Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашырэньне шэнгенскай зоны Эўразьвязу да межаў Беларусі стварыла новыя перашкоды для паездак беларускіх грамадзян у Эўропу. Ці вінаваты Эўразьвяз у гэтай праблеме? Чаму беларускія ўлады ўводзяць уласную заслону для паездак за мяжу актыўных грамадзян?


Удзельнікі “Экспэртызы Свабоды”: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Наступствы набліжэньня шэнгенскай зоны

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Толькі празь месяц выявіліся наступствы ўваходу нашых суседзяў — Польшчы, Літвы, Латвіі — у шэнгенскую зону. Выехаць туды шараговаму грамадзяніну стала цяжэй. БТ апавядае душашчыпальныя гісторыі пра тое, як складана атрымаць візу, як зьніклі чэргі каля амбасадаў гэтых краін, як нават кіроўцы транспартных кампаній, турысты ня могуць выехаць у суседнія краіны. То бок на заходняй і паўночнай мяжы Беларусі апусьцілася новая заслона?”

Паўлюк Быкоўскі: “Заслона была і раней. Былі часы, калі нашы людзі сьмяяліся і казалі, што Польшча — не замежжа. Туды можна было лёгка паехаць дзеля адпачынку і па тавар. Цяпер гэтая плынь перанакіравалася ва Ўкраіну, дзе кошты на тавары ніжэйшыя”.

Аляксандр Старыкевіч: “Ніякіх нечаканасьцяў не адбылося. Гэта лягічны вынік палітыкі, якая праводзілася беларускімі ўладамі. Беларусь таксама магла б быць у шэнгенскай зоне. Але грамадзтва і ўлада зрабілі свой выбар, і мы цяпер маем ягоныя вынікі. Таму няма чаго скардзіцца на суседзяў, якія пастанавілі быць з Эўропай, а не з Вэнэсуэлай, Кітаем і Іранам.

Ці вінаваты Эўразьвяз у гэтай праблеме?

Карбалевіч: “Беларускія ўлады даводзяць, што ва ўсім вінаваты Эўразьвяз (ЭЗ), які парушае правы людзей на свабоду перамяшчэньня. Аднак і апазыцыйныя палітыкі лічаць, што новыя абмежаваньні паездак беларусаў у Эўропу — гэта няправільная палітыка ЭЗ. Ці сапраўды вінаваты ЭЗ?”
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: “Я б не вінаваціў ЭЗ. Проста шэнгенская зона пашырылася на новыя краіны — сябры ЭЗ.

Але вось Расея, Украіна знайшлі магчымасьць дамовіцца з ЭЗ і зрабіць візыты сваіх грамадзянаў у Эўропу лягчэйшымі. Беларускія журналісты, студэнты ня маюць такіх магчымасьцяў атрымаць шэнгенскую візу, як расейскія і ўкраінскія.

Беларускія ўлады мала тлумачаць, як яны вядуць перамовы з ЭЗ у гэтым пытаньні. Толькі нядаўна Беларусь панізіла кошт візаў для грамадзян краінаў ЭЗ”.

Старыкевіч: “Шэнгенская зона ня ўчора зьявілася. Проста яна пашырылася да нашых межаў.

Іншая справа, што калі б ЭЗ хацеў бачыць Беларусь дэмакратычнай краінай, то зрабіў бы, каб шлях беларусаў у Эўропу быў лягчэйшы. Ужо цяпер у гэтым кірунку робяцца пэўныя крокі. Эўрапарлямэнт разглядае пытаньне, каб зьнізіць кошт візаў для беларускіх грамадзян”.

Чаму беларускія ўлады абмяжоўваюць паездкі за мяжу актыўных грамадзян?

Карбалевіч: “Цікава, што беларускія ўлады, абвінавачваючы ЭЗ, самі, са свайго боку, уводзяць заслону для апазыцыйных актывістаў. Зьяўляецца ўсё больш прыкладаў, як іх не выпускаюць за мяжу. Бо яны трапілі ў сьпісы невыязных. Напрыклад, туды трапляюць маладыя людзі, якія вучацца ў суседніх краінах. Такім чынам, утвараецца двайная заслона”.

Быкоўскі: “Беларускія ўлады не дазваляюць вучыцца ў Беларусі моладзі, якая мае актыўную грамадзянскую пазыцыю. Таму гэтыя людзі едуць вучыцца за мяжу. Напрыклад, усім вядомы палітвязень Зьміцер Дашкевіч вучыўся ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце. Але цяпер ён ня можа паехаць у Вільню, бо трапіў у “чорны сьпіс”.

Паводле інфармацыі памежнікаў, кожны дзень на мяжы затрымліваюць 10—15 грамадзянаў. Гэта шмат”.

Старыкевіч: “Насамрэч “чорны сьпіс” існаваў і раней, дазвольны штамп у пашпарце не гарантаваў выезду. Але мы ня ведаем, як той сьпіс суадносіцца зь цяперашнім. І ўвогуле мэханізмы стварэньня гэтага сьпісу цьмяныя. Беларускія ўлады скарыстоўваюць новыя правілы супраць апанэнтаў”.

Хто больш выйграе ад гэтай сытуацыі: улада ці апазыцыя?

З аднаго боку, абмяжоўваюцца камунікацыі з Захадам, што зьмяншае ўплыў Эўропы на грамадзкае жыцьцё Беларусі. Зь іншага боку, гэта дае апазыцыі інструмэнт для размовы з насельніцтвам. Маўляў, вось як толькі Лукашэнка сыдзе, пераможа дэмакратыя, адразу адчыняцца дзьверы ў Эўропу. Дык хто больш выйграе ад гэтай сытуацыі: улада ці апазыцыя?”

Быкоўскі: “Выйграе ўлада. Бо апазыцыя ня зможа данесьці гэтую ідэю да насельніцтва, яна ня мае для гэтага адпаведных мэханізмаў. Гэты рычаг ня зможа перакуліць сытуацыю”.

Старыкевіч: “Я ня ведаю, хто ад гэтай сытуацыі выйграе, але ведаю, што прайграем усе мы, простыя грамадзяне. Прайграе і ЭЗ, які імкнецца да дэмакратычных пераменаў у Беларусі”.

Карбалевіч: “Для многіх беларусаў, якіх не пускаюць за мяжу, праблема дыктатуры, міжнароднай ізаляцыі Беларусі з абстрактнага паняцьця ператвараецца ў нешта канкрэтнае. ЭЗ дасылае беларускаму грамадзтву мэсыдж: “Хочаце вольна езьдзіць у Эўропу — мяняйце ўладу”. Ці пачуе Беларусь гэтую вестку?”

Быкоўскі: “Тут дзейнічае ня толькі палітычны, але і эканамічны чыньнік. ЭЗ абараняе сябе ад эканамічнай іміграцыі. Беларусы занадта бедныя, каб вольна езьдзіць у Эўропу”.

Старыкевіч: “Баюся, што гэты мэсыдж ЭЗ існуе толькі ў нашым уяўленьні. Насамрэч у Брусэлі ня надта думалі пра тое, як адаб’ецца пашырэньне шэнгенскай зоны на беларусах.

Сёньня на нашым сайце зьявіўся артыкул, у якім выказваецца такая думка. Цяпер Расея заваблівае Беларусь пернікам. А на захадзе Беларусі пабудаваны высокі плот. Гэтая сытуацыя ня будзе спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і стварае пагрозу яе незалежнасьці”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG