Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаючы з 2008 году, за афармленьне візаў пры ўезьдзе ў Беларусь замежнікі плацяць па новых коштах – значна вышэйшых, чым раней.


Тарыфы консульскага збору зьмененыя перадусім для грамадзянаў ЗША і тых эўрапейскіх дзяржаваў, якія летась далучыліся да Шэнгенскага пагадненьня (уключна з суседнімі Літвой, Латвіяй і Польшчай). У МЗС паведамілі, што такія захады зробленыя ў адказ на падвышэньні збораў для грамадзянаў Беларусі з боку ЗША і краінаў Эўразьвязу. Экспэрты лічаць, што такімі захадамі Беларусь абмяжуе і без таго невялікую плынь замежнікаў у краіну.

У зьнешнепалітычным ведамстве патлумачылі, што падвышэньне тарыфаў адбывалася дыфэрэнцыявана — з улікам кошту, які вызначылі для беларускага боку тыя ці іншыя краіны. Прыкладам, у адносінах да новых удзельнікаў Шэнгенскай зоны захады ўжытыя пасьля таго, як тыя ўзьнялі да 60 эўра консульскі збор за візы беларусам. Падаражэньне візаў для грамадзянаў ЗША стала крокам у адказ на захады Амэрыкі, якая падвысіла кошты са 100 да 131 даляра за візу. Цяпер, дарэчы, беларускія візы для амэрыканцаў маюць самыя высокія кошты: дзелавая, гасьцявая і турыстычная — 180 даляраў з чалавека, шматразовая — 350 даляраў. Для грамадзянаў краінаў, дзе няма консульскіх установаў Беларусі, кошт дзелавой і гасьцявой візы складае 70 эўра, турыстычнай — 35 эўра.

Дырэктар турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка перакананы, што істотнае падвышэньне консульскіх збораў для замежнікаў адаб'ецца перадусім на колькасьці турыстаў, якіх у Беларусі і так няшмат:

Без таго невялікі паток турыстаў у Беларусь, напэўна, будзе яшчэ больш зьмяншацца
“Калі браць такую зьяву, як міжнародны турызм, то, канечне, нягледзячы на агульную глябалізацыю эканомікі, усё роўна адным з прыярытэтаў застаецца даступнасьць краіны. Калі любы турыст выбірае краіну сьледаваньня, ён глядзіць як на тое, што яго можа там прыцягнуць, так і на нейкія арганізацыйныя моманты, да якіх, пэўна, адносяцца пражываньне, пералёт-пераезд і, натуральна, лёгкадаступнасьць краіны праз памежныя пасты, то бок празь візы. Таму сказаць, што гэта ніяк не адаб'ецца на ўязным турызьме, напэўна, было б няправільна. То бок і без таго невялікі паток у Беларусь, напэўна, будзе яшчэ больш зьмяншацца”.

Рэвізія консульскіх тарыфаў перадусім тычыцца новых краінаў, якія ў 2007-м далучыліся да Шэнгенскага пагадненьня. Для суседзяў, “з улікам неабходнасьці захаваньня ўмоваў для міжасабовых кантактаў”, зроблена палёгка: для Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі кошт аднаразовай уязной візы вызначаны ў памеры 25 эўра, шматразовай да году — 150 эўра. Для грамадзянаў Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны кошт аднаразовай візы складае цяпер 60 эўра. А вось зборы для грамадзянаў Францыі, Італіі, Нямеччыны засталіся ранейшыя: аднаразовая віза — 65 эўра, двухразовая — 115 эўра, шматразовая — 300 эўра. Кошт турыстычных візаў пачынаецца ад 50 эўра.

Дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар таксама схільны лічыць, што Беларусь у гэтым выпадку больш страціць, чым набудзе. А абвешчаная дзяржавай палітыка прыцягненьня замежнікаў сутыкнецца з тым, што ў статыстыку прыёму будуць трапляць выключна расейцы, якія транзытам едуць у Заходнюю Эўропу. Але нават расейцы паступова адмаўляюцца ад беларускага транзыту:

Надыходзіць момант, калі нашу краіну пачнуць аб'яжджаць праз Польшчу і Літву
“Гэта момант, які ўсё больш насьцярожвае. Статыстыка яшчэ пакажа, ці можна ўрэшце “вылучыць” пэўную колькасьць турыстаў з Расеі, якія едуць празь Беларусь. Альбо надыходзіць (ці ўжо надышоў) момант, калі нашу краіну пачнуць аб'яжджаць праз Польшчу і Літву. Апошнім часам мы маем справу з ноў-хаў беларускага турызму па транзыце расейскіх турыстаў празь Беларусь. Гэта як перавалачная база з адначасовым пашырэньнем магчымасьці падвысіць аб'ём паслугаў коштам прыёму, экскурсійнага паказу на 2—3 дні. Задача — прымусіць спыніцца тут, палюбавацца нашымі турыстычнымі прыгоствамі. Потым яны сядаюць і едуць далей. Але шмат расейцаў зараз транзытам перасядаюць на польскія, літоўскія аўтобусы ў тым жа Цярэспалі, мінаючы Берасьце, Менск. І ўсё гэта павінна насьцярожваць ужо зараз”.

Пры афармленьні візаў паводле тэрміновага тарыфу (цягам двух сутак) консульскі збор за афармленьне падвышаецца ўдвая. Прыкладам, калі віза афармляецца наўпрост у аэрапорце, то для гасьцей з рэгіёнаў, у якіх няма консульскіх установаў Беларусі, шматразовая гасьцявая віза складзе 200 эўра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG