Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Чашніках ўзялі клятву з маладых спецыялістаў


У Чашніцкім райкаме БРСМ склалі тэкст "Клятвы на вернасьць прафесіі", якую далі усе маладыя спэцыялісты, дасланыя ў раён па разьмеркаваньні. Гэта павінна дапамагчы замацаваць кадры у раёне.

Пра тое, што ў Чашніках з маладых спэцыялістаў бяруць "Клятву на вернасьць прафэсіі", паведамілі па тэлефоне тамтэйшыя слухачы Радыё Свабода.
98 выпускнікоў навучальных устаноў 2007-га году, якія прыбылі ў Чашніцкі раён на першую ў сваім жыцьці працу, 12 лютага сабралі ў Доме культуры на адмысловую імпрэзу. Моладзі паказалі дакумэнтальны фільм пра тое, як пацуюць іхныя папярэднікі – тыя, хто прыехаў у раён годам раней, потым з прамовамі выступілі старшыня райвыканкаму і ветэраны працы, заклікаўшы маладое папаўненьне да адказнага і прафэсыйнага стаўленьня да сваіх працоўных абавязкаў.
Урэшце вядучыя імпрэзы ўголас зачыталі словы клятвы, складзенай актывістамі Чашніцкай раённай арганізацыі БРСМу, а прысутныя ў залі маладыя спэцыялісты паўтаралі слова "Клянёмся!" пасьля кожнае фразы.
Потым некаторыя зь іх казалі, што ўсё гэта нагадвала клятву, якую ў савецкія часы давалі юныя піянеры ў дзень уступленьня ў арганізацыю.
Кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Чашніцкага райвыканкаму Тацяна Пчолкіна адстойвае уласны погляд на гэты рытуал:
"Штогод мы праводзім такія сустрэчы з маладымі спэцыялістамі. Яны праводзяцца ў рознай форме. Вось сёлета мы правялі ўрачыста-сьвяточную сустрэчу. І мы выкарыстоўвалі такія элементы, якія б і ўзьнялі настой, і адпавядолі вось гэтаму прызначэньню: быў прачытаны тэкст, людзі падняліся, калі гэты тэкст чытаўся. Што тут дрэннага?"
"Клятву на вернасьць прафесіі" прымалі ўсе агулам – і маладыя настаўнікі, і лекары, і заатэхнікі, і аграномы. Штогод у Чашніцкі раён дасылаюць каля сотні выпускнікоў навучальных установаў, і ўсё адно застаюцца вакантныя месцы. Адпрацаваўшы належныя два гады, а то й меней, маладыя людзі імкнуцца зьехаць адсюль у іншыя месцы, не знаходзячы тут для сябе нічога прывабнага.
Пакараньня для парушальнікаў "Клятвы вернасьці" актывісты Чашніцкага БРСМу пакуль што не яшчэ прыдумалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG