Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе пахаваюць Ірыну Казуліну?


Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, якога на 3 дні адпусьцілі з калёніі для ўдзелу ў пахаваньні жонкі, сёньня з раніцы быў заняты падрыхтоўкай жалобнай цырымоніі.


Пасьля прыезду з калёніі а першай гадзіне ночы, размоў са сваякамі і журналістамі Аляксандар Казулін, паводле ягоных словаў, паспаў толькі гадзіну. Прачнуўшыся, паехаў у Дзяржынск на сустрэчу з жончынай маці Данутай Сабалеўскай, потым вярнуўся ў Менск і наведаў сваіх бацькоў — маці Яўгенію Канстанцінаўну і бацьку Ўладзіслава Аляксандравіча.

Увесь час потым — сустрэчы і перамовы, зьвязаныя з арганізацыяй грамадзкай паніхіды і пахаваньня. Паводле маіх назіраньняў, у размовах зь людзьмі Аляксандар Казулін зноў і зноў вяртаўся да ўспамінаў пра жонку.

“Яе любоў, жыцьцё і сьмерць — прыклад для ўсяго грамадзтва. Яна робіць яго чысьцейшым і паказвае, што трэба змагацца. І верыць да апошняга ўздыху, што будзе сонца. Як яна мне напісала, “дабрадатнае сонца ўсё ж і для нас падымецца”.

“На 95% зразумела, што месца ў межах горада не дадуць”

Доўгі час вырашалася пытаньне, на якіх могілках будзе пахавана Ірына Казуліна. Яе сваякі зьвярнуліся да адміністрацыі Усходніх і Кальварыйскіх могілак, але там катэгарычна адмовіліся даць месца для пахаваньня жонкі Казуліна. Чыноўнікі высокага рангу, якіх ён прасіў дапамагчы, таксама аказаліся бясьсільнымі. “Цяпер мы ўжо ня можам да іх нават дазваніцца”, — зазначыў апоўдні Аляксандар Казулін.

Бліжэй да вечара ягоны брат Уладзімер Казулін паведаміў: “Канчаткова пытаньне ня вырашанае, але ўжо на 95% зразумела, што месца ў межах горада не дадуць. Называюць як верагодныя могілкі ў Тарасаве пад Менскам”.

Паводле Ўладзімера Казуліна, канчаткова вырашана, дзе пройдзе трызна па Ірыне Казулінай — у рэстаране “Залаты век”. Там на гэта пагадзіліся без праблем, а вось калі сваякі Казулінай зьвярнyліся ў рэстаран “Журавінка”, то атрымалі адмову.

“Яны не маглі прадбачыць, што будзе такі ўсплёск народнай салідарнасьці зь Ірынай”

Паніхіда па Ірыне Казулінай пачнецца сёньня, 26 лютага а 20 гадзіне ў Чырвоным касьцёле ў Менску і працягнецца да паўдня 27 лютага. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Рымска-Каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч сёньня гэта пацьвердзіў. Ён прывітаў той факт, што “адказныя асобы ва ўладзе” дазволілі Аляксандру Казуліну прысутнічаць на пахаваньні жонкі.

“Галоўнае, што я магу выканаць апошнюю волю маёй любімай Ірыны — праводзіць яе ў апошні шлях”, — цытуюць незалежныя мэдыі словы Аляксандра Казуліна. Для Радыё Свабода Аляксандар Казулін так патлумачыў тое, што ўлады ўсё ж пагадзіліся даць яму водпуск:

“Яны не маглі прадбачыць, што будзе такі ўсплёск народнай салідарнасьці зь Ірынай. Не чакалі, што простая жанчына, беларуска, зможа абудзіць у людзях такія пачуцьці. Гэтым сьветлым пачуцьцям трэба даваць волю. Трэба, як казаў наш беларускі клясык, “людзьмі звацца”. Але ня проста звацца, а станавіцца. Інакш позна будзе нашай краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG