Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падкаст «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Ня толькі пра іхную падрыхтоўку і сам гвалт, але пра іхныя страхі і слабасьці. Пра тое, як усё выглядала знутры. Пра гэта расказваюць былыя сілавікі, чыноўнікі і тыя, хто пра ўсё вырашаў, хоць і ня думаў, што пра гэта стане вядома.

Хто даваў загады? Як рыхтавалі гвалт? Калі сілавікі адчувалі разгубленасьць? Як яны паміж сабой абмяркоўвалі Лукашэнку і мірных пратэстоўцаў? Як паступаў загад на катаваньні? Чаму сілавікі не перайшлі на бок народу? У падкасьце гучаць галасы высокапастаўленых супрацоўнікаў МУС, шараговых міліцыянтаў, былых і дзейных супрацоўнікаў.

У «Красаўцах» шмат унікальных аўдыё 2020 году і эксклюзіўных сьведчаньняў удзельнікаў і назіральнікаў, запісаных намі адмыслова для гэтага праекту.

Слухаючы падкаст, вы нібы апыняцеся ля стэлы, у дворыку турмы на Акрэсьціна, у аўтазаку ці міліцэйскім кабінэце. Будзеце стаяць разам нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч ля вакна вечарам 9 жніўня і глядзець на баявыя дзеяньні ля стэлы «Менск – горад-герой». Разам з былым сьледчым Андрэем Астаповічам убачыце кроў людзей на асфальце 10 жніўня. З дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай перажывяце ноч пасьля дня галасаваньня і вымушаны ад’езд. З былым начальнікам «Валадаркі» Алегам Алкаевым паразважаеце, чаму сілавікі не падтрымалі мірную рэвалюцыю, а з былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Анатолем Котавым – чаму ўрадоўцы ня здалі Лукашэнку. З былым супрацоўнікам ГУБАЗіКу Аляксадрам Азаравым пачуеце шэпт калегаў пра тое, што выбары сфальсыфікавалі.

Слухайце падкаст «Красаўцы» на сайце Радыё Свабода, на YouTube, а таксама на падкаст-плятформах Google Podcasts, Apple Podcast, Spotify, Soundcloud ды іншых.

Дзякуючы групоўцы «Кібэрпартызаны» і ініцыятыве ByPol у сеціве зьявіліся гадзіны тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства пра задушэньне пратэстаў. Запісы гэтых размоў рабілі спэцслужбы Беларусі, але базу дадзеных з гэтымі файламі потым узламалі «Кібэрпартызаны». Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыё.

XS
SM
MD
LG