Віно, сыр і зьнешняя палітыка. Як і чаму Расея забараняла імпарт прадуктаў

28 чэрвеня 2019 году
Радыё Свабода

Расейскія ўлады досыць часта забараняюць увоз у краіну тых альбо іншых прадуктаў. Фармальна абмежаваньні звычайна тлумачацца нізкай якасьцю ежы або напояў. Узгадайма пра выпадкі, калі забароны супадалі са зьнешнепалітычнымі падзеямі, што ішлі насуперак інтарэсам Крамля.

Чэрвень 2019 году

Грузія

Часовая забарона палётаў расейскіх авіякампаній у Грузію, а таксама абмежаваньне ўвозу грузінскага віна.

Афіцыйная прычына: Пагроза бясьпецы грамадзян РФ і значнае зьніжэньне якасьці грузінскіх вінаў.

Магчымая прычына: Рост антырасейскіх настрояў у выніку скандалу ў парлямэнце Грузіі і шматдзённых пратэстаў у Тбілісі.

Чэрвень 2018 году

Беларусь

Часовыя абмежаваньні на пастаўкі малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі.

Афіцыйная прычына: Рассельгаснагляд выявіў шматлікія парушэньні ў імпартаванай прадукцыі.

Магчымая прычына: Расея спрабавала абмежаваць доступ беларускай малочнай прадукцыі на ўнутраны рынак, каб даць магчымасьць разьвівацца расейскім вытворцам.

2016 год

Беларусь

Абмежаваньне ўвозу прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.

Афіцыйная прычына: Дзеючая забарона на ўвоз у РФ небясьпечных і санкцыйных прадуктаў.

Магчымая прычына: Беларусь спрабавала завезьці санкцыйныя прадукты на тэрыторыю РФ пад выглядам прадукцыі мясцовай вытворчасьці.

Студзень 2016 году

Турэччына

Расейскі ўрад ад 1 студзеня 2016 году забараніў увозіць пэўныя віды садавіны і гародніны з Турэччыны.

Прычына: 24 лістапада 2015 году турэцкі зьнішчальнік F-16 зьбіў расейскі бамбавік Су-24 блізу мяжы Сырыі з Турэччынай.

Жнівень 2014 году

Харчовае эмбарга

Расея абмежавала ўвоз мясных і малочных прадуктаў, рыбы, гародніны, садавіны і арэхаў з краін Эўрапейскага зьвязу, ЗША, Аўстраліі, Канады і Нарвэгіі. Пазьней у сьпіс «санкцыйных» уключылі Ісьляндыю, Ліхтэнштэйн, Альбанію, Чарнагорыю і Ўкраіну.

Прычына: Адказ на ўведзеныя санкцыі, а таксама праграма падтрымкі айчынных вытворцаў.

Верасень 2013 году

Малдова

Эмбарга на пастаўку малдаўскіх вінаў.

Афіцыйная прычына: Расспажыўнагляд заявіў аб нізкай якасьці прадукцыі, якая пастаўляецца на расейскія рынкі.

Магчымая прычына: Кішынэў рыхтаваўся падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам і стварэньні зоны вольнага гандлю.

Ліпень 2013 году

Украіна

Забарона на ўвоз у Расею ўкраінскіх цукерак маркі Roshen.

Афіцыйная прычына: Расспажыўнагляд выявіў неадпаведнасьць прадукцыі Roshen нарматывам колькасьці тлушчаў, а таксама адхіленьні паводле паказьнікаў якасьці.

Магчымая прычына: Намер Украіны падпісаць з Эўразьвязам пагадненьне аб вольным гандлі.

Чэрвень 2009 году

Беларусь

Забарона на імпарт беларускага малака.

Афіцыйная прычына: Неадпаведнасьць беларускай прадукцыі новым тэхнічным рэглямэнтам на малако і малочную прадукцыю.

Магчымая прычына: Адмова ў продажы расейскім кампаніям беларускіх малочных заводаў у абмен на прадстаўлены раней дзяржаўны крэдыт у 2 млрд даляраў.

Травень 2006 году

Грузія

Поўная забарона на ўвоз і продаж мінэральнай вады «Баржомі».

Афіцыйная прычына: Расспажыўнагляд палічыў, што грузінскія мінэральныя воды «Баржомі» і «Набеглаві» не адпавядаюць расейскім патрабаваньням якасьці.

Магчымая прычына: Пагаршэньне адносін паміж Расеяй і Грузіяй пасьля «Рэвалюцыі ружаў».

Сакавік 2006 году

Грузія і Малдова

Поўная забарона на пастаўкі і продаж віна і вінаматэрыялаў з Грузіі і Малдовы.

Афіцыйная прычына: Расспажыўнагляд аргумэнтаваў забарону павышаным утрыманьнем пэстыцыдаў у віне і вінаматэрыялах.

Магчымая прычына: Адносіны паміж Расеяй і Грузіяй рэзка пагоршыліся пасьля «Рэвалюцыі ружаў». Новае кіраўніцтва Грузіі заявіла аб плянах уступленьня ў NATO. Малдова агучыла пляны эўраінтэграцыі.