Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: выбарчая кампанія сумная і нецікавая

  • Віктар Дзятліковіч

Перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія ў Расеі хутка скончыцца, так фактычна і не пачаўшыся.


На вуліцах расейскіх гарадоў амаль няма агітацыі, а за тэлевізійнымі дэбатамі кандыдатаў у прэзыдэнты сочыць ня болей за чвэрць выбаршчыкаў. Чаму так здарылася?

Самым запамінальным эпізодам тэлевізійных дэбатаў у Расеі сталі ня жорсткія спрэчкі, а бойка. Днямі, адразу пасьля запісу дэбатаў на адным з тэлеканалаў Уладзімір Жырыноўскі разам са сваёй аховай правёў невялічкі баксёрскі паядынак супраць Мікалая Гоца – даверанае асобы іншага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Багданава. Пры гэтым Жырыноўскі, паводле сьведчаньняў відавочцаў, раіў сваёй ахове “расстраляць” свайго апанэнта ў калідоры.

Вельмі паказальна, што у расейскім грамадзтве з усіх перадвыбарчых дэбатаў больш за ўсе абмяркоўваецца менавіта гэты эпізод. Нічога іншага не застаецца. Бо на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах тэледэбаты граюць хутчэй дэкаратыўную функцыю, ня маючы амаль ніякага ўплыву на рашэньне выбаршчыкаў за каго галасаваць.

Нізкую папулярнасьць спрэчак паміж кандыдатамі можна патлумачыць нязручным часам іх выхаду ў эфір - а сёмай раніцы і а дзясятай вечара. Але галоўным усё ж такі зьяўляецца іншае – тое, што ад удзелу ў дэбатах адмаўляўся галоўны фаварыт – Дзьмітры Мядзьведзеў. Дарэчы, ў 2004 годзе тое самае зрабіў Уладзімір Пуцін. А на апошніх парлямэнцкіх выбарах – партыя “Адзіная Расея”.

Аргумэнты Мядзьведзева былі простыя – у яго няма часу дэбатаваць, бо ён займаецца канкрэтнымі справамі ў якасьці віцэ-прэм’ера расейскага ўраду. Больш шчыра выказаўся на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі Уладзімір Пуцін, які заявіў, што Мядзьведзеву няма сэнсу ўдзельнічаць у дэбатах, бо там яго будуць даймаць “папулісцкімі пытаньнямі”.

Між тым, сацыялягічныя апытаньні засьведчылі, што 73 адсоткі расейскіх выбаршчыкаў жадалі б пабачыць, як Мядзьведзеў будзе дыскутаваць са сваімі апанэнтамі, а значыць і адказваць няхай нават і на “папулісцкія пытаньні”. І гэта, відаць, галоўнае. Бо большасьць экспэртаў сыходзяцца на думцы, што калі б Мядзьведзеў згадзіўся на ўдзел у дэбатах, ягоны рэйтынг не ўтрымаўся б на сёньняшнім узроўні. Гэта прызнаў нават пракрамлёўскі палітоляг, дэпутат Дзярждумы ад “Адзінай Расеі” Сяргей Маркаў. Ён выказаў думку, што “калі ў дэбатах удзельнічае кандыдат з высокім рэйтынгам, ягоныя галасы аўтаматычна перацякаюць кандыдатам зь нізкім рэйтынгам”.

Незалежныя палітолягі са свайго боку адзначаюць, што Мядзьведзеў – вельмі слабы аратар, у непасрэдных стасунках, а значыць і ў жывым эфіры, успрымаецца як бюракрат, і менавіта таму хутчэй за ўсе прайграў бы дэбаты нават аўтсайдэру гонкі Андрэю Багданаву, ня кажучы ўжо пра Зюганава ці Жырыноўскага.

Зь іншага боку, практыка паказвае, што, каб перамагчы ў дэбатах, у іх не абавязкова ўдзельнічаць. Апытаньні Ўсерасейскага Цэнтру вывучэньня грамадзкае думкі (ВЦИОМ) засьведчылі, што падчас апошніх выбараў у Дзяржаўную Думу, 69 адсоткаў тэлегледачоў, прызналі пераможцам тэледэбатаў “Адзіную Расею” – партыю, якая ў гэтых дэбатах увогуле ня ўдзельнічала.

А ва ўмовах адсутнасьці галоўнага прэтэндэнта на перамогу цяперашнія дэбаты маюць мінімальныя тэлерэйтынгі, і нават старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Расеі Уладзімір Чураў днямі паскардзіўся, што перадвыбарчая кампанія ідзе сумна і нецікава.

XS
SM
MD
LG