Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Росіца. «Як убачу кроў на Ўкраіне — ноч спаць не магу»


У мястэчку Росіца пабачыў адзін з самых прыгожых беларускіх краявідаў. На беразе шырокай сажалкі — чырвоны касьцёл, зь невысокімі вежамі. Калісьці да вайны гэтыя вежы былі высокімі і сьпічастымі. Але бальшавікі тыя вежы зруйнавалі, бо палічылі іх добрым арыенцірам для польскай артылерыі. Дзякуй, што не зруйнавалі ўвесь храм. З-за дрэваў колішняга парку выглядвае зьнявечаная званіца зруйнаванай праваслаўнай царквы. Навокал пануе ціша і спакой.

Для беларускіх каталікоў мястэчка Росіца — месца знакавае. Тут 16 лютага 1943-га году адбылася карная апэрацыя з прыгожай назвай «Зімовы цуд», падчас якой было спалена жыўцом 1528 чалавек у самім мястэчку і ўсе навакольныя вёскі да самай латыскай мяжы. Расправы ішлі па ўсёй Росіцы. Але ў адным месцы, у былой калгаснай стайні, загінула каля чатырох соцень людзей. Два маладыя чалавекі — ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, якія маглі пазьбегнуць сьмерці, пайшлі ў тую стайню. Разам са сваёю паствай.


Тая стайня знаходзілася каля мехдвара. Сёньня тут створаны сапраўдны мэмарыял. З высокім крыжам, зь ліхтарамі, з дарожкамі і кветнікамі. Усё гэта дзякуючы сёньняшняму ксяндзу Чэславу Курэчку, надзвычай гасьціннаму і добразычліваму чалавеку.


— Як прыяжджаюць пілігрымы з розных куткоў Беларусі — заўсёды наведваюць гэтае месца. Размаўляем, молімся. Тут адбываюцца шэсьці са сьвечкамі. Малітва, дзе сьвятары загінулі. Але гэта толькі адно месца. Там недзе 380 чалавек загінула, у стайні. Але былі і іншыя мясьціны — хлявы, дамы. Зьбіралі групамі і палілі гэтых людзей.


Той «Зімовы цуд» тварылі 7 латыскіх батальёнаў СС. Характар і маштаб гэтай акцыі сьведчыць толькі пра адно — пра намер латыскіх нацыстаў ачысьціць тэрыторыю ад беларусаў дзеля будучай «Вялікай Латвіі».

— Латышы хацелі, можа, нажыцца з гэтага дабра. Пайшлі на гэту акцыю, каб потым прыбраць якую маёмасьць.

— Гэта было рукамі латыскіх?...

— Так.

— А што было на гэтым месцы да мэмарыялізацыі?

— Пасьвіліся козы, рос бур’ян. Там мехдвор, тэхніка стаяла. Валяліся розныя кузавы, тэхніка. І першы сьвятар, які туды прыйшоў, — ксёндз Вячаслаў, стаў на калені і маліўся за той час, калі можна маліцца і ўзносіць хвалу ўсім загінулым.

Мне пашчасьціла сустрэцца з Валянцінай Марцінкевіч, якая асабіста ведала ксяндза Антонія. І ружанец, падараваны ім, старая лічыць цудадзейным. Валянціна павінна была згарэць разам са сваёй вёскай Кулакова. Але тры сям’і былі адпраўленыя ў канцлягер у Латвію. У тым ліку і сям’я Валянціны.


— Нас у Кулакове палілі. Тое самае было, што ў Росіцы. Пагналі жанчын зь дзецьмі ў школу, мужчын у хлеў, а нас... прыйшоў нейкі немец зь перакладчыкам. Гаварылі, гаварылі. Поўна было народу, жанчын зь дзецьмі. Мы сядзелі ў дзьвярах. І немец сказаў, паказаўшы на нашых мам: «Вы, Вы і вы — выходзьце на вуліцу». Мы выйшлі — стаіць конь запрэжаны. Павезьлі да Бігосава. А школу адразу аблілі бэнзінам, запалілі кулямі. Адразу полымя ахапіла. Мужчыны былі ў хляве, хлеў таксама загарэўся. Мы сталі плакаць, крычаць. Да нас падбег зь бізуном. «Калі не замаўчыце, то і вы там будзеце. Зараз і вас туды закінем. Так Богу трэба было, каб тры сям’і ацалелі, а ўсе згарэлі.

Стары ружанец, падараваны ксяндзом Антоніем, старая цалуе і палівае сьлязьмі. Зь ім яна прайшла лягерныя жахі. Гэты ружанец — адзінае, што засталося ў яе ад даваеннага жыцьця.


— Нашы дамы, наша вёска — як сказалі нам тыя, што жылі ў Бігосаве — стаялі доўга. Пакуль не прыехалі латышы і не забралі ўсю скаціну. Мы ж пайшлі — усё засталося. І скаціна, і што дома была. Што мы з сабой ўзялі? — Хлеба ды кавалак сала. Прыехалі латышы, усё забралі і спалілі хаты. І згарэлі людзі старыя нямоглыя. Мой дзед. Ой, адна мука...

— Латышы пажывіліся.

— Вядома, пажывіліся.

— А гэты ружанец...

— Прайшоў са мной усю вайну. Божанька мой. Ратаваў мяне. Я ж памірала ў канцлягеры. Ляжала, ужо падняцца не магла, уся апухлая ад голаду. Божа мой мілы, толькі ты мяне адзін выратаваў! Малілася ў лягеры, каб ніхто не пабачыў, уночы.

Сёньняшняя Росіца, адноўленая па вайне, палохае нежылымі вокнамі ў двухпавярховых цагляных, некалі дабротных дамах.


Паўсюль, куды ні кінь вокам — запусьценьне і руіны.


Гэтую карціну мне патлумачыла мясцовая краязнаўца Алена Мінчанка.


— У 2002-м годзе, калі пачалася «аптымізацыя», маленькія калгасы і саўгасы пачалі аб’ядноўваць паміж сабой. Нас далучылі да Сар’і. Зьніклі працоўныя месцы, закрылася школа, і маладыя сем’і сталі шукаць больш прыстасаваных месцаў для жыцьця. І пачалі разьяжджацца. Па сьпісах цяпер каля трохсот, а фактычна — добра, калі дзьвесьце ёсьць. А да 1919-га ў мястэчку жыло пяць тысяч чалавек.

Ад той старой Росіцы ў жывых не засталося нікога. Ядзьвіга Бараноўская жыла ў недалёкай вёсачцы Межылы. Браты Ядзьвігі былі ў партызанах, і сям’я пасьпела адысьці ад вёскі ў бліжэйшае балота. Падчас таго «Зімовага цуду» дзевяцігадовая Ядзьвіга назірала, як гарыць яе хата і яе вёска. Слухаць старую спакойна немагчыма.


— І толькі прыбеглі ў гэта балота, заваліліся. А хата на гары стаіць, як на далоні. І дарогай ідуць 32 немцы (цётка налічыла) і ззаду кулямёт на санях. І гэта шчасьце, што яны трохі спазьніліся. А нас Божанька ўбярог. І як паехалі гэтыя немцы, адразу пачалася страляніна, крыкі, дым пайшоў — запалілі вёску. І тата кажа: «Дзеткі, глядзіце — наша хатка гарыць». А сястра мая зь Ленінграда ляльку была прыслала. Ні ў каго ў вёсцы не было такой лялькі. Я плачу: «Татачка, лялька ж мая гарыць!» Немцы і паліцаі.

— А паліцаі былі латыскія?

— І нашых поўна было! Паліцаяў. Адзін брат, Вінька клікаць яго, паліцаем быў. І ў нас коней забіраў, з плёткай хадзіў. А другі, Тадзік, у партызанах, разам з маімі братамі.


У Ядзьвігі слова «вайна» выклікае вельмі канкрэтныя вобразы. І выраз «толькі б не было вайны» ў яе вуснах гучыць вельмі моцна. Апошнія навіны пра Ўкраіну па тэлевізары старая імкнецца не глядзець.

— Я гатовая адну бульбу есьці, каб толькі вайны не было. Каб толькі ў згодзе жылі. І брата ня стала, і сястры ня стала. І мама толькі з-за вайны памёрла. Пагляджу, на Ўкраіне моладзь — Божанька мой мілы! Не магу кроў бачыць. Гляджу — за ногі і пацягнулі чалавека. Ну ён жа чалавек! Увесь у крыві. Ці забіты, ці паранены... А тады выключаю тэлевізар. Нагледжуся і тады ноч спаць не магу. Каб толькі вайны не было.


У 1999-м годзе Папа Ян Павал Другі абвясьціў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча блаславёнымі. Два разы на год, у лютым і жніўні, сюды прыходзяць пілігрымы з усёй Беларусі памаліцца ў іх гонар. Таму казаць пра сьмерць Росіцы не выпадае. З кожным годам пілігрымаў становіцца ўсё больш. Як і пагалоскі пра подзьвіг беларускіх ксяндзоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG