Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Помста – гэта не нацыянальнае беларускае”


Бальшыня тэлефанаваньняў слухачоў – гэта спачуваньні з нагоды сьмерці Ірыны Казулінай.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Бальшыня тэлефанаваньняў слухачоў – гэта спачуваньні з нагоды сьмерці Ірыны Казулінай.

“Я шчыра спачуваю дочкам сьвятой памяці Ірыны Казулінай і яе мужу Аляксандру. Малюся разам зь імі і з усёй Беларусьсю за іхнюю маму. З таго, што да мяне даходзіла, я ведаю, у якой духоўнай згодзе, у якім спакоі пражыла гэта мужная жанчына час свайго выпрабаваньня. Дык ня толькі за яе, а і да яе як да заступніцы можна маліцца. Прыміце маё спачуваньне”.

Пэнсіянэрка Інэса Раманаўна: “Дарагое сямейства Казуліных! Прашу Бога, каб даў вам моцы вытрымаць гэты цяжкі час. Сэрца рвецца ад болю з прычыны страты цудоўнага, мілага чалавека, спадарыні Ірыны. Як яе ня будзе хапаць усім добрым людзям. А гэтая ўлада ня вартая таго, каб называцца людзьмі. Ганьба ёй!”

Рыгор Грудніцкі: “Хачу выказаць словы шчырага спачуваньня родным і блізкім нябожчыцы Ірыны Казулінай. Божа Ўсемагутны, Божа літасьцівы, прымі душу рабы тваёй, пакутніцы і сьветлага чалавека Ірыны. Супакой яе і дай ціхі прытулак у царстве тваім. Тая пазыцыя, якую заняў Лукашэнка і яго хеўра ў гэтай трагедыі, ужо ня мае дачыненьня ні да права, ні да маралі, ні да чалавечнасьці”.

Ёсьць тэлефанаваньні, у якіх слухачы “Свабоды” заклікаюць Аляксандра Казуліна спыніць галадоўку і адпомсьціць. Да прыкладу, слухач Віктар выказвае думку, што помста будзе подзьвігам.

Віктар: “Памерці з голаду – гэта ня подзьвіг. Подзьвіг – выйсьці і пакараць вінаватых, каб яны круціліся перад сьмерцю ад болю і адчаю. А сьмерць потым. Але адпомсьціць – гэта подзьвіг”.

Віктару адказвае пісьменьніца Марыя Вайцяшонак:

“Тое, каб помсьціць – гэта ня наша нацыянальнае, зусім. Пакуль мы не адчуем, што сэрца — самы галоўны наш орган, міласэрнасьць – галоўная якасьць... Усё астатняе – нажы, вілы, тапары, – як мы часьцей ходзім з каламі адзін на аднаго ў пераносным сэнсе, у прамым сэнсе, па-вясковаму сварымся, адзін аднаго выстаўляем, брыдзімся... І наагул, ня наш гэта характар – помсьціць, ні царкоўнае, ні касьцельнае, ні чалавечае гэта...”

І зноў некалькі тэлефанаваньняў са спачуваньнямі.

Анастас Семяновіч: “Шаноўны спадар Аляксандар Казулін! Я яшчэ раз ад імя сваёй сям’і і сяброў выказваю вам і вашым любімым дочкам шчырыя спачуваньні ў вялікім горы – сьмерці любімай і дарагой жонкі і маці Ірыны Казулінай. Учора нас было прыблізна тысяча чалавек. Многія плакалі і выказвалі бязьмежнае абурэньне паводзінамі таварыша Лукашэнкі”.

Марыя Іванаўна: “Я перадаю шчырыя спачуваньні маці Ірыны Іванаўны Казулінай Дануце Вікенцеўне, дочкам Юлі і Вользе, паважанаму Аляксандру Ўладзіслававічу. Імя Ірыны Іванаўны будзе назаўжды жыць у нашых сэрцах. Кветкі браткі, якія так любіла Ірына Іванаўна, я захаваю надоўга. З павагай”.

Слухач “Свабоды” Мікола Канаховіч з Пружанаў абураецца тэлевізійнай пастаноўкай “Паўлінкі”, якую паглядзеў па Беларускім тэлебачаньні:

“Я канстатую наступнае: калі нейкі вырадак гвалтуе чалавека і зьдзекуецца зь яго, дык такога на доўгія гады кідаюць за краты. Гэта справядліва. А вы, гвалтаўнікі купалаўскай “Паўлінкі,” не баіцёся справядлівай кары за гвалт над нацыянальным шэдэўрам?! Вечна жыве Купала! Вечна жыве яго Паўлінка!”

На думку тэатральнага крытыка Андрэя Расінскага, пастаноўка “Паўлінкі”, якую паказалі па Беларускім тэлебачаньні ў навагоднюю ноч і яшчэ двойчы паўтарылі, — гэта ні ў якім разе ні тэлебачаньне, ні “Паўлінка”, ні якая-колечы пастаноўка.

“Гэта чыстай вады хлуд, сьмецьце, адкід, які зьяўляецца сёньня дзяржаўным “мэйнстрымам”. Раней гэты “мэйнстрым” існаваў у выглядзе квазісавецкай, квазірускай папсы, а цяпер – экспансія на тэрыторыю беларушчыны, спроба захапіць і гэтую тэрыторыю. Абсалютна ў “трэшавым” варыянце. У нас асноўнай культурай сёньня зьяўляецца культура хлуду, якую спрабуюць навязаць ўсяму грамадзтву. Адпаведна, якія “вярхі”, такая і культура пад іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG