Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдат на прэзыдэнта і лідэр стваранага руху "За Свабоду!" Аляксандар Мілінкевіч быў вымушаны сустракацца з жыхарамі Віцебску на ганках кінатэатру "Мір". Гарвыканкам не дазволіў правесьці сход у гэтым памяшканьні.


Каля 60 чалавек прыйшлі на сустрэчу з палітыкам сёньня а 18-й вечара – тыя, каго не спалохаў моцны вецер і дождж, які ішоў у Віцебску з самае раніцы. Сустрэча доўжылася амаль дзьве гадзіны.

Праз колькі хвілін ад пачатку да месца сустрэчы пад’ехалі некалькі міліцэйскіх машын. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу падышлі да натоўпу і сказалі, што гэтая сустрэча несанкцыянаваная, і што людзям трэба разысьціся. Віцебскі праваабаронца, прадстаўнік БХК Павал Левінаў зьвярнуўся да міліцыянтаў і ўсіх прысутных з тлумачэньнем, што каля кінатэатра адбываецца не масавая акцыя, а звычайная гутарка звычайных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Міліцыянты ў форме адышлі ад натоўпу, а замест іх зьявіліся людзі ў цывільным з відэакамерамі, якія пачалі здымаць усіх удзельнікаў сустрэчы.

Як толькі людзі з відэакамерамі сялі ў машыны, нечакана згасла сьвятло і ў фае кінатэатра, і над уваходам у будынак, нават чырвоныя літары назвы "Мір" раптам перасталі сьвяціцца ў цемры. Але нават і ў цемры людзі не разыходзіліся і працягвалі задаваць Аляксандру Мілінкевічу пытаньні на самыя разнастайныя тэмы: пра перспектывы будаўніцтва АЭС па Беларусі, пра вызваленьне палітвязьняў, пра будучыя выбары.

Спадар Мілінкевіч адзначыў, што перашкоды падчас сустрэчаў у рэгіёнах сталі для яго ўжо звыклымі, і што сёньня ў дарозе да Віцебску ягоную машыну неаднаразова спынялі супрацоўнікі ДАІ.

Кіроўцу нават давялося зьезьдзіць ва ўправу інспэкцыі, бо міліцыянты заявілі, што гэты транспартны сродак лічыцца ва ўгоне. Урэшце супрацоўнікі ДАІ зьнялі свае прэтэнзіі. Заўтра Аляксандар Мілінкевіч мяркуе паехаць у Наваполацак, каб сустрэцца з тамтэйшымі жыхарамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG