Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі Наваполацку


22 лютага экс-кандыдат на прэзыдэнта распачаў паездкі па Віцебшчыне.


Учора ён сустрэўся з жыхарамі райцэнтру Гарадок і абласнога цэнтру, а сёньня наведаў Наваполацак.

Ад’яжджаючы зь Віцебску, Аляксандар Мілінкевіч і ягоныя паплечнікі зноў мелі праблемы з супрацоўнікамі ДАІ – іхную машыну зноў спынілі, заявіўшы, што яна лічыцца ва ўгоне.

Тады ўсе пасажыры вырашылі выйсьці, сказаўшы міліцыянтам, што ўсе пытаньні пра ўгон і вышук можна вырашыць з кіроўцам. Супрацоўнікі ДАІ, якія ня мелі на мэце затрыманьне транспартнага сродку без пасажыраў, вымушаны былі праз колькі хвілін адпусьціць усіх.

На думку спадара Мілінкевіча, гэта была чарговая спроба сарваць сустрэчы ў рэгіёне, якая аказалася беспасьпяховай.

Абедзьве сустрэчы прайшлі пад адкрытым небам: адна зь іх – у жылым мікрараёне Наваполацку, а другая – каля Дома культуры будаўнікоў. У абодвух выпадках паразмаўляць з палітыкам сабраліся каля 30 чалавек.

Людзі выказвалі свае меркаваньні па розных сучасных праблемах. Найбольш напружана абмяркоўвалася праблема скасаваньня ільготаў. Паводле жыхароў Наваполацку, скасаваньне ільготаў на праезд для школьнікаў пазбаўляе іхных дзяцей неабходнах умоваў для асабістага разьвіцьця: цяпер, каб даехаць да музычнай або спартовай ці мастацкай школы, дзіця мусіць плаціць у два разы болей чым раней. Для некаторых сем’яў гэта сур’ёзныя грашовыя страты, і наведваньне дзіцём пазашкольных установаў робіцца праблемай.

Актыўна абмяркоўваліся таксама і пэрспэктывы наступных парлямэнцкіх выбараў. Як высьветлілася, жыхары Наваполацку вельмі скептычна ставяцца да сьцьвярджэньняў уладаў пра тое, што выбары на Беларусі заўсёды маюць аб’ектыўны характар.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, сустрэчы ў рэгіёнах для яго надзвычай важныя. Бо нават калі б на Беларусі была сапраўдная свабода слова, у тым ліку і ў сродках масавае інфармацыі, нічога ня можа замяніць паўнавартасных зносінаў з людзямі, калі чалавек можа паціснуць суразмоўцу руку й абмеркаваць набалелае, сказаў А.Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG