Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: міліцыя сарвала сустрэчу зь Мілінкевічам <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


16 лютага экс-кандыдат на прэзыдэнта, лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся з жыхарамі Рэчыцы.


Праходзіла сустрэча ў двары побач з гарадзкім домам культуры. Некалькі дзясяткаў людзей, што сабраліся тут, пыталіся ў палітыка, як жыць далей. Пры росьце цэнаў, эканамічнай занядбанасьці большасьці рэчыцкіх прадпрыемстваў, пры пазбаўленьні льготаў для дзяцей, пенсыянэраў, шэрагу іншых неабароненых слаёў насельніцтва. Самі таксама расказвалі.

Жыхар Рэчыцы: “Вытворчасьці няма. Закрылі завод “Рытм”, гідролізны. Мэблевае аб’яднаньне ледзьве працуе. Трубны завод сканаў. Дзясятая частка рабочых засталася з тых, хто працаваў раней. І сто даляраў заробку на вытворчым дрэваапрацоўчым аб’яднаньні”.

Хвілінаў праз дваццаць у двор, дзе гараджане сустракаліся з Мілінкевічам, зьехаўся добры дзясятак міліцыянтаў.



Маёр Князеў стаў патрабаваць у Мілінкевіча пашпарт. Да яго далучыўся падпалкоўнік Кацуба:

“Падпалкоўнік Кацуба. Калі вам не дазволілі афіцыйнае мерапрыемства, закон прадугледжвае абскарджваньне рашэньня праз суд”.

Голас: “А што ў нас, суд ёсьць?”

Мілінкевіч: “Калі вы лічыце, што я ня маю права сустракацца з людзьмі, давайце прымайце да мяне якія-небудзь меры. Я не сыду, я спэцыяльна прыехаў сюды, каб гаварыць. Мы своечасова прасілі дазволу сустрэцца ў цяпле. Не дазволілі! У Рэчыцы не дазволілі, у Гомелі…”

Прыкладна праз 15 хвілін пасьля пачатку сустрэчы яны заявілі А.Мілінкевічу, што выступаць перад людзьмі яму забаронена — можна размаўляць з кімсьці адным сам-насам, адказваючы на пытаньні. Міліцыянты сталі запісваць прозьвішчы людзей, якія прыйшлі на сустрэчу.

Сваімі ўражаньнямі пра ўсё гэта дзеліцца ўдзельнік сустрэчы спадар Міхась:

“Канешне, гэта жах. Гэта ўжо нешта нагадвае. Гісторыя можа паўтарацца. Але мы вельмі ўжо хутка наблізіліся да гэтага паўтору. Ня хочуць, каб людзі чулі праўду, а самі сказаць баяцца”.

Пэнсіянэрка: “Ведаю, што ў нас свабоды ніякай няма. Палохаюць людзей. Калі людзі будуць больш адукаваныя, зразумеюць, за каго галасаваць. І як жыць правільна. А так – жывём, як у цёмным лесе”.

Аляксандр Мілінкевіч закончыў прамаўляць і папрасіў гараджанаў паведамляць яму пра ўсё факты ўціску й перасьледу, абяцаў абарону.

Мілінкевіч: “Страх сярод актывістаў не павялічваецца, а вось страх сярод грамадзтва большым становіцца. Мне тут такую запіску перадалі: яны за перамены, але баяцца. Што рабіць са страхам? Канешне, са страхам чалавек змагаецца толькі сам. Нельга за чалавека гэта вырашыць. Кожнаму раю выціскаць страх зь сябе па кроплі, па кроплі. І яшчэ адчуваю, што нас шмат. Гэта вельмі важна – салідарнасьць паміж сабой. Я думаю, што грамадзтва на добрым шляху, усьведамляе, што адбываецца”.

Міліцыя суправаджала мікрааўтобус зь Мілінкевічам да выезду з гораду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG