Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў распрацоўваў палітыку Расеі датычна СНД?

  • Віктар Дзятліковіч

Нефармальны саміт кіраўнікоў краінаў Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў прайшоў сёньня ў Маскве. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі Крэмль засьведчыў, што, калі ў яго і ёсьць нейкія асаблівыя адносіны з нейкай краінай СНД, то гэта не Беларусь, а Грузія.


Сёньняшняя сустрэча прэзыдэнтаў насіла нефармальны характар. На ёй не плянавалася прыймаць ніякіх рашэньняў ці падпісваць дамовы. Фактычна саміт пераўтварыўся ў разьвітаньне з Уладзімерам Пуціным і знаёмства гасьцей Масквы з будучым прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Паказальна, што з гэтае нагоды ў Маскву прыехалі ўсе прэзыдэнты краінаў Садружнасьці, чаго не было вельмі даўно.

Уладзімер Пуцін разьвітаўся са сваімі калегамі і фактычна прызнаў, што СНД у цяперашнім яго выглядзе ёсьць ня больш чым дыскусійны клюб. Ён заявіў, што “СНД была і застаецца важнай пляцоўкай для абмеркаваньня праблемаў на постсавецкіх абшарах”.

Пуцін: "Мы разам выпрацоўвалі усе асноўныя рашэньні, ў тым ліку і ў самым важным ля нас зьнешнепалітычным накірунку – накірунку СНД"
Пасьля гэтага ён прэзэнтаваў свайго пераемніка. З ягоных словаў стала ясна, што Дзьмітры Мдзьведзеў усе апошнія гады быў ня проста віцэ-прэм’ерам расейскага ураду, а фактычна распрацоўваў усю замежную палітыку краіны, што тычыцца Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

Пуцін так і сказаў, што менавіта са сваім пераемнікам “мы разам выпрацоўвалі усе асноўныя рашэньні, ў тым ліку і ў самым важным ля нас зьнешнепалітычным накірунку – накірунку СНД. Мядзьведзеў быў адным з аўтараў палітыкі, якую Расея праводзіла ў гэтым накірунку”.

Для Беларусі гэтае прызнаньне ня самае прыемнае, бо варта нагадаць, што менавіта Дзьмітры Мядзьведзеў быў і да гэтага часу зьяўляецца старшынём Савету дырэктараў “Газпрому”, а значыць прымаў і прымае ўсе рашэньні, што тычацца падвышэньня коштаў за газ, у тым ліку і для Беларусі.

Нагадаю, што днямі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу Russia Today заявіў, што “Газпром” мае намер у гэтым годзе ўдвая падвысіць кошты на газ для нашае краіны.

У сытуацыі, калі ў павестцы дня маскоўскага саміту адсутнічалі важныя пытаньні, назіральнікі надзялялі больш увагі таму, хто з лідэраў дзяржаваў правеў перамовы з Уладзімірам Пуціным сам насам. У гэтым сьпісе Аляксандра Лукашэнкі не аказалася.

Больш за ўсё часу прэзыдэнт Расіі правеў з кіраўніцтвам Грузіі. Назіральнікі адзначаюць відавочнасьць таго, што пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Косава, стасункі менавіта з гэтай краінай для Пуціна -- найважнейшыя.
XS
SM
MD
LG