Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар, які ня даў загінуць храмам


Аўтар перадачы "Падарожжы Свабоды" Зьміцер Бартосік
Аўтар перадачы "Падарожжы Свабоды" Зьміцер Бартосік

Падарожжы Свабоды ў вёскі Пачапава і Вялікая Сваротва.

Траецкая царква ў Вялікай Сваротве — помнік унікальны. Такога храма ў Беларусі больш няма нідзе. Зрэшты, у Эўропе аналягаў таксама няма. Бо храм пабудаваны ў выглядзе правільнага трохкутніка. Фундаваў каменную царкву шляхціц Незабытоўскі ў 1823-м годзе. Але муры паўтараюць абрыс старой, драўлянай царквы, пабудаванай ажно ў 1747 годзе.

Над загадкай гэтай формы дасьледчыкі архітэктуры і гісторыкі б’юцца па сёньняшні дзень. Нехта бачыць тут уплыў масонаў. Нехта сьцьвярджае, што гэта быў экумэнічны храм для вернікаў усіх канфэсіяў. Нехта прычынай называе эканомію сродкаў — маўляў, тры сьцяны таньней узьвесьці, чым чатыры. Спрачацца дасьледчыкі могуць хоць да канца сьвету. Вось толькі не было б гэтай царквы ў сёньняшнім выглядзе, як не было б яшчэ двух храмаў, калі б не айцец Георгі Сапун з суседняга мястэчка Пачапава. Які дзень пры дні не даваў спакою ні раённым, ні сельскім уладам, ні мэцэнатам, пакуль храмы не былі адрэстаўраваныя. 92-гадовы сьвятар рады кожнаму госьцю. Вось толькі гаварыць айцу Георгію ўжо цяжкавата.

— На сьвятара я вучыўся ў Наваградку і ў Жыровічах. Падчас акупацыі. У Наваградку я паступіў на багаслоўскія курсы. У Наваградку тады былі беларускія вайсковыя аддзелы. Барыса Рагулю асабіста ведаў. За дзеўкамі разам выходжвалі. Барыс быў харошы хлопец. Шчыры беларус. Сваё войска трымаў. Прыгажун, цудоўна складзены.

Памятае стары, як па ўсёй Наваградчыне палалі сотні цэркваў, падпаленыя партызанамі.

— Партызаны спалілі нашу царкву. І ня толькі яе. Усё было на маіх вачах. Я глядзеў са званіцы Наваградзкай царквы. Залазіў і глядзеў ноччу. Сотні пажараў! І там, і там, і там.

Валянціна Тумашчык, жыхарка Пачапава, на дзесяць гадоў маладзейшая за Георгія Сапуна. Але яна добра памятае, як партызаны палілі пачапаўскую царкву.

— Мой бацька заходзіць у хату і кажа, што бачыў бацюшку. А той яму: «Васіль Данілавіч, чым сёньня будзеце займацца?» — «А што такое?» — «Сёньня партызаны папярэдзілі, што будуць паліць царкву. Таму трэба забраць іконы». І людзі іконы забралі. І цяпер у храме вісяць тыя, яшчэ царскіх часоў абразы. З нашай вёскі таксама былі ў партызанах. Нехта з нашых і папярэдзіў.

Сёньня Пакроўская царква выглядае як толькі пабудаваная. Перад ёй закіданая восеньскай лістотай прыгожая плошча, дзе некалі ладзіліся кірмашы. І дзе ў траўні 43 году забівалі людзей. Слова пані Валянціне.

— 1-га мая ў нас стаяў партызанскі атрад. На званіцу флаг чырвоны павесілі. А ноччу іх выведка паведаміла, што карны батальён будзе ехаць. І яны ўначы зьехалі, але нас нікога не папярэдзілі. А раніцай немцы акружылі Застарыньне і Пачапава. І пабачылі тут і лёзунгі першамайскія, і чырвоны флаг пабачылі. А нас усіх выгналі вось сюды, на плошчу. Вось там кулямёт стаяў. Сорак чатыры чалавекі забілі ў нас.

Але вернемся ў гасьцінную хату Георгія Сапуна. Ягоны лёс варты кінарамана. Як толькі вызвалілі Наваградчыну, маладога сьвятара, як ненадзейнага элемэнта, замест нямецкага фронту выпраўляюць на фронт працоўны. У шахты пад Іркуцкам.

— Я ня ведаю, як я не памёр.

— Што давала сілы выжываць?

— Бульба на вадзе.

— А людзі не дапамагалі?

— Чым? Яны бяз хлеба былі. Сыбір не была акупаваная, а хлеба не было. А Беларусь была пад акупацыяй, а хлеб быў. Я працаваў у шахце з адбойным малатком, самая цяжкая праца. І паміраў ужо.

Па вайне, у 46-м годзе, Георгі зьбягае зь месца высылкі. У вайсковым адзеньні, пазьбягаючы патрулёў. Прабіраючыся на радзіму на дахах цягнікоў.

Пачапава
Пачапава

— Здабылі мне таварышы салдацкую форму, шапку, боты. І на цягніках, наверсе ехаў. Бо ўсіх правяралі. Перад станцыяй саскокваў. Калі б мяне знайшлі, завярнулі б назад.

— Вы рызыкавалі.

— Я быў адзін. Зьбягалі хлапцы па тры чалавекі, па пяць. Але я паглядзеў, што з гэтага нічога ня выйдзе. Таму я сышоў адзін.

— Гэта была восень?

— Гэта была вясна. Я чакаў гэтай пары, каб ня зьмерзнуць. Але ўсё роўна замярзаў.

— І ад Іркуцку да Беларусі вы дабраліся...

— Дабраўся за тры тыдні.

— І вы не баяліся, што тут на вас данясуць?

— Я быў гатовы загінуць, пабіцца з НКВДыстамі, але жывым не заставацца. Але ўсё ўладкавалася. Я атрымаў усе дакумэнты. Бо я меў сувязь з партызанамі. Пакуль мяне не адправілі ў Сыбір.

Пра айца Георгія клапоціцца ягоная дачка Алена. Якая адмыслова пераехала сюды з гораду. Ці ўдалося айцу Георгію, акрамя храмаў, адрадзіць сапраўдную веру?

— Ён служыў да тае пары, пакуль мог. Але народу хадзіла вельмі мала. Пяць-шэсьць чалавек. А цяпер прывезьлі ікону цудатворную. І паплыў народ. Малады бацюшка цяпер.

— Народу трэба цуд.

— Так. Але ж хадзілі. Нават з-за мяжы прыяжджалі. Немцы бывалі. Цікавасьць у іх да помнікаў гістарычных.

Калі будзеце ў тых краях, абавязкова завітайце ў Пачапава і Сваротву. І не забудзьце, дзякуючы каму гэтыя помнікі сёньня стаяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG