Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі 2 сакавіка адбудуцца выбары прэзыдэнта краіны. Цяперашні кіраўнік Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін абвясьціў сваім пераемнікам Дзьмітрыя Мядзьведзева. Як вы лічыце, ці дэмакратычнай была прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ў Расеі? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася Галіна Абакунчык


Карэспандэнтка: “У Расеі завяршаецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. На вашую думку, ці была яна дэмакратычнай?”

Юнак: “Мяркуючы па тым, што паказваюць у навінах, усё павінна быць дэмакратычна і справядліва. Паколькі будучы прэзыдэнт, адсоткаў на дзевяноста, — гэта Мядзьведзеў, то ён адказна і добра ставіўся да выбараў, рабіў усё магчымае. І ў кампаніі зь цяперашнім прэзыдэнтам Пуціным Расея пойдзе далей”.

Спадарыня: “Падаецца, што не, і вы гэта самі добра ведаеце. Прызначыў, як некалі Ельцын Пуціна, гэтак зараз Пуцін Мядзьведзева. Вось і ўсё, а як магло быць інакш? У нас яшчэ горш, як вядома. У нас і гэтага няма”.

Спадар: “У Расеі? Ну, як я гляджу па тэлевізары, то праходзяць нармальна, без эксцэсаў. Мне падаецца, што ўсё там добра”.

Юначка: “Прынамсі, павінна так быць. Некаторыя зьмены ў Расеі ёсьць, хоць і невялікія. Таму — хаця б з гэтага пункту гледжаньня”.

Карэспандэнтка: “Ці дэмакратычна ішла падрыхтоўка да гэтых выбараў, як вы думаеце?”

Юнак: “Я ня ведаю расейскай сытуацыі. Няма дзе навіны браць. Я студэнт, жыву ў інтэрнаце, ня маю ні радыё, ні тэлебачаньня. Зрэдку ў інтэрнэце штосьці гляджу. Амаль нічога ня ведаю”.

Спадарыня: “Ці дэмакратычна? Так. Бо я давяраю прэзыдэнту Пуціну і ягонаму атачэньню. Мне падаецца, што яны шмат робяць для народа і для простых людзей, для пэнсіянэраў. Таму я лічу, што дэмакратычна”.

Спадар: “Я за гэтым асабліва не сачыў, але загадзя магу сказаць, ведаючы Расею, што наўрад ці там не былі выкарыстаныя ўрадавыя мэтады”.

Спадарыня: “Я не сачыла за навінамі. Калі ёсьць такая магчымасьць, то толькі за нашымі. Апошнім часам — толькі праца”.

Юначка: “Я апалітычны чалавек і не сачу за палітыкай ні ў Расеі, ні ў Беларусі, бо ня веру ў яе ні на каліва. А што тычыцца Расеі, то ў Расеі непарадак быў, непарадак ёсьць і непарадак будзе, па-мойму, яшчэ гадоў пяцьсот”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG