Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ніякія дэманстрацыі апазыцыі, маршы ды пікеты, чарговыя – накшталт кітайскіх – папярэджаньні і заявы з боку Захаду не папсавалі іміджу Лукашэнкі у такой ступені, як ягонае спозьненае рашэньне ў справе адпушчэньня Аляксандра Казуліна на паховіны жонкі.


Я упэўнены, што пры адпушчэньні Казуліна на кароткатэрміновы водпуск не абышлося бяз званкоў ў Менск. Ня мог жа прыняць рашэньня аб гэтым начальнік калёніі “Віцьба-3”. Ня тая інстанцыя ў такой далікатнай справе. Калі сказалі – не міргнуўшы вокам сам асабіста павёз Казуліна на сваёй машыне ў Менск.

Аднак кожная гадзіна адтэрміноўкі вызваленьня палітыка была чарговым цьвіком у палітычную труну Лукашэнкі. Дагэтуль ён мог гаварыць, што ўсе ягоныя рашэньні і крокі слушныя і прадыктаваныя народным дабром. Ён мог казаць, што, будучы “ўсенародна” абраным, ён далей карыстаецца “ўсенароднай падтрымкай”, аб чым засьведчылі апошнія выбары і рэфэрэндумы. Аднак у гэтым выпадку самы некрытычны прыхільнік Лукашэнкі, якога не пераканала нават зьніжэньне ўзроўню жыцьця і скасаваньне ільготаў, можа сказаць: “ Ну, так нельга. Трэба быць чалавекам”.

Па-мойму, Натальля Машэрава трапна адзначыла, што “неміласэрнасьць –недаравальны грэх”. Можна заўсёды спасылацца на правасудзьдзе, на тое, што Казулін асуджаны ў адпаведнасьці зь дзейнымі законамі, але кожны ведае, што закон можна як заўгодна тлумачыць і нагінаць. Кожны ў Беларусі ведае, што Казулін – не злачынца. Ён зграшыў хіба што толькі палітычнымі амбіцыямі, тым, што выступіў у якасьці контракандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнка адпомсьціў яму за гэта рукамі паслужлівых судзьдзяў.

Я заўсёды ўспрымаў як наіўныя заявы беларускіх апазыцыянэраў аб тым, што кожны разгон дэманстрацыі, высокія штрафы і прысуды – гэта доказ слабасьці уладаў і прадвесьце іх хуткага канца. Дай Бог кожнаму такую слабасьць. Зь ёю можна перажыць яшчэ сотню маршаў, кангрэсаў дэмсілаў і (для прыкладу) тысяча пяцьсот шэсьцьдзесят сёмае папярэджаньне з боку Брусэлю і Вашынгтону.

Што такое важнейшае за дэманстрацыі адбылося гэтым разам? Сямейная драма. Жонка ў труне, бацька ў турме і поўныя адчаю дочкі. Не вінавачу Лукашэнку ў тым, што Ірына Казуліна хварэла і памерла на рак. Вінавачу яго ў тым, што ён выявіў напышлівую самаўпэўненасьць Пілата, які ў свой час зьняволенаму і зьбітаму Хрысту заявіў: “Няўжо ня ведаеш, што я маю ўладу адпусьціць цябе і маю ўладу пакараць цябе?” “Ніякай улады ня маеш нада мною акрамя той, якая дадзена табе зьверху”, – адказаў яму Хрыстос. Маральнае права Лукашэнкі на ўладу аказалася ня большым за Пілатава.

Не зьбіраюся прадказваць, у якой ступені і ці адразу справа Казуліных пашкодзіць палітычнай будучыні Лукашэнкі. На жаль, мабыць, праўда ня дойдзе да ведама ўсіх беларусаў, тым болей, што “непадатных” на альтэрнатыўную інфармацыю поўна. Ім “абы не было вайны”, і галоўнае, што “прэзыдэнт дае пэнсіі”, дзякуючы якім “хапае на чарку і шкварку”. У сэнсе доступу да гэтай публікі ў самой беларускай “Свабоды” закароткія рукі. Да канца тэрміну Лукашэнкі яшчэ шмат часу . На яго рупліва працуюць усе дзяржаўныя структуры і органы, дужыя хлопцы са спэцназу, КДБ і СМІ. У кожным разе, імідж Лукашэнкі як “ бацькі” ляснуўся самым нечаканым чынам.

Мяркую, што Казулін вернецца ў калёнію, але будзе зь яе вызвалены датэрмінова, магчыма ўжо незадоўга. Калі гэтак адбудзецца, гэта здарыцца ня ў выніку дакору сумленьня Лукашэнкі, але ў выніку ўсьведамленьня ім магутнага чыньніка народнай салідарнасьці зь людзьмі ў бядзе. Той, хто бясконца спасылаецца на “ўсенародную” падтрымку, ня можа не разумець, што гэтым разам сымпатыя людзей не на ягоным баку.

Казулін ужо атрымаў маральную перамогу над Лукашэнкам і над яго грубай сілай. Шкада, што гэта адбылося не без асабістай трагедыі палітыка – сьмерці жонкі, мужнай і разумнай жанчыны Ірыны Казулінай. Хай зямля ёй будзе пухам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG