Форум

Артур Фінькевіч

Радыё Свабода
05.02.2008

10 траўня 2006 году Першамайскі суд Менску прысудзіў Артуру Фінькевічу два гады зьняволеньня на так званай “хіміі” за графіці палітычнага зьместу. Ад 29 чэрвеня 2006 году да 26 кастрычніка 2007 году Артур Фінькевіч адбываў пакараньне ў Магілёўскай спэцкамэндатуры № 43.

20 сьнежня Кастрычніцкі суд Магілёва асудзіў Артура Фінькевіча на паўтара года зьняволеньня з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Натальля Крашкіна прызнала яго вінаватым у парушэньні артыкула крымінальнага кодэксу “Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня”.

Ад 26 кастрычніка Артур Фінькевіч утрымліваўся ў Магілёўскай сьледчай турме № 4. 5 лютага быў вызвалены з-пад варты.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-20 (з 28)
 
Імя:: Аркадзь Горад:: Менск
05.02.2008 19:14

Добры дзень, спадар Артур! Вельмі прыемна адчуваць, што цяпер вы на волі! Пра ваша вызваленьне даведаўся сёньня з сайту Радыё Рацыя, а цяпер убачыў там таксама інфармацыю пра Вашу заўтрашнюю онлайн-канфэрэнцыю і адразу хаце запытаць у Вас адразу, што далі для Вашага асабістага разьвіцьця вось гэтыя амаль 2 гады зьняволеньня?

05.02.2008

Што далі? Напэўна, крышачку па-іншаму, больш сур’ёзна, пачаў ставіцца да жыцьця і да розных з’яў. Безумоўна, зразумеў, што калі мы самі ня зьменімся, дык нічога ў гэтай краіне ня зьменім. Бо толькі зьмяніўшыся і ўсьвядоміўшы, што мы насамрэч лепш за дзейныя ўлады, мы здолеем штосьці зьмяніць.


Імя:: Анатоль Горад:: Менск
05.02.2008 19:25

Спадар Артур! Віншую асабіста Вас з вызваленьнем і увесь Малады Фронт, які за гэтыя 2 гады Вашай адсутнасьці калі і ня вельмі пашырыўся, то моцна пасталеў, з вяртаньнем аднаго трох колішніх самых гучных актывістаў (я маю на ўвазе Вас, Зьмітра Дашкевіча і Барыса Гарэцкага)! Спадар Артур, за час Вашай адсутнасьці большасьць Вашых паплечнікаў вельмі сур'ёзна заняліся асабістым разьвіцьцём і адукацыяй - Барыс Гарэцкі паступіў у Віленскі педагагічны унівэрсытэт, Наста Палажанка перайшла у лепшую школу і таксама зьбіраецца ў гэтым годзе паступаць у ВНУ... А што да Вас асабіста, ці зьбіраецеся Вы працягнуць адукацыю у якім-небудзь з унівэрсытэтаў, ці маеце Вы жаданьне заняцца ў жыцьці нейкай канкрэтнай справаю, якія у Вас пляны?

05.02.2008

Дзякуй за віншаваньні. Я зьбіраюся працягваць вучобу ў ЭГУ. Разам са Зьміцерам Дашкевічам будзем аб'язжаць рэгіёны і адбудоўваць структуры Маладога Фронту.


Імя:: Кірыл Ш.
05.02.2008 21:03

Віншую цябе Артур з вызваленьнем!!!Вельмі рады, што яшчэ адзін лідэр Маладога Фронту на волі!!! Спадзяюся хутка пабачымся!!! Жыве Беларусь!!!

05.02.2008

Дзякуй. Жыве!


Імя:: Ілля
06.02.2008 00:30

Артут, с вызваленнем! У мяне такія пытанні: 1. Як ты лічаш, ці выпусцяцьна волю Казуліна? 2. Па якім сцэнары (маршруце) тэба святкаваць ДВ і я якім будзе ў нём удзел МФ? 3. Тваё сталенне да сп. Мілінкевіча і кангрэса АДС. Дзякуй.

05.02.2008

Мне цяжка даваць нейкія прагнозы адносна дзеяньняў улады. Адносна Дня Волі -- я ня быў на аргкамітэце. Да Мілінкевіча стаўлюся як да лідара аб'яднанай апазыцыі.


Імя:: Кастусь
06.02.2008 00:50

З вызваленьнем! Артур, якія уражаньні ад стасункаў з сукамернікамі? Што гэта за людзі, як ставіліся да цябе?

05.02.2008

Уражаньні абсалютна нармальныя, вельмі рады ўбачыць знаёмых, сяброў, блізкіх, маладафронтаўцаў”, якія цягам больш як месяц ладзілі акцыі штодзень у маю падтрымку з патрабаваньнем вызваленьня. З сукамернікамі стасункі былі нармальныя. Цудоўныя, як і на “Валадарцы” як і на “хіміі”, то бок людзі разумеюць, што чалавек сядзіць за тое, што ён выступае супраць дзейснага рэжыму. Ну а паколькі яны самі, у большасьці сваёй, супраць гэтага рэжыму – адпаведнае і стаўленьне.


Імя:: Паўлюк Горад:: Менск
06.02.2008 08:13

Віншую з выхадам на волю! Як тваё адчуванне?

06.02.2008

Дзякуй за віншаваньне! Адчуваньне абсалютна цудоўнае, як у кожнага нармальнага чалавека, які выйшаў з месцаў пазбаўленьня волі.


Імя:: Eva
06.02.2008 08:40

Artur, my z taboj nie znajomyja. Ale dzien suda nad taboj, dzien suda nad Zmitrom Daskievicam byli cornyja dni dla mianie i majich blizkich. Bierazycie siabie, budzcie macniejsymi,chitrejsymi, razumniejsymi. Treba scyra skazac u nas vajna. Inaks ja nie mahu nazvac toje, sto robicca. I jasce, jak my pieramozam, a tak budzie, budzcie pilnymi, nie dapuskajcie da ulady nie dobrych ludziej. I nizki paklon i pazadanni dobraha zdarouja vasym Backam.

06.02.2008

Дзякуй вялізны за добрыя словы, за парады. Але тым ня меньш, што я, што Зьміцер як займаліся грамадзкай дзейнасьцю, так і будзем займацца. Вось плянуем на днях пачаць аб’езд рэгіёнаў, заняцца разбудаваньнем маладафронтаўскіх структураў. Але перш за ўсё – зьезьдзіць да Касі Салаўёвай у Полацк. Супраць дзяўчыны ўзбуджаныя тры крымінальныя справы. Учора ў яе ў хаце быў ператрус. Рэжым прыстасаваўся да практыкі, калі кагосьці выпускаюць – а ў кагосьці робяць ператрусы, на кагосьці ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы. Толькі ў апошні час ўзбудзілі крымінальныя справа на Атаманчыка Кірылу і Андрэя Цянюту. Таксама апынуўся ў няволі Андрэй Кім. Асуджаны намесьнікгалоўнага рэдактара газэты “Згода” Зьдзьвіжкоў.


Імя:: Алеся Горад:: Менск
06.02.2008 08:48

Ці ўдалося вам "навярнуць у сваю веру" каго-небудзь на хіміі? Ёсьць адтуль які-небудзь палітычны "улоў"?

06.02.2008

А там з большага нікога ня трэба агітаваць, бо кантынгент на сам рэч, досыць апазыцыйны па сваёй спэцыфіцы. Чамусьці атрымліваецца так, што ў месцах зьняволеньня людзі, калі яны і не былі апазыцыйна настроеныя да дзеючай улады – робяцца імі. Безумоўна, сьвядомых сярод іх – адзінкі, але бывае, што і людзі з самой сыстэмы – напрыклад, кіраўнік заводу, трапляючы ў камэру сьледчага ізалятару, фактычна за некалькі месяцаў робіцца, можна сказаць, нармальным. Паўнавартасным апазыцыянэрам. Безумоўна, апазыцыянэрам у тых межах, у якіх гэта магчыма ў месцах пазбаўленьня волі.


Імя:: Валянцін Горад:: Менск
06.02.2008 10:29

Паважаны спадар Артур! Прыміце шчырыя віншаваньні з вызваленьнем! Вось даўно хацеў у Вас запытаць, на вашу думку, які прыклад, як маладафронтавец Вы можаце паказаць сучаснай беларускай моладзі, якая напрыклад вучыцца ва унівэрсэтэтах, інкнецца зарабляць нейкія грошы для сваё будучыні, развівацца?

06.02.2008

Я навучаюся ў Эўрапэйскім гуманітарным унівэрсытэце. Зьміцер Дашкевіч – у Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце. Грамадзкая дзейнасьць ніякім чынам не перашкаджае вучобе.


Імя:: Мікалай Горад:: Менск
06.02.2008 10:33

З вызваленьнем, спадар Артур! Пытаньне да Вас такое: як на вашу думку на беларуску палітычную сыітуацыю уплываюць падзеі духовага кшталту - нядаўняя экуменічная малітва за яднаньне кафэсіяў у чырвоным касьцёле, шматлікія пасты эвангельскіх вернікаў, прапаведніцкая справа?

06.02.2008

Лічу, што гэта абсалютна цудоўныя і пазытыўныя зьявы, якія насамрэч уплываюць станоўча. “Малады Фронт” – хрысьціянска-дэмакратычная арганізацыя, таму нават па нашых праграмных дакумэнтах нашае стаўленьне павінна быць зразумелае.


Імя:: Міхась Горад:: Гомель
06.02.2008 10:37

Артур, скажыце, калі у Вашых сяброў узьнікне пытаньне выбіраць напрыклад паміж працай і вучобай альбо нястрыманым вулічным змаганьнем накшталт Крысьціны Шацікавай, якая, напэўна ужо і забылася на існаваньне сваі дзяцей, што вы будзеце раіць сваім сябрам?

06.02.2008

Лепей гэта спрабаваць сумяшчаць, але лічу, што кожны чалавек мусіць сам вырашаць. Хаця адначасна я думаю, што знайсьці працу – праблема, але гэта вырашальная праблема. Як і з вучобай – вучыцца ніколі ня позна.


Імя:: Павал Горад:: Віцебск
06.02.2008 10:40

Артур, скажыце, на Ваш погляд ці павінен актывіст дэмакратычных сілаў у трэцім тысячагодзьдзі мець вышэйшую адукацыю і імкнуцца да ёе атрыманьня? Ці варта сучаснаму беларусу наагул рупіцца пра самаудасканаленьне і што Вы для гэтага робіце?

06.02.2008

Я перакананы, што вышэйшая адукацыя неабходная кожнаму чалавеку. Безумоўна, кожнаму беларусу варта ўдасканальвацца, разьвівацца. Асабіста я за апошні час зразумеў, што трэба ісьці да Бога, і рабіць гэта не раз на тыдзень, ставіўшы сьвечкі ў царкве, а – усёй душой, усім сэрцам.


Імя:: Сяржук Горад:: Іванава
06.02.2008 10:43

Спадар Артур, паводзінамі апошніх 2-х год Вы яскрава паказалі сваю, мягка кажучы, непрыхільнасьць да царквы. Цяпер, пасьля Вашага нечаканага вызваленьня, ці зьбіраецеся Вы зьмяніць сваё такое адмоўнае стаўленьне?

06.02.2008

Гэта асабістае пытаньне, але я на яго адкажу. Кепскага стаўленьня да царквы ў мяне ніколі не было. За два гады – як і любы чалавек, які робіць памылкі, -- я гэтыя памылкі рабіў, я гэта разумею. Таму я гэта ўсьведамляю, і зараз, дзякуючы Боскай дапамозе, спадзяюся, такіх памылак ня будзе.


Імя:: Георгі Несьцер Горад:: Берасьце
06.02.2008 11:51

Добры дзень, паважаны Артур. Скажыце, калі ласка. 1. Хто для Вас узоры ў палітыцы, жыцьці? 2. Хто зрабіў на Вас найбольшы ўплыў? Я маю на увазе і жывых людзей і асобаў мінулага. 3. Што Вы чытаеце, якую музыку слухаеце? 4. Каго з беларускіх пісьменнікаў Вы любіце чытаць.

06.02.2008

1. Узор для мяне ў палітыцы – напэўна. Павал Севярынец, як шчыры чалавек і цудоўны палітычны дзеяч. Таксама ў нас цудоўны “адзіны кандыдат” Аляксандар Мілінкевіч. І зараз, апроч яго, сярод нацыянальных сілаў няма тых асобаў, якія б маглі фактычна аспрэчваць гэты статус. 2. Найбольшы ўплыў – напэўна, маладафронтаўцы, сябры, блізкія. 3. Музыку слухаю абсалютна ўсю, паколькі за апошнія два гады быў рады любой “музычнай прадукцыі”, бо на дзяржаўнай “радыёкропцы” вельмі мала музыкі, у асноўным ідзе голас дыктара пра тое, як у нас усё цудоўна. І з кожным днём робіцца жыць усё лепш і лепш. 4. Апошняе, што чытаў – кніга Арлова “Сланы Ганібала”.


Імя:: Галіцкая
06.02.2008 12:34

Артур, як Вы ставіцеся да ўдзелу жанчын у вулічнай барацьбе?

06.02.2008

Гэта пытаньне, напэўна, да саміх жанчын. Калі жанчына лічыць патрэбным выходзіць на вуліцы – значыць, так і трэба. Напрыклад, у украіне выходзілі на вуліцы цэлымі сем’ямі – жонкі, дзеці, мужы.


Імя:: Снежны Чалавек Горад:: Магілёў
06.02.2008 12:50

Артур, віншую з выхадам на волю! 1) Як вы думаеце, ці вызваліць рэжым астатніх палітычных вязьняў? Калі так, то калі? 2) Дзень Волі 2008 - свята ці акцыя пратэсту?

06.02.2008

Я не магу прадказваць дзеяньні ўладаў, але магу сказаць, што мы мусім змагацца за вызваленьне палітвязьняў. І я, і Зьміцер будзем рабіць усё магчымае, каб іншыя палітвязьні апынуліся на волі. 2. 25 сакавіка – гэта сьвята для кожнага сьвядомага беларуса. Пытаньне ў тым, як яго адзначаць. Звычайна традыцыя – масавыя вулічныя мерапрыемствы, і думаю, тут ніякіх адкрыцьцяў я не зраблю.


Імя:: Гарадзенец
06.02.2008 13:18

Прывітаньне, Артур! Перш за ўсё, віншую цябе са СВАБОДАЙ! У якім накірунку, на тваю думку, зараз варта разьвіваць дзейнасьць МФ? Якія мэтады барацьбы ты лічыш найбольш эфэктыўнымі?

06.02.2008

Думаю, што ў бліжэйшы час мы са Зьміцерам Дашкевічам аб’едзем усе нашыя рэгіянальныя структуры, будзем размаўляць з моладзьдзю. Думаем правесьці зьезд, падаць у Мінюст дакумэнты на рэгістрацыю. Безумоўна, гэта ўдзел у вулічных мерапрыемствах, у палітычных акцыях. У нас ёсьць кандыдаты на парляманцкія выбары. Будзем займацца культуніцкай дзейнасьцю: праводзіць шоў беларушчыны, дзі-джэйскія курсы і іншыя мерапрыемствы.


Імя:: Зянон Горад:: Гродна
06.02.2008 13:30

Добры дзень. Вельмі рады за тваё вызваленьне. Зянон Станіслававіч, калі адчуў небясьпеку, зьехаў у эміграцыю. Цяпер ён сядзіць за мяжой і вельмі любіць крытыкаваць апазыцыйных дзеячаў. Калі небясьпека навісла над табой, ты застаўся. Крыху правакацыйнае пытаньне, як ты ацэньваеш учынак айца БНФ, які ўцёк і пакінуў народ сам насам з уладамі? Калі б ён застаўся, нешта зьмянілася б?

06.02.2008

Лічу, што ніводзін чалавек ня мае ніякага маральнага права асуджаць чалавека за тое, што ён у такой сытуацыі зьехаў. Ведаю. Што зараз зьехаў Аляксей Шыдлоўскі (яму мае прывітаньні і словы падтрымкі). Але тым жа самым я не кажу, што варта зьязжаць за мяжу пры нейкіх сытуацыях, калі нешта пагражае. Хтосьці зьязжае, хтосьці застаецца. Трэба проста вызначацца, чаго ты хочаш ад гэтага жыцьця, і на якія ахвяры ты гатовы пайсьці.


Імя:: Даўні знаёмы
06.02.2008 13:35

Рады Твайму вызваленьню, Артур. Урэшце мы абавязкова пераможам акупацыйны рэжым! Як ты лічыш, што карыснага зрабіў для беларускай справы Мілінкевіч?

06.02.2008

Мілінкевіч – лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў для мяне і для кожнага нацыянальна сьвядомага беларуса.


Імя:: Даўні знаёмы
06.02.2008 13:36

Якое маеш стаўленьне да Пазьняка? Ці не жадаеш супрацы з Фронтам Пазьняка?

06.02.2008

Я абсалютна цудоўна стаўлюся да Зянона Станіслававіча Пазьняка, гэта чалавек, які , у любым выпадку, застанецца ў гісторыі Беларусі. Але на дадзены момант ён за мяжой. Наконт супрацоўніцтва з Фронтам Пазьняка – яны так ці інакш прымаюць удзел у масавых мерапрыемствах, ці ладзяць нешта сваё, але супраца нейкая ідзе.

Камэнтары 1-20 (з 28)