«Нават з Амэрыкі прыяжджаюць». Рэпартаж зь пяцідзясятніцкай вёскі на Палесьсі
«Нават з Амэрыкі прыяжджаюць»
Рэпартаж зь пяцідзясятніцкай вёскі на Палесьсі

Альшаны — васьмітысячная вёска (цяпер так званы аграгарадок) на Століншчыне. Большасьць вернікаў тут вызнаюць пяцідзясятніцтва — самую масавую плынь пратэстанцтва ў Беларусі. Журналіст Павал Дабравольскі і фатограф Тацяна Ткачова наведалі мясцовыя пяцідзясятніцкую й праваслаўную цэрквы.

Пратэстанцтва ў Беларусі

Пяцідзясятнікі, ці хрысьціяне веры эвангельскай (ХВЭ), у Беларусі складаюць самую папулярную плынь пратэстанцтва. У краіне зарэгістравана больш як паўтысячы суполак — гэта больш, чым маюць каталікі.

Пяцідзясятніцтва ўзьнікла ў пачатку ХХ стагодзьдзя ў ЗША. А ў Беларусі пяцідзясятнікі зьявіліся ў міжваенныя гады — на тэрыторыі тагачаснага Палескага ваяводзтва. Туды прыяжджалі замежныя місіянэры, а таксама вяртанцы з Амэрыкі. З таго часу й да сёньня ў беларускім Палесьсі ёсьць некалькі пяцідзясятніцкіх вёсак, найбуйнейшая зь якіх — Альшаны на Століншчыне.

Першае, на што зьвяртаеш увагу, прыехаўшы ў Альшаны, — сотні парнікоў як на ўскрайках вёскі, так і на падворках, а таксама дзясяткі фураў і грузавікоў, якія стаяць каля прыватных дамоў. Мяркуючы зь вялікай колькасьці прыстойных катэджаў і новых аўтамабіляў, узровень жыцьця тут значна пераўзыходзіць сярэдні ў краіне. Сакрэт посьпеху — у вялізным экспарце гародніны, у першую чаргу — агуркоў. У сэзон іх тут прадаюць больш за тысячу тон. Штодзень.

Магчымасьць добра зарабляць спыняе адток моладзі. У Альшанах дзьве сярэднія школы. А замест вышэйшай адукацыі маладыя часта выбіраюць працу.

Альшаны маюць зь Менскам наўпроставае спалучэньне, маршрутка туды йдзе амаль 5 гадзінаў. Паблізу няма моста цераз Прыпяць, і кіроўца едзе праз Жыткавічы й Тураў. Траса № Р88, што вядзе з гэтых гарадоў у Альшаны, плаўна пераходзіць у галоўную вуліцу вёскі — Школьную.

Амаль адразу справа відаць вялікую 3-павярховую школу № 1 са стадыёнам, дзе гуляе мясцовая аматарская футбольная каманда «Прыпяць» — леташні чэмпіён Берасьцейскай вобласьці.

Дамінантай цэнтральнае часткі ёсьць праваслаўная царква, якую пабудавалі замест спаленай. Нядаўна на ёй замянілі купалы. Тут жа дом культуры, аўтастанцыя, «Беларусбанк», крама «Родны кут». Гэта самае люднае месца Альшанаў. Але не па нядзелях.

Ідзем да галоўнай славутасьці вёскі — Дому малітвы ХВЭ. Ён знаходзіцца непадалёк ад праваслаўнай царквы, на Савецкай вуліцы.

На паралельнай ёй вуліцы — Тургенева — сустракаем дзьвюх жанчын. Еўдакія і Праскоўя сядзяць на лаўцы каля прыватнага дома. Адна зь іх ходзіць у пратэстанцкую царкву, другая — у праваслаўную, але на жартаўлівае пытаньне, ці ня сварацца, толькі сьмяюцца.

«Большасьць жыхароў вёскі — пяцідзясятнікі, — кажа Еўдакія. Яе праваслаўная сяброўка пагаджаецца. — Адных толькі дзетачак больш за тысячу ходзіць. Раней наша царква знаходзілася ў маленькай хаце, але яна не захавалася. Стаяла каля маёй. Бацькі былі праваслаўнымі. У царкву рэгулярна хаджу 22 гады — ужо ў новую, на Савецкай, бягом бегла сюды. Ды не адна я — мала месца, ня ўлазяць усе».

Суразмоўца кажа, што па нядзелях у царкве два набажэнствы — а 10-й і а 17-й. Людзей больш зранку зьбіраецца. Тады амаль уся вуліца з абодвух бакоў машынамі застаўленая.

Падыходзіць яе муж і нагадвае, што ўжо час зьбірацца на вячэрнюю службу. Еўдакія кажа, каб мы абавязкова туды завіталі, бо «там хораша ды хор прыгожа пяе — людзі й зь Менску прыяжджаюць, і з Украіны, і з Амэрыкі».

— Я таксама зьбіраюся на службу — у нас пачатак а 18-й, — кажа Праскоўя.

Жанчыны дадаюць, што парнікі дазваляюць зарабляць, толькі гэта вельмі цяжкая праца — «колькі, дзетачкі, падаюць у парніках». Але альтэрнатывы няма: завод не будуюць, у калгасе больш за 300 рублёў не заробіш.

— Кажуць, што пэнсію не дадуць, а дзе рабіць — кароў жа ня ўсе даіцімуць, — усхвалявана кажа Еўдакія. — Прыяжджаў Лукашэнка ды прапанаваў ехаць на Магілёўшчыну, бо там нібыта хапае афіцыйнай працы. А ты ўсё сваё кінеш? Нічога не зьмянілася пасьля яго прыезду.

Дом малітвы Хрысьціян веры эвангельскай

Далей на вуліцы сустракаем Паўла Іванавіча. Ён ідзе ў царкву.

«Як казаў стары брат Сьцяпан, нашая царква зьявілася ў 1927 годзе. Гэта быў маленькі прыватны дом. Мае маці і бабуля туды хадзілі, а я быў атэістам. У савецкія гады ўціскалі моцна, але нашыя ня слухалі ды ўсё роўна прапаведавалі. Цяперашні будынак асьвяцілі ў 1991 годзе. Я ўвераваў у 1993-м. Да Бога прывяла хвароба: шмат што непакоіла, але як стаў хадзіць у царкву — палягчэла».

Наш суразмоўца наведвае пяцідзясятніцкі Дом малітвы некалькі разоў на тыдзень. Кажа, што царква імкліва расьце: штогод колькасьць чальцоў грамады павялічваецца больш як на сотню.

Жыхары вёскі, паводле Паўла Іванавіча, ходзяць на набажэнствы як на сьвяты — прыгожа апранаюцца. І мы заўважаем гэта: адусюль ідуць мужчыны й хлопцы пераважна ў касьцюмах ці ў кашулях, жанчыны й дзяўчаты — у сукенках.

Мы заходзім у царкву. У ёй каля тысячы сядзячых месцаў. Як і ва ўсіх пратэстанцкіх храмах, тут няма аўтароў, абразоў, сьвечак — голыя сьцены з адным краявідам на сьцяне за сцэнай. Электронны гадзіньнік паказвае, што да пачатку яшчэ паўгадзіны, але ўжо запоўненыя амаль усе месцы.

Адразу заўважныя два адрозьненьні ад менскіх пратэстанцкіх цэркваў: жанчыны хаваюць валасы пад хусткі ды сядзяць асобна ад мужчынаў — у левай частцы, як унізе, так і на бальконе.

Набажэнства пачынаецца са сьпеваў. Пяюць сотні галасоў, у тым ліку прафэсійны хор. Гэта ўражвае да мурашак на скуры.

Пасьля трэцяй песьні вернікі падымаюцца ды пяюць псальму стоячы: хтосьці на памяць, хтосьці гледзячы ў кнігу «Зборнік духоўных гімнаў і песьняў эвангельскіх цэркваў».

«Я ошибаться с малых лет горазд, но Ты меня оберегал не раз. Наставник! В мире столько зла и бед. Не уходи, мне нужен Твой совет», — гучна пяе заля.

На сцэну выходзіць дыякан Васіль Пашкавец. Ён заклікае больш паглыблена вывучаць Біблію і выконваць прачытанае. Зачытвае цытату з Эвангельля ад Лукі «Што завяце Мяне: „Госпадзе! Госпадзе!“ і ня робіце таго, што Я кажу?».

Ён прамаўляе гучна, эмацыйна, не чытае з паперкі. Кажа, што мы павінны не ўжываць алькаголю, не курыць, маральна сябе паводзіць і г. д. «Чалавек перамагае, калі працуе над сабой», — падсумоўвае ён ды прапануе падняцца на малітву. Затым вернікі стоячы пяюць новую псальму і седзячы падпяваюць хору.

На сцэну выходзіць прапаведнік Іван Кірыновіч. Ён кажа, як цяжка падымацца ўгару — і ў гэтым ёсьць вобраз верніка: трэба мець цярпеньне, каб пераадолець цяжкасьці.

Ён таксама пэрыядычна цытуе Біблію. Даводзіць да думкі, што спакусамі й праблемамі ня трэба засмучацца — яны даюцца для росту.

Пасьля чарговай сьпеўнай паўзы прамаўляе трэці выступоўца — брат Леанід, госьць з Гомельшчыны. «У кагосьці з нас праблема з працай ці дзецьмі, і мы пытаем, чаму Бог нас не дабраслаўляе. Але ня ўсё так проста: як мы прачыталі ў Бібліі — Бог карае таго, каго любіць. Ён шле нам выпрабаваньні, якія выхоўваюць нас і дазваляюць расьці», — кажа выступоўца.

Мы пакідаем пратэстанцкае набажэнства, каб пасьпець параўнаць яго з праваслаўным. Але ў суседняй царкве моляцца толькі восем пажылых жанчын, сярод якіх Праскоўя. Яна пазнала нас і ўсьміхнулася.



Над праектам працавалі:

Тэкст: Павал Дабравольскі
Фота: Тацяна Ткачова

2017 © Радыё Свабода