Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вынікае з рэзалюцыі, прынятай ў часе ўчорашняга вечаровага паседжаньня ў Бундэстагу, кошт шэнгенскіх візаў застаецца ранейшым – 60 эўра.


Аднак утрымліваецца прапанова аб зьніжаных і ўвогуле аб бясплатных візах, якія могуць выдавацца канкрэтным рашэньнем консула. Асаблівую ўвагу прапануецца надаць моладзі, тым, хто едзе ў Нямеччыну ў рамках гуманітарных абменаў.

Тэкст дакумэнту, у аснову якога пакладзены праект кіроўнай парлямэнцкай кааліцыі хрысьціянскіх і сацыял-дэмакратаў, накіраваны на разгляд у нямецкі ўрад.

Як заявіла на ўчорашніх дэбатах старшыня парлямэнцкай групы па Беларусі сацыял-дэмакратка Ута Цапф, аўтары праекту хочуць “даць як мага большай колькасьці беларусаў магчымасьць пазнаёміцца з Эўропай”.

“Мы хочам, каб маладыя людзі, студэнты, мастакі, навукоўцы, журналісты, праваабаронцы, каб прадстаўнікі гэтых групаў, калі гэта магчыма, змаглі б наведваць эўрапейскія краіны не па такіх высокіх візавых коштах. Інакш людзі гэтай краіны ня будуць мець правільнага ўяўленьня пра тое, што адбываецца ў сьвеце”.

Тым часам распрацоўшчыкі альтэрнатыўнага праекту аб візах — сябры фракцыяў “зялёных” і вольных дэмакратаў, — лічаць, што, па сутнасьці, сытуацыя з гэтак званымі “льготнікамі” існавала і раней.

У сваім праекце апазыцыя прапаноўвала пазбавіць консульскіх збораў усіх без выключэньня маладых людзей да 26 гадоў, а таксама людзей зь нізкімі даходамі.

Як заявіла дэпутатка ад фракцыі “зялёных” Марылюіза Бэк, цяперашняя сытуацыя нагадвае “другі бок мэдаля бэрлінскай сьцяны”. “Чаму іншая краіна ЭЗ, Францыя, можа выдаваць беларусам бясплатныя візы, а Нямеччына — не? Але ж пры гэтым мы хочам дыялёгу і падтрымкі дэмакратычных сілаў”, — сказала дэпутатка.

Марылюіза Бэк назвала непасьлядоўнымі дзеяньні Эўразьвязу.

Бэк: "ЭЗ сыходзіць з ідыёцкай лёгікі. Ён лічыць, што сваім дзеяньнямі пакарае рэжым. Аднак карае насамрэч простых людзей у Беларусі".

У часе дэбатаў адзначалася, што ў 2006 годзе Эўразьвяз накіраваў Менску свае прапановы аб падтрымцы краіны ў эканамічнай і сацыяльнай сфэрах. Іх прыняцьцё дало б Беларусі вялікія шанцы ў рамках эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Падобная падтрымка, аднак, ускладае на Беларусь пэўныя абавязкі ў пытаньнях правядзеньня рэформаў, гарантыяў дэмакратычных правоў і свабодаў для грамадзян. Як падкрэсьлівалі дэпутаты, ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму дзейнасьць апазыцыі практычна немагчымая.

Таксама былі адзначаныя некаторыя пазытыўныя крокі афіцыйнага Менску. Размова ідзе пра вызваленьне палітвязьняў, адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску, прызначэньне новага амбасадара АБСЭ, маючую адбыцца сустрэчу беларускага міністра Мартынава ў нямецкім МЗС.

Сацыял-дэмакратка Ута Цапф выказала спадзяваньне на тое, што неўзабаве будуць вызваленыя і іншыя палітвязьні.

Цапф: “Мы мусім сёньня абсалютна дакладна патрабаваць, каб Аляксандар Казулін і Андрэй Клімаў былі неадкладна вызваленыя. Гэта магло б стаць вельмі важным крокам”.

Як лічаць нямецкія палітыкі, “сапраўднай лякмусавай паперкай стануць сёлетнія парлямэнцкаія выбары”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG