20 год таму Ігар Станкевіч упершыню задумаў скласьці генэалягічнае дрэва сям’і. Разам з гісторыяй пра шляхецкае паходжаньне і далёкага родзіча — віцэ-губэрнатара Менску ён адкрыў, што 25 ягоных продкаў трапілі пад сталінскія рэпрэсіі, сярод іх 10 былі расстраляныя. Праз 99 год ад пачатку рэпрэсій супраць ягонай сям’і ён дамагаецца, каб цяперашняя ўлада прызнала, што ягоныя прадзеды і прабабкі — не злачынцы.

Пра рэпрэсіі ў сям’і не размаўлялі

Слова «рэпрэсіі» ў сям’і Ігара Станкевіча, 42-гадовага піяршчыка зь Менску, практычна не гучала. Калі гарталі старыя сямейныя альбомы з партрэтамі дзядоў і прадзедаў, у маміных апавяданьнях зрэдзьчасу праскоквала, што таго расстралялі, а тую раскулачылі.

«Але гэта ўсё было на ўзроўні сямейных паданьняў», — кажа Ігар.

Студэнтам Ігар пачаў складаць генэалягічнае дрэва свайго роду. У 1997 годзе ў госьці прыехала сваячка з Расеі. Разам зь ёй ён пачаў падпісваць старыя фота і складаць радавод.

«Тых, хто займаецца генэалёгіяй, называюць дэтэктывамі, — кажа Ігар. — Пра расстраляных я даведаўся ад той цёткі. Так па драбочку я пачаў складаць гісторыю сям’і».

Выявілася, што амаль уся сям’я Ігаравай прабабкі па лініі маці была рэпрэсаваная. На сямейным фота 1915 году — 6 чалавек. Рэпрэсавалі прапрадзеда, прапрабабку, наймалодшага сына і старэйшую дачку. Адзін сын у міжваенны час жыў у Польшчы, а таму пад савецкія рэпрэсіі ня трапіў. Ён загінуў у Варшаўскім паўстаньні. Сярод усіх сваякоў не пацярпела толькі адна дачка.

«Гэта толькі найбліжэйшыя сваякі, — кажа Ігар. — А калі наагул пра сям’ю распавядаць, я знайшоў, што ў мяне на сёньня 25 сваякоў былі расстраляныя, раскулачаныя, сасланыя на ўсход».

«Гісторыя катком прайшлася па маіх продках»

Першай пад рэпрэсіі падпала хросная Ігаравай бабулі — Нона Неміровіч-Данчанка, якая жыла ў Сімбірску (сёньня Ўльянаўск. — РС). У 1919 годзе яе за контрарэвалюцыйную дзейнасьць адправілі ў канцэнтрацыйны лягер. Пра яе і пра большасьць іншых продкаў Ігар часьцей даведваўся не ад сваякоў, а з архіўных дакумэнтаў.

«Бабуля памерла, калі мне было 7 год, яна вельмі мала што распавядала маёй маці», — кажа Ігар.

У 1920-я пачаўся перасьлед ужо ягоных крэўных. Усе яны жылі ў Воршы і ваколіцах. Прапрадзед Ёсіф і прапрабабка Марыя Каменскія жылі на хутары Глякава пад Воршай. Як заможную сям’ю іх раскулачылі ў 1930 годзе і выслалі ў Котлас — горад у Архангельскай вобласьці на поўначы Расеі. 72-гадовы бацька спрабаваў уцячы, але патануў у рацэ. Маці потым вярнулася ў Воршу і памерла ў 1940 годзе.

Разам зь імі ў Котлас быў сасланы і Антон Каменскі — малодшы сын Ёсіфа і Марыі, пляменьнік Мікалай. Для Антона і Мікалая гэта быў ужо другі арышт. Першы раз іх затрымлівалі ў 1927 годзе за «шпіянаж на карысьць Польшчы». Але неўзабаве адпусьцілі.

Агулам Антона арыштоўвалі пяць разоў. Пасьля апошняга арышту ён трапіў у Аршанскую турму ў 1937 годзе. За «контрарэвалюцыйную дзейнасьць» яго расстралялі.

Ганну Каменскую (Хадзеўцаву па мужу), старэйшую сястру, арыштавалі разам з мужам у 1937 годзе. Іх абвінавацілі ў «шпіянажы на карысьць Польшчы» і расстралялі ў лістападзе 1937-га. Гэта прабабка і прадзед Ігара.

Яшчэ адзін брат — Пётар Каменскі — у міжваенны час служыў афіцэрам у Польшчы. Толькі таму ён ня трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Але загінуў падчас Варшаўскага паўстаньня ў 1944 годзе.

«Частка нашай сям’і зьехала ў Польшчу. І многія зь іх таксама загінулі. Але ў барацьбе, за нашу і вашу свабоду. А тыя, хто застаўся тут, загінулі як сабакі пад плотам», — кажа Ігар.

Вікторыя Каменская — адзіная зь сям’і, хто не пацярпеў ні ад рэпрэсій, ні ад войнаў. Ігар лічыць, што яна пазьбегла перасьледу, бо ейны муж памёр у 1937 годзе, і ўлады ня сталі чапаць удаву. Калі б муж быў жывы, вельмі верагодна, што і Вікторыю не абмінула б прынамсі турма.

«Па школьных падручніках гісторыя Беларусі — гэта пра тое, як у савецкія часы тут будавалі сьветлую будучыню, што калектывізацыя — усё гэта добра. Але па маіх продках гэтая гісторыя прайшлася катком».

Агулам Ігар налічыў сярод сваіх родных 25 чалавек, якія наўпрост пацярпелі ад рэпрэсій. 10 зь іх былі расстраляныя. Прапрабабку Марыю і прапрадзеда Ёсіфа дагэтуль не рэабілітавалі.

У КДБ дакумэнты не далі, а паўтары гадзіны зачытвалі справу

20 гадоў таму Ігар пачаў напаўняць генэалягічнае дрэва.сваёй сям’і. Хоць уся ягоная радня зь Беларусі, але якраз зь мясцовых архіваў здабываць інфармацыю было найцяжэй.

З 2009 году ён спрабаваў атрымаць хоць якія зьвесткі ад КДБ. Толькі ў 2017-м ён трапіў у архіў КДБ па Віцебскай вобласьці.

«Самі дакумэнты мне не паказалі, а толькі зачытвалі іх на працягу паўтары гадзіны. Так яны знаёмяць са справай», — кажа Ігар.

Адзінае, што ён атрымаў з дакумэнтаў, — анкеты сваёй прабабкі Ганны і прадзеда Захарыя. Але ў справах, напрыклад, замазаная графа «нацыянальнасьць». Як патлумачыла яму супрацоўніца КДБ, якая знаёміла са справай, нацыянальнасьць не называюць, бо многія спрабуюць адшукаць польскія карані, каб атрымаць «карту паляка».

«Ім забаронена называць нацыянальнасьць, калі продкі былі палякамі. Прозьвішчы сьледчых і даносчыкаў не называюць. Шмат чаго яшчэ. Хоць гэтая інфармацыя ёсьць у справе», — кажа Ігар.

А вось з расейскіх архіваў Ігар атрымаў стосы дакумэнтаў — падрабязныя пратаколы допытаў. За ўсё гэта ён заплаціў Сьвярдлоўскаму архіву 1800 расейскіх рублёў (на 2015 год — каля 30 даляраў ЗША. — РС). Як яны там апынуліся? Антон Каменскі адбываў высылку ў Ніжнім Тагіле, а таму ранейшыя справы былі перасланыя на Ўрал.

«У мяне ад усёй інфармацыі галава пачала выбухаць, — кажа Ігар. — Зараз трэба рабіць кніжку, бо ўсё распавесьці і нават запомніць немагчыма. Асобным разьдзелам у ёй будзе сьпіс рэпрэсаваных сваякоў».

Адзін дзед рэпрэсаваны, а другі расстрэльваў

Са сьвярдлоўскіх архіваў Ігар Станкевіч атрымаў і копіі даносаў на роднага брата сваёй прабабкі — Антона Каменскага. Калегі пішуць у органы, як Каменскі падбухторвае іншых не працаваць сумленна і сумняецца ў моцы савецкай улады.

Цытата з абвінаваўчага заключэньня ў справе Антона Каменскага:

"У сельгасарцель сапраўды не ўступаў і не ўступлю. У гэтым пытаньні маю прынцыповыя разыходжаньні з палітыкай партыі. Я думаю, што калгасы на дадзеным этапе жыцьцёвымі быць ня могуць, і лічыў бы, што найлепшай формай земляробства будуць зьяўляцца менавіта саўгасы і толькі яны. Пра гэта кажу ўсім адкрыта!

Калі ж я расказваў пра дрэннае становішча жыцьця ў вёсцы, што жывёлы няма, хлеба няма, пра тое, што ў выкладзеных фактах антысавецкага зьместу дзяліўся думкамі зь іншымі спэцперасяленцамі нашага спэцпасёлку, у гэтым вінаватым сябе прызнаю".

Цяпер нескладана і знайсьці тых даносчыкаў. Але Ігар кажа, што гэтым займацца яму нецікава.

«Мне б разабрацца з тым, што ёсьць. А што даносчыкі? Яны паўміралі. У Піцеры ёсьць знаёмы, у яго адзін дзед быў рэпрэсаваны, а другі расстрэльваў. І што яму рабіць?»

Пачаўшы варушыць мінулае, з аднымі невядомымі яму раней сваякамі Ігар пазнаёміўся, а зь іншымі пасварыўся.

«Мне казалі, што рэпрэсіі — гэта маргінальная тэма. Але я ўбачыў, што людзям гэта баліць»

Ведаючы, дзе і як можна шукаць зьвесткі пра рэпрэсаваных, ужо некалькі гадоў Ігар гуртуе вакол сябе нашчадкаў рэпрэсаваных аршанцаў. Цяпер іх чалавек сорак.

«Раней мне казалі, што рэпрэсіі — гэта маргінальная тэма, нікому яны не цікавыя. Але я ўбачыў, што людзям гэта баліць. І яны хочуць нешта зрабіць. І сталыя, і маладыя», — кажа Ігар.

Сваякі рэпрэсаваных усталёўваюць шыльды з імёнамі сваіх продкаў на Кабыляцкай гары прызнаным — яшчэ ў савецкі час месцы масавых расстрэлаў НКВД. У Юрыя Копціка, які раней працаваў у раённай газэце, захавалася даведка 1982 году, што гэта месца расстрэлаў.

«Сёньня мне жанчына тэлефанавала з Масквы. Яна ня ведала пра „Адкрыты сьпіс“. А там інфармацыя пра яе прадзеда. Для людзей гэта шок. Яны прапануюць мэмарыял паставіць у Воршы, але не разумеюць, чаму ўлады адмаўляюць».

Сёлета актывісты некалькі разоў сустракаліся з аршанскімі ўладамі і дамовіліся, каб на Кабыляцкай гары аднавілі памятную шыльду. У верасьні выйшла кніга Зьмітра Дразда «Месца расстрэлу — Ворша». У ёй сабраныя даведкі на 1874 чалавек, расстраляных у Воршы. Ігар Станкевіч таксама хоча выдаць кнігу пра рэпрэсаваных у Воршы, бо ў яго набралася ўжо шмат гісторый і фатаздымкаў.

«Улады ня хочуць, каб мы ведалі сваю гісторыю. Таму што лягчэй кіраваць людзьмі, якія ня ведаюць, адкуль яны. Што яны сёньня і робяць».

«Для сёньняшняй улады мае продкі застаюцца злачынцамі»

Пошукі сваіх продкаў і дапамога іншым аршанцам сталі для Ігара другой працай. Кабінэт у ягонай кватэры, з фатаздымкамі, альбомамі і архіўнымі дакумэнтамі, нагадвае музэй. Падпісваючы фота ў старым альбоме 20 год таму, ён не чакаў, што пошукі зойдуць так далёка.

«Штосьці ўнутры мяне патрабуе займацца гэтым. У Кабыляках ляжаць мае продкі. І калі я бачу, як улады ставяцца да захаваньня памяці пра іх, як хаваюць дакумэнты, я адчуваю, што ня толькі мае продкі застаюцца ворагамі народу, але і я таксама».

На думку Ігара Станкевіча, самае простае, што могуць зрабіць улады для нашчадкаў рэпрэсаваных, — гэта адкрыць архівы і зьняць абмежаваньні на асабістыя справы. Хоць у іншых краінах пацярпелыя ад рэпрэсій атрымлівалі грашовыя кампэнсацыі, ім і іхнім продкам вярталі адабраную маёмасьць.

«Праводзіць рэстытуцыю ўжо складана, бо зьмянілася некалькі пакаленьняў, — кажа Ігар. — Калі б проста далі доступ да архіваў, я паверыў бы, што дзяржава выбачылася».

Для яго важна, каб пра рэпрэсіі асабліва добра ведалі ў Воршы — блізкім да Расеі горадзе. Ігар лічыць, што ўсходнія рэгіёны Беларусі зазнаюць большы ўплыў расейскай прапаганды.

«Масава нішчыць людзей — гэта частка расейскай культуры. Людзі для Расеі — пыл. І для мяне асабліва важна, каб аршанцы ведалі, што расейцы рабілі зь іхнімі сваякамі».