”.

Спадар Скуратовіч называе яшчэ адну прычыну дрэннай працы будаўнікоў:

“Канкурэнцыя. Лепшыя будаўнікі зьяжджаюць у Расею ды іншыя краіны. Кадравую праблему ніяк не ўдаецца вырашыць, колькі б ні падрыхтавалі рабочых, прарабаў, інжынэраў. Яны ўсе зьяжджаюць”.

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў кажа:

“На якую б тэму Аляксандар Рыгоравіч ні выступаў, што б ні закранаў, ён заўсёды пачынае з крытыкі. Гэта вельмі камфортная пазыцыя для яго самога, для электарату. Яна ставіць кіраўніка дзяржавы ў найбольш выгадную пазыцыю параўнальна зь любой іншай асобай.

А калі ўспомніць, што ён казаў раней, дык атрымліваецца, што тыя ж будаўнікі рабілі якраз тое, што ён ім раней загадваў. Гэта вельмі прыемная пазыцыя, якая дазваляе перацягваць на свой бок электарат”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG