У Беларусі беспрацоўнымі лічаць тых, хто афіцыйна зарэгістраваўся ў службе занятасьці. Ніхто іншы ў афіцыйную статыстыку не трапляе. Анансуючы новую вэрсію дэкрэту «аб дармаедах», кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава назвала сымбалем беспрацоўя Столін, дзе «няма проста работы сёньня».

А мы вырашылі спраўдзіць, як жывуць Старыя Дарогі. Тут, паводле афіцыйных зьвестак, найніжэйшы паказьнік беспрацоўя ў краіне — 0,1%. Сёлета сярэдні заробак у горадзе вырас на 11,5%. На першы погляд, мясцовае жыцьцё выглядае аптымістычна.

Старыя Дарогі — раённы цэнтар Менскай вобласьці з насельніцтвам 10,5 тысячаў чалавек. У цэнтар гораду з боку Менску вядзе вуліца Кірава. Адразу на ўезьдзе паабапал яе мноства прадпрыемстваў. Заходзім да вартаўніка аўтабазы раённага спажывецкага таварыства Генадзя Іванавіча. Ён жыве ў Старых Дарогах з 1983 году. Раней працаваў прадпрымальнікам, стварыў уласную СТА — цяпер ёю кіруе сын.

«Сам горад выглядае значна больш утульна, чым раней. У маім раёне, былым вайсковым гарадку, за апошнія гады пабудавалі дамоў сем вялікіх і „Эўраопт“. Рамантуюць старыя дамы, мяняюць дахі. Некалькі апошніх гадоў прырастае насельніцтва. Але з працай цяжка: трыста рублёў лічыцца нармальным заробкам. Раней жыцьцё больш імкліва тут круцілася».

Генадзь Іванавіч кажа, што на дзяржаўных прадпрыемствах шмат не заробіш. Ягоная жонка, напрыклад, атрымоўвае ў спажывецкім таварыстве 200 рублёў. Добра плацяць толькі «спрытныя прадпрымальнікі», калі добра наладзяць гандаль.

«Афіцыйнае беспрацоўе моцна заніжана»

Навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Алег Мазоль лічыць, што гэта палітычнае пытаньне: трэба паказаць, што ў нашай краіне нізкае беспрацоўе, ніякай сацыяльнай напругі няма.

«Арыентавацца на афіцыйныя зьвесткі ня варта, бо яны не адлюстроўваюць рэальнай сытуацыі, — кажа экспэрт. — Тых жа так званых дармаедаў нават афіцыйна — сотні тысячаў. Але яны не зарэгістраваныя на біржах, а таму не трапляюць у статыстыку беспрацоўных».

Мазоль лічыць, што дзяржава ведае рэальныя зьвесткі. Штогод вядзецца ўлік хатніх гаспадарак, сярод іншага людзей пытаюць аб працы.

«Гэты агляд дазваляе выявіць неактыўнае насельніцтва ды збольшага ацаніць рэальную сытуацыю, выбарка там добрая: апытваюцца каля пятнаццаці тысячаў чалавек. Але ў адкрытым доступе гэтых лічбаў няма».

Уладзімер працуе электрамантэрам у мясцовай філіі Слуцкіх электрычных сетак з 1993 году. Спэцыяльнасьць атрымаў у суседняй Любані. Кажа, што працуюць 24/7, у штаце больш за 60 чалавек. Яго мы сустрэлі за нейкую сотню мэтраў ад першага суразмоўцы: адпачываў на сьвежым паветры.

«Масавых скарачэньняў у горадзе, здаецца, няма: ня ведаю, каб закрываліся нейкія прадпрыемствы. Наадварот, месяц таму ўкраінцы адкрылі завод BelTribo за амаль два мільёны даляраў. Там рабіцьмуць тармазныя калодкі для БелАЗу. Жодзінцам таксама нядаўна перайшоў наш мэханічны завод (у 2012 годзе. — РС): там вырабляюць для іх вузлы й дэталі. Раней ён канаў, але цяпер пайшоў у рост. Маслазавод і хлебазавод таксама працуюць».

Новы завод «ад украінцаў» пабудаваны на завулку Кіраўскім. Ён адыходзіць улева ад вуліцы Кірава на гарадзкі ўскраек. Дарогаю бачым дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Прадавачка ў тутэйшай краме распавяла, што ў дзяржаўным лясгасе ці ня лепшыя заробкі ў горадзе. Побач зь ім знаходзіцца прыватнае прадпрыемства, гаспадар там немец, пэрыядычна наведвае.

Ідзем утрох з былой настаўніцай, якая кіруецца ў бок лесу на шпацыр: пагодны дзень. Пэнсіянэрка не назвалася, але падрабязна апавядае пра жыцьцё ў горадзе:

«У нас тры школы й гімназія. Далей тут вучыцца няма дзе. Моладзь пераважна выяжджае ў Менск, Слуцак, Любань і Бабруйск. З працай цяжка. Я чула, што мы на першым месцы ў краіне па беспрацоўі (папраўдзе на першым з канца. — РС). Мы нядаўна „Вэртыкаль“ прамінулі — гэта будаўнічае прадпрыемства. Неяк мела размову з тамтэйшым працоўным: ён казаў, што яго перавялі з будаўнікоў у качагары, бо няма замоваў. Што гэта за прадпрыемства, калі нічога не будуе? У іх няма грошай нават цэмэнт і будаўнічыя матэрыялы закупіць».

Калі прамінаем лясгас, спадарыня апавядае гісторыю пра суседзкую сям’ю. Хлопец вывучыўся ў менскім унівэрсытэце на псыхоляга, а ў тутэйшай школе яму прапанавалі заробак 120 рублёў. Цяпер ён працуе ў лясгасе за 400. Яна абураецца, што чалавек з вышэйшай адукацыяй вымушаны зарабляць грузчыкам.

«Пэнсіі ў асноўным 200-300 рублёў, але заробкі такія самыя. Калі стаяла ў банку ў чарзе па грошы, чула, як два мужыкі скардзіліся: па 200 рублёў маюць. Трактарыстамі робяць».

Экспэрт Алег Мазоль зьвяртае ўвагу на неэфэктыўнасьць дзяржаўнай дапамогі беспрацоўным. У Беларусі на яе немагчыма пражыць — і людзі вымушаныя пагаджацца на ўсякую працу, незалежна ад сваёй кваліфікацыі.

«Наша мадэль неэфэктыўная як для асобнага чалавека, так і наагул для эканомікі: людзі займаюцца ня тым, што ўмеюць найлепш, — растлумачыў экспэрт. — Іншае пытаньне, ці пацягне наша эканоміка павелічэньне выплатаў беспрацоўным».

Старыя Дарогі — паселішча з даўняй гісторыяй, але горад нестары, тут няма кварталаў гістарычнай забудовы. Яна пераважна савецкая ў цэнтры ды сучасная на ўскрайках. Тая ж вуліца Кірава вядзе да галоўнай мясцовай славутасьці: у трохпавярховым будынку зь вежай і калёнамі цяпер месьціцца моладзевы цэнтар «Юнацтва». З аднаго боку ад яго стадыён, дзе гуляе гарадзкі футбольны клюб, зь іншага — чыгуначны вакзал. Непадалёк і галоўны пляц, выглядае ён стандартна: райвыканкам, палац культуры, дошка гонару ды помнік Леніну.

Вуліца Кірава выглядае па-эўрапейску ўтульна: невялічкія дамкі з крамамі, шмат лаваў на ходніку, але гэта ўсяго на сотню мэтраў. Далей — кавярня «Юлія», пяціпавярховыя дамы ды прыватны сэктар.

Каля майстэрні сустракаем мужчыну. Ужо больш як 10 гадоў ён працуе ў прыватнай кампаніі «Лёс», якую ў 1991 годзе заснаваў мясцовы прадпрымальнік. Яны перапрацоўваюць рапс, займаюцца дрэваапрацоўкай, вырабляюць дзьверы й вокны. У штаце каля ста чалавек. Прадукцыя ідзе пераважна на экспарт у Літву, Латвію ды Нямеччыну.

«Усе дзяржаўныя прадпрыемствы даўно ў заняпадзе, — распавядае мужчына. — Не плацілі заробкаў — людзі й паразьбягаліся. Юрыдычна яны як бы ёсьць, але фактычна нармальную працу прапанаваць ня ў стане. Наколькі ведаю, прымальная сытуацыя ў лясгасе, на маслазаводзе, а таксама на мэханічным заводзе, які адышоў БелАЗу».

Суразмоўца кажа, што добрыя заробкі ў Старых Дарогах мець можна толькі ў прыватных кампаніях. Так, асабіста ён працаваў электрыкам, пакуль спадар Санкевіч не перавабіў яго ўдвая большай аплатай.

Супрацоўнікі BEROC праводзілі мноства дасьледаваньняў у рэгіёнах. Сярод іншага, яны выявілі неэфэктыўнасьць дзяржаўнага сэктару. У асобным горадзе — напрыклад, у Старых Дарогах — можа й насамрэч няма крытычнай сытуацыі з беспрацоўем, але людзі вымушаныя працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах за пару соцень рублёў.

«Яшчэ гадоў дваццаць таму дзяржава мусіла б ствараць умовы для разьвіцьця бізнэсу, у тым ліку сямейнага. А рабілася ўсё інакш: стаўку зрабілі на дзяржаўны сэктар, бізнэс абклалі высокімі падаткамі», — кажа экспэрт Алег Мазоль.

Мы прайшлі ўвесь горад і дайшлі да раёну нашага першага суразмоўцы, вартаўніка Генадзя Іванавіча. Тут сапраўды шмат новых пяціпавярховых дамоў і вялікі гандлёвы цэнтар. Увагу прыцягнула стаянка з фурамі. Мы запыталі ў кіроўцы адной зь іх, ці возяць яны тавар зь мясцовых прадпрыемстваў. Аказалася, што проста зручнае месца для стаянкі. Старыя Дарогі тут заканчваюцца — вайсковай часткай.