Лявон Баршчэўскі выступае на зьезьдзе Партыі БНФ, 9.12.2007
Зьезд БНФ абраў Лявона Баршчэўскага новым старшынёй партыі. У сераду ён адкажа на вашы пытаньні на онлайн-канфэрэнцыі на нашым сайце.
Я - сябра ПКБ ( Калякіна). Што агульнага можа быць паміж БНФ і ПКБ на гэтым этапе? Чаго чакаць ад новага лідэра БНФ - антыкамунізму ці павагі да камуністаў новай хвалі. З павагай: Мікола Пятрушэнка
Сама ідэя Народнага Фронту, на якой ён пабудаваны – гэта была ідэя супрацьстаяньня таталітарызму, аўтарытарызму, фашызму. І ў рэалізацыі гэтай ідэі, калі ўспомнім гісторыю, знаходзілася месца ўсім – камуністы там адыгрывалі, дарэчы, не апошнюю ролю. Таму выкананьню агульнапалітычнай задачы дэмакратызацыі Беларусі не пярэчыць супрацоўніцтва з Партыяй камуністаў Беларусі. Час кіданьня лёзунгаў і ўзаемных абвінавачаньняў прайшоў. Трэба вырашыць тыя задачы, якія стаяць. І калі мы можам адзін аднаму дапамагчы, трэба дапамагаць. Калі ня можам, дык тыя рэчы робім паасобку.
Канкрэтнае пытаньне да сп. Баршчэўскага: ці прадаставіце Вы пакой на Варвашэні,8 для КХП-БНФ (зарэгістраванай, дарэчы, па гэтым адрасе)? Калі прадаставіце, дык на якіх умовах? Калі не, дык чаму? Толькі адкажыце, калі ласка, канкрэтна, а не кшталту: "будзем разьбірацца", "паглядзім" і г.д. (Міхалевіч вось канкрэтна абяцаў ім даць гэты пакой, а што можа перашкодзіць Вам выдзяліць яго для КХП-БНФ?)
Паводле нашага сёньняшняга статуту гэтае пытаньне ня ёсьць прэрагатывай старшыні БНФ прынамсі да фармаваньня новага складу ўправы, якая толькі пачала фармавацца і закончыцца фармаваньне ў першай дэкадзе наступнага месяца, гэтае пытаньне ня можа быць разгледжана, бо адказны чалавек знаходзіцца на сутках у турме. Безь яго і без новых сяброў управы гэтае пытаньне невырашальнае, акрамя таго я ўжо сказаў, што нам трэба вырашыць пытаньне фінансаваньня бягучай дзейнасьці ўправы, якое падаражэла ў дзесяць разоў.
Як я зразумеў з рэпартажаў, калі Вы прапаноўвалі кандыдатаў на Вашых намесьнікаў, сярод іх спачатку не было Міхалевіча. Чаму ? Вы яго не любіце ?
Катэгорыі “люблю”–“не люблю” ў палітыцы ня дзейнічаюць. Катэгорыі “магу я зрабіць з чалавекам тое, што хачу, разам”, або ў мяне гэта будзе атрымлівацца ня вельмі – больш важныя. Мне важна мець каманду, якой я поўнасьцю і суцэльна давяраю па ўсіх пунктах. Сп. Міхалевіч гэта разумеў у часе нашай нарады, але потым не адмовіўся балятавацца на намесьніка старшыні.
Шаноўны спадар Лявон!Ці магліб Вы разгледзіць прапанову на Ваш удзел ў выбарах на пасаду Прэзідэнта Беларусі? Так-Не і чаму? Дзякуй.
Не, я чалавек занадта эмацыйны, і майго эмацыйнага запалу, майго нэрвовага запасу ня хопіць на такія складаныя кампаніі, як прэзыдэнцкая. Тым ня менш, я думаю, што ў шэрагах фронту ёсьць людзі, якія маглі б зь ня меншымі падставамі балятавацца кандыдатамі ў прэзыдэнты, чым сп. Мілінкевіч або сп. Казулін або сп. Ганчарык, якія балятаваліся апошнімі гадамі. Так што гэтая задача ў фронце стаіць, і хачу я ці не хачу – кіраўніцтва фронту будзе над гэтым думаць і ўгаворваць гэтых людзей прыняць адпаведнае рашэньне.
Спадар Баршчэўскі, вы да гэтуль лічыце, што ў 99-м годзе пры расколе Фронта вы малі рацыю і з маральнага боку і з юрыдычнага ? Дзякуй.
Я ня бачу прычынаў вяртаньня ў 1999 год. 1999 год ужо даўно і Дзьвіна і Дняпро і ўсе іншыя рэкі выцеклі ў сваё мора. Тое, што тады рабілася – рабілася тады, рабілася ў адпаведнасьці са статутам і з падтрымкай абсалютнай бальшыні тагачаснага сойму. Я да гэтага пытаньня вяртацца не зьбіраюся. Дай бог, каб усе нашы рознагалосьсі, нейкія калізіі канцэнтраваліся на нашай ацэнцы 1999 году. Мяне больш хвалюе тое, што адбываецца цяпер і тое, што будзе адбывацца заўтра.
Сп. Баршчэўскі,як на ваш погляд павінна разьвівацца супрацоўніцтва БНФ і Правага Альянсу?
Супрацоўніцтва зь любымі блізкімі ідэалягічна арганізацыямі я толькі вітаю. гэтае супрацоўніцтва заўсёды вітаецца, калі яно прыносіць карысьць Беларусі.
калі адбудзіцца аб\яднанне двух франтоу
Я думаю, што гэта ёсьць прадметам адкрытай дыскусіі, калі паступяць да мяне нейкія канкрэтныя прапановы, я зраблю ўсё, што магу ў гэтай сфэры зрабіць.
1.Амаль усе прадстаўнікі берасьцейскай абласной арганізацыя партыі бнф падчас кангрэзу ўвайшлі у склад фракцыі руху Мілінкевіча, так зрабілі і шмат іншых рэгіяналаў, вы іх усіх выключыце з партыі? 2.Калі прадстаўнікі БНф працуюць у РУХУ(распаўсюдваюць улеткі, выдаюць газэты, займаюцца грамадзкімі справамі)ці думаеце вы,што яны гэта рабілі не таму, што супраць бнф, а таму, што партыя не дае ім матэрыяльнай магчымасці займацца тымі справамі толькі пад брэндам бнф, калі ў рэгіёнах узнікае пытанне ці не рабіць нічога, ці працаваць пад брэндам РУХУ ЗА СВАБОДУ і АЛЕСЯ МІЛІНКЕВІЧА, што павінны рабіць людзі, якія думаюць пра Беларусь?
Людзі павінны вызначыцца. Інфармацыйная работа, агітацыйная, прапагандысцкая, асьветніцкая работа можа весьціся пад любым брэндам. Палітычная работа, падрыхтоўка палітычных кампаніяў, правядзеньне іх павінна весьціся пад брэндам менавіта канкрэтнай партыі. І мэту стварэньня такой партыі сучаснага тыпу, дзе ня будзе стаяць пытаньня хто больш падтрымаў матэрыяльна – за таго мы галасуем – гэта пытаньне, якое стаіць у цэнтры і якое мы пачынаем вырашаць літаральна з учарашняга дня.
yak vy tychites' ganebnih slou ad adnago iz liderau da vas?yak vy da getaga stavices'.?
Я да любых словаў стаўлюся спакойна. Словы – гэта словы, справы – гэта справы. Чалавека ацэньваюць па справах.
Спадар Баршчэўскі, з усіх кандыдатаў вы мне найбольш сымпатычны. Слушны выбар. пытаньне: Як Вы бачыце месца БНФ у палітычнай сыстэме дэмакратычнай Беларусі? Ці будзеце Вы асабіста займацца вялікай палітыкай, калі на Беларусі ўсталюецца дэмакратыя? дзякуй
Я так далёка не зазіраю, у мяне ёсьць задачы бліжэйшых месяцаў, бліжэйшага году – а гэта год беларускай дзяржаўнасьці. Дай бог мне справіцца з гэтымі задачамі. Шчыра скажу, што ў мяне няма цікавасьці да публічнай палітыкі на шмат гадоў, на самарэкляму, піяр і ўсё астатняе. Я чалавек з канкрэтнымі задачамі, з канкрэтнымі магчымасьцямі выкарыстаць свой арганізацыйны, кіраўнічы досьвед. І як як кіраўнік займуся выкананьнем гэтай задачы на гэтым этапе. Я больш бачу сваю ў тых сфэрах, зь якіх я прыйшоў у палітыку – у літаратуры, пэдагогіцы. Але пакуль у мяне мандат зьезду, я павінен памагчы партыі больш упэўненымі крокамі ісьці далей.
1. На заўвагу сп.Вячорку, што ў Фронце амаль не вядзецца праца з рэгіенамі, ён адказаў у духе: ня трэба крытыкаваць, лепш працуйце самастойна. Мы ў рэгіенах і так самастойна ад Менска працуем. Навошта тады нам цэнтральныя структуры партыі? Як вы ацэньваеце працу з рэгіенамі зараз, што зменіце? 2.Я на сходе галасаваў за праміхалевічскіх кандыдатаў. І ўсе нашы таксама. Таму не абражайце нас, нашу частку партыі! Бо калі вы кажаце, што падзел партыі адбыўся толькі з-за дэлегатаў з якімі "папрацавалі", то абражаеце тых, хто гэтых дэлегатаў абраў, ведаючы іх пазіцыі і давяраючы ім. Нягодна пачынаць працу, стаўшы толькі на бок адной часткі партыі!
Я выразна засьведчыў сваю пазыцыю і перад тым, як дэлегаты зьезду пайшлі да урнаў галасаваньня. Мая пазыцыя абсалютна ясная – склад дэлегатаў павінен адлюстроўваць рэальны склад Партыі БНФ. Гэта мая пасьлядоўная пазыцыя. Што да працы з рэгіёнамі – цэнтар не павінен быць спонсарам рэгіёнаў, наадварот, рэгіёны павінны быць спонсарамі цэнтру (я ня маю на ўвазе фінансавы аспэкт), яны павінны пастаўляць і людзей, і ідэі, і ўсё астатняе. У адпаведнасьці з гэтым павінны фармавацца і далейшыя крокі. Разам з тым Менск аказаўся абсалютна адстунуты і аддзелены пры фармаваньні складу дэлегатаў. Ня ведаю, чыя гэта віна, але дыспрапорцыя была відавочная. Можна было спакойна прагаласаваць супраць мяне – я б прыняў гэта належным чынам. Але я йшоў з адкрытымі картамі, не хаваў сваіх стаўленьняў і прыярытэтаў. І я буду выконваць той мандат, які мне даў зьезд вялікай бальшынёй галасоў – 211 з 232.
Паважаны , Лявон. я кажу цябе вялікі дзякуй! Я прапаную цябе ўсялякую падтрымку на "заходнім фронце". Дзякуючы маёй шматгадовай працы з прадстаўнікамі ўрада Францыі, урад і прэзыдэнт Францыі зацікавілася і цікавяцца беларускімі справамі. Гэтая і мая рэкамендацыя ( маё "дабро" і прозба) была патрэбна для сустрэч "адзінага кандыдата", для ягоных візітаў у Парыж і Берлін. Маю шмат іншых кантактаў у Еўропе дзякуючы маім актыўным выступам на канференцыях АБСЕ. Ці лічыш ты, што патрэбна больш актывізаваць Еўропу і змусіць ЕўраЗвяз для стварэньня Фонду для дэмакратыі ? ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК
Дзякую за віншаваньне. Гэта комплекснае пытаньне, і тут выпячваць “я” ці “мы” нешта зрабілі – я б ня стаў. Работа на міжнародным кірунку ў фармаваньні станоўчага вобразу Беларусі вядзецца дзясяткамі і сотнямі добрасумленных людзей. Якраз у гэтай сфэры зрухі ў лепшы бок найбольшыя, у параўнаньні з нашымі ўнутранымі посьпехамі. Мне хацелася б, каб унутраныя посьпехі не адставалі ад посьпехаў на міжнародным фронце. Гэта – прыярытэт маёй штодзённай працы. А любую канкрэтную дапамогу мы заўсёды гатовыя прыняць, мы за гэта ўдзячныя, але гэта трэба вырашаць не праз онлайн-канфэрэнцыю.
Івашкевіч нядаўна заявіў у адказах на форуме Нашай Нівы, што лічыць памылковым удзел у любых палітычных кампаніях на ўмовах рэжыму (то бок фактычна прызнаў памылковасьць удзелу ў папярэдніх гэтак званых "выбарах"-лахатронах па правілах рэжыму). Якое АСАБІСТА ВАША (а не агульна-"АДСаўскае") меркаваньне на гэты конт? Ці будзе БНФ пад вашым кіраўніцтвам удзельнічаць у г.зв. "парляманцкіх" "выбарах"-2008 на ўмовах рэжыму і камуністаў з АДС, то бок калі ў выбарчыя камісіі ня будуць уключаныя прадстаўнікі Вашай партыі, альбо калі іх уключаць усяго некалькі чалавек? Адказ на гэтыя пытаньні будзе сьведчыць, ці будзе самастойнай палітыка БНФ пад Вашым кіраўніцтвам, альбо партыя БНФ будзе гэтак жа як і пры Вячорку "плысьці па цячэньні" пад кіраўніцтвам камуністаў.
Гэтае пытаньне ёсьць прэрагатыва сойму БНФ, сойм яшчэ не зьбіраўся. Маё асабістае стаўленьне тут мала што вырашае. Безумоўна правільны лёзунг, што нельга гуляць па правілах рэжыму ў гульні. Правільны падыход у тым, што ты павінен зрабіць усё, што мог, а там будзе як будзе. У нас павінны быць гатовыя і кандыдаты, важкія і магутныя, і тысячы людзей прапаноў у канкрэтныя выбарчыя камісіі – гэтыя людзі павінны ў нас быць падрыхтаваныя. Калі мы іх маем – у нас адна пазыцыя. Калі мы іх ня маем, а толькі займаемся сатрасаньнем паветра – то гэта іншая пазыцыя. мая задача – арганізаваць, каб гэта ўсё было. А палітычнае рашэньне прымае палітычнай структура, якой ёсьць сойм Партыі БНФ
ці насамрэч такія вялікія адрозненні ў светапоглядных ўстаноўках БНФ ад "Белай Русі"? што можаце назваць, апроч беларускай мовы? І ці можна ўявіць старшыням БНФ не-філолага, або нават не-гуманітарыя?
Пытаньне цяжкое. Старшынём БНФ можа стаць чалавек незалежна ад прафэсіі і справа абсалютна не ў ягонай сёньняшняй прафэсіі. Ясна, што “Белая Русь” – ніякая не структура палітычнага тыпу. гэта карпаратыўная структура, якая дзейнічае па іншых мэханізмах, якія мы ня можам ужываць. Таму і ідэалягічныя рэчы тут абсалютна розныя, тут справа не ў беларускай мове і далёка ня толькі ў ёй. Мы – за канкурэнтнасьць на палітычным полі, за магчымасьць удзельнічаць легальна ў працэсе фармаваньня палітычных рашэньняў, а не за гульню ў нейкія эфэмэрныя структуры зь нейкімі эфэмэрнымі палітычнымі мэтамі.
1.Ці будзе захаваная квота для “моладзі БНФ”? Калі будзе, то будзе лі уведзена квота для “жанчын БНФ”? І ці не ператварыцца гэта ў тое, што хто больш прыдумае новых частак унутры партыі, нейкіх там “Сабакаводаў БНФ” той і пераможа на зьезьдзе? 2.Ніхто не зацікаўлены ў аслабленьні фронту – асабліва сп. Міхалевіч. Мне падаецца, што сп. Вячорка штучка раздзьмуў скандал з-за Мілінкевіча і выкарыстоўваў гэта прозьвішча як пугалку, маўляў Фронт у небяспецы. Сапраўдны раскол я бачу ў тым, што пры мінулым кіраўніке фронт ператварыўся ў нейкі апазыцыйны клюб прыхільнікаў беларускага адраджэньня. Культурніцка-асьветніцкая праца (я не кажу, што гэта дрэнна, але лепей ёй займацца на дзяржаўным узроўні, калі фронт прыйдзе для улады, а зараз засяродзіцца на тым, каб нарэшце да ўлады прыйсьці). З палітыкі – только флэшмобы, якія ня маюць плёну, а толькі пужаюць мінакоў, чым псуюць імідж фронту і малаэфектыўныя й малаколькасныя вулічныя акцыі з непапулярнымі і не цікавымі звычайным грамадзянам лёзунгамі. Палове фронтаўцаў (т.зв. “бэйбібумерам” ) гэта вельмі непадабаецца – яны хочуць, каб фронт зноў стаў палітычнай партыяй, хочуць нарэшце прывесьці яго да ўлады і зьмяніць жыцьцё грамадзянаў Беларусі да лепшага. Вы згодны з такім меркаваньнем? Калі не, то ў чым Вы бачаце сутнасьць антаганізму дзьвух частак фронту? 3.На чым вы хочаце засяродзіць дзейнасьць партыі пад вашым кіраўніцтвам? Ці ёсьць у вашых плянах прывесьці фронт да ўлады ў бліжэйшыя два гады, калі так, то якім чынам?
Гэта ўсё пытаньні фармату наступнага зьезду. Іх задаюць людзі, якія жывуць ня дзеля прыходу да ўлады, а дзеля таго, каб выйграць на чарговым зьезьдзе. Трэба ўсе гэтыя зьездаўскія “страсьці” зараз адкласьці. Будзе наступны зьезд, ёсьць выбраныя органы, дэмакратычна выбраныя дэлегатамі зьезду, з поўным улікам усіх прапановаў. Як вырашыць сойм па рэглямэнце наступнага зьезду – такія квоты будуць або ня будуць. Тут ад мяне залежыць мала. Што да прыходу да ўлады – мяне ўміляюць маладыя людзі, якія думаюць што ўладу можна заваяваць прыгожымі лёзунгамі, правільнымі словамі. Улада – я памятаю словы Зянона Пазьняка, якія ён гаварыў яшчэ вельмі даўно – у барацьбе за ўладу забіваюць і зьнішчаюць. Улада – гэта пераразьмеркаваньне маёмасьці, рэсурсаў і так далей. Ніхто ўладу не саступіць, калі вы ня можаце супрацьпаставіць супастаўляльнага гэтаму рэсурсу – усякага, і чалавечага, і матэрыяльнага. Таму наіўнасьць, што да ўлады прыйсьці лёгка ў сёньняшняй сытуацыі – яна не павінна нікога зьбіваць з тропу. Мы павінны стварыць умовы канкурэнцыі ў барацьбе за ўладу. І гэта ёсьць першы этап. Без вырашэньня яго другі этап – непасрэдны прыход да ўлады – немагчымы. Дык вось, стварыць умовы канкурэнцыі – я маю на ўвазе і базу самой партыі, і выбарчае заканадаўства, і сродкі масавай інфармацыі – без вырашэньня гэтых задач пра ніякую ўладу заікацца няма чаго. Я бачу пакуль сваю задачу – выконваць першы этап. А там я, ці хтосьці іншы будзе стаяць на чале партыі – зоймецца выкананьнем наступнага этапу. Нельга ставіць заведама немагчымых мэтаў у існуючых умовах, якія трэба мяняць. Спачатку зьмяніць умовы, а потым змагацца за ўладу.
Добры дзень! На Зьезьдзе я галасаваў за Алеся Міхалевіча і не расчараваўся ў сваім выбары, гэта чалавек, які можа ў выбадку абраньня зрабіць Фронт кіруючай партыяй, мы, рэгіёны былі і будуць за яго! Цяпер пытаньне: калі вы, чалавек абраны старшынём пачнеце свой першы аб'езд рэгіянальных суполак, як гэта рабілі і робіць Алесь Мілінкевіч і Алесь Міхалевіч, не кажыце, што гэта Функцыя Юрася Губарэвіча, адказвайце за сябе, не хавайцеся за пустымі адказамі, назавіце дакладную дату.
Шаноўнае спадарства, у выкананьні маіх функцыяў, тое, што мне належыць выконваць – ня будзе ўмешвацца ніхто іншы, і плян аб'ездаў – хто едзе, куды едзе – гэты плян пачаў стварацца мной і Віктарам Івашкевічам пазаўчора, але ў сілу вядомых прычын гэтая справа спынілася, бо Віктар Івашкевіч атрымаў на абсалютна хлусьлівых падставах 15 сутак арышту. Я ня ведаю, ці буду я заўтра на свабодзе, і, самі, разумееце, пляны залежаць і ад гэтага. Мы нечага хочам – і часам мы гэтага зрабіць ня можам. Аб'езд структур – гэта работа, якая плянуецца і будзе рабіцца тымі людзьмі, якія на гэта здатныя, у якіх ёсьць на гэта магчымасьці і час.
Як вы стывіцеся да сённяшней дзейнасці кхп-бнф і асабіста Зьянона Пазьняка. Ці згодны вы з яго думкай, што тэракты 11 верасня арганізавала Масква.
Думку гэтую я ня чуў, таму камэнтаваць ня буду. У мяне нармальныя асабістыя адносіны зь Зянонам Пазьняком. Ну, а ацэнку дзейнасьці партыі хай дае грамадзтва. Я ўстрымаюся.
Сядзіба БНФ вельмі нагружаная ў рабоце і гэтае пытаньне будзе вырашанае новым складам управы. Я пакуль што ў гаспадарчыя пытаньні не ўнікаў, графікаў ня бачыў, у мяне на гэта проста не было часу. Я ня ўдзельнічаў ні ў падрыхтоўцы зьезду, ні ў забесьпячэньні працы ўправы. Тут вельмі многа чыньнікаў, у тым ліку і той, што з Новага Году за кожны квадратны мэтар давядзецца плаціць за арэнду ў дзесяць разоў больш. Давядзецца вырашыць гэтае пытаньне, каб хоць бы ўтрымаць гэтую сядзібу. І гэта мне – большы галаўны боль, чым усё астатняе.
Якая выведка вам ближэй - нямецкая, амерыканьская цi расейская?
Гэтае пытаньне не адносіцца да маёй кампэтэнцыі як кіраўніка партыі, грамадзкага аб'яднаньня.
Спадар Лявон, адкажыце калі ласка, чаму вы не прапанавалі Алесю Міхалевічу быць у вас намесьнікам? Такое адчуваньне было, што вы шукалі кампраміс не паміж Міхалевічам і Вячоркам, а кампраміс для Вінцука.
Прабачце, але вось такія пытаньні задаюць людзі, якія ні разу не займаліся кіраваньнем. Каб кіраваць, патрэбная каманда, у якой ёсьць поўны ўзаемны давер. Так было за часы Зянона Пазьняка, які меў права прапаноўваць намесьнікаў, і ніякіх прапановаў з залы не прымалася. Я павінен быць абсалютна ўпэўнены ў кожным са сваёй каманды і патрабаваць выкананьня даручэньняў, якія робяцца менавіта ад тых, каго я сам выбраў і за гэта адказваю. Уся гэтая гульня ў вонкавую дэмакратыю дайшла да абсурду тым, што зьезд фармуе каманду, а ня зьезд падтрымлівае каманду. Такога нідзе ў сьвеце няма. Зьезд павінен падтрымаць тую або іншую каманду, але менавіта каманду.