Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раіса Баравікова: Зь мяне зрабілі «ворага народу»


Раіса Баравікова
Раіса Баравікова
Адразу пяцёра беларускіх літаратараў — Раіса Баравікова, Валеры Гапееў, Алена Масла, Алесь Наварыч і Андрэй Федарэнка — выйшлі з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Што падштурхнула іх на такі крок? Якая атмасфэра пануе ў пісьменьніцкай арганізацыі, якую нязьменна, ад 2006 году, узначальвае Мікалай Чаргінец? Госьцяй «Вольнай студыі» — паэтка, ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Раіса Баравікова.

— Спадарыня Раіса, вы ў чаргінцоўскім саюзе былі з дня яго заснаваньня, з 2006 году. Што здарылася, чаму вы вырашылі пакінуць гэтую арганізацыю?

— У сваёй заяве я напісала вельмі коратка: я беларуска, я ўсё жыцьцё змагалася за беларускую літаратуру, усімі магчымымі сродкамі яе рэклямавала. І таму з прычыны непаважлівага стаўленьня да беларускай мовы і літаратуры пэўных асобаў з СПБ я проста не магу заставацца ў такой арганізацыі. У заяве я нават Пушкіна працытавала: «На вялікі жаль, я не магу сказаць: «Друзья, прекрасен наш союз». Усё ж такі, калі людзі зьбіраюцца ў саюз, гэта, як правіла, аднадумцы, аб’яднаныя адной ідэяй. У адным саюзе ня можа быць, як у крылоўскай байцы: рак цягне назад, лебедзь — у неба, а нехта — яшчэ некуды. А тут…

Я ніколі не сутыкалася з тым, з чым сутыкнулася ў 2010 годзе. Здаецца, у расейскага пісьменьніка Максімава ёсьць твор, які называецца «Зазірнуць у бездань». Дык вось, у 2010-м я ўпершыню зазірнула ў бездань. А пачалося ўсё з таго, што ў № 8 за 2009 г. часопіса «Маладосьць», які я тады рэдагавала, было надрукавана выдатнае апавяданьне Андрэя Федарэнкі «Ўночы». І вось раптам у Адміністрацыю прэзыдэнта з Чашнікаў прыходзіць ананімка, якую пераслалі ў холдынг «Літаратура і мастацтва». І там я прачытала жахлівыя словы: «Просим вас, кто причастен к вопросам идеологии, прочесть этот „шедевр“ Федоренки. Как и где в нашей стране могут быть такие герои? Они могут быть только в бредовом сознании больного писателя, скорее — врага нашей страны, нашего народа. А если ты враг, то почему тебя печатают в государственом журнале?». Для мяне гэта быў шок.

Потым мы надрукавалі выдатны гістарычны раман Леаніда Дайнэкі «Назаві сына Канстанцінам». Адзін з герояў рамана — Канстанцін Астроскі. І там апісана бітва пад Воршай. Пасьля публікацыі ў Саюзе пісьменьнікаў Беларусі было наладжанае абмеркаваньне часопіса «Маладосьць». Запрасілі мяне на прэзыдыюм і раптам гавораць, што гэта антырасейскі раман, што Баравікова — ледзь не нацыяналістка!
Запрасілі мяне на прэзыдыюм і раптам гавораць, што гэта антырасейскі раман, што Баравікова — ледзь не нацыяналістка

— Як паводзілася кіраўніцтва СПБ на тым прэзыдыюме адносна вас?

— Я не магу сказаць, што тактоўна. Абмеркаваньне тычылася ня толькі Дайнэкі. Потым мяне абвінавацілі, што надрукавала раман Алены Брава «Менада і яе сатыры». А той раман быў перакладзены на расейскую мову, надрукаваны ў Расеі і атрымаў нейкую прэмію! У Амэрыцы той раман разам зь іншымі творамі атрымаў прэмію «Залатая куля». І вось гэтыя кроплі капалі-капалі-капалі… А потым на сайце псыхоляга (ён так сябе пазыцыянуе) Аляксандра Новікава litkritika.by з’яўляецца жахлівы, неверагодна абразьлівы артыкул. Я магла падаць у суд на яго.

— Новікаў, наколькі я ведаю, сябра СБП. А што да ягонага сайту… Паводле litkritika.by найлепшы паэт — Анатоль Рубінаў…

— І тым ня менш, артыкул быў проста абразьлівы, і я яшчэ тады хацела выйсьці з саюзу. Я ледзь сябе стрымлівала, нават многім пісьменьнікам казала пра свой намер. Больш за тое, калі быў зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, мы сустрэліся зь Верай Вярбой, зь якой доўгі час сябравалі. І яна мяне папракнула: «Як ты магла ўвогуле ўступіць у той саюз? Як ты можаш там знаходзіцца?». Я пабажылася ёй, што выйду. І цяпер я адчуваю сваю віну перад Верай, бо мінулым летам яна памерла.

— Вы вядомая паэтка, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. Ваш выхад, думаю, павінен быў засмуціць кіраўніцтва СПБ. Ці былі нейкія спробы ўгаварыць вас застацца?

— Асаблівых спробаў не было.

— Дык можа, старшыня СПБ Чаргінец узрадаваўся?

— Я ня ведаю, наколькі ўзрадаваўся Мікалай Іванавіч, але мне самой размова ў ягоным кабінэце была ня надта прыемнай. Я проста аддала заяву. Чаму я павінна нешта тлумачыць, нібыта я ў нечым вінаватая? Я прыняла такое рашэньне. Я ж не дзяўчынка, я пражыла вялікае жыцьцё.

— Ад сваіх знаёмых літаратараў, якія працягваюць заставацца пад кіраўніцтвам Чаргінца, мне неаднаразова даводзілася чуць: вось вы, маўляў, нас крытыкуеце, а мы знаходзімся на пярэднім краі змаганьня за беларушчыну, бо мы працуем ледзь не ў варожым стане… Вы таксама так лічылі?

— Яшчэ гады чатыры таму я так не лічыла. Цяпер, пачытаўшы ўсе гэтыя матэрыялы на сайце litkritika.by, дзе беларускіх пісьменьнікаў называюць «мовафіламі» і «сваямоўнымі», я таксама схільная так думаць. Я беларуская пісьменьніца, гэта мая родная мова, мова маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Я ганаруся тым, што я размаўляю на гэтай мове, пішу на ёй. А вы пачытайце на сайце выказваньні накшталт: «Никакая тварь не должна указывать, на каком языке мне писать»… Альбо: «Крысы бегут с корабля»… Гэта пра нас, тых, хто выйшаў. Што гэта такое?!

— Часам я ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаю цяперашнія часопіс «Полымя», тыднёвік «Літаратура і мастацтва» — органы СПБ. Уражаньне — сумнае… А як вы ацэньваеце гэтыя пэрыёдыкі, на выданьне якіх трацяцца немалыя грошы зь дзяржбюджэту?
Кіраўніцтва СПБ абвінаваціла Анатоля Казлова ледзь не ў нацыяналізме, ледзь не ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы, і ён таксама сышоў з пасады

— Чаму ж, былі цікавыя публікацыі ў Леаніда Галубовіча, выдатнага нашага пісьменьніка, які ўзначальваў у «ЛіМе» аддзел крытыкі. Але ён мусіў сысьці з газэты. На маіх вачах вырас вельмі таленавіты празаік Анатоль Казлоў. У свой час Таіса Бондар ледзь не на каленях умольвала Казлова, каб ён пагадзіўся ўзначаліць «ЛіМ». Ён пагадзіўся і вельмі сумленна працаваў. Потым кіраўніцтва СПБ абвінаваціла Анатоля Казлова ледзь не ў нацыяналізме, ледзь не ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы, і ён таксама сышоў з пасады. Так што сёньняшняя сытуацыя — вынік тае кадравай палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам СПБ.

— СПБ існуе ўжо сёмы год. Каля 70% яго чальцоў — расейскамоўныя. Прычым, яны даволі агрэсіўныя — як, прыкладам, Краснова-Гусачэнка зь Віцебску ці той самы Новікаў, рэдактар сайту litkritika.by. Ды і СПБ нязьменна ўзначальвае Мікалай Чаргінец, які прынцыпова не гаворыць па-беларуску. Ці не здаецца вам, што саюз, зь якога вы выйшлі, і ствараўся з мэтай узьняць на катурны расейскамоўную літаратуру ў Беларусі, а беларускую — прынізіць і ўтаптаць у гразь?

— У мяне часам узьнікае такое адчуваньне. Але мне здаецца, што тут усё нашмат прасьцей — некаторым людзям хацелася стварыць сваё літаратурнае аб’яднаньне. Магчыма, задумваўся саюз расейскамоўных пісьменьнікаў, якія жывуць у Беларусі. Але што тады рабіць зь беларускімі пісьменьнікамі? І тады іх проста далучылі. Узьнікла канкурэнцыя — вы згадайце, як спачатку адсочвалі, каб не выступалі ў школах і ВНУ пісьменьнікі са старога саюзу. Мне здаецца, што тады была нейкая самадзейнасьць, менавіта дзеля таго, каб сьцьвердзіцца. А што атрымалася ў выніку? У нас ніколі такога не было. Які вораг народу Федарэнка?! А чаму з мяне зрабілі ворага народу, ды такога, што мяне трэба, прабачце, увогуле саджаць у турму?!

— Ці маеце вы намер стаць сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які працягвае існаваць як альтэрнатыва арганізацыі Чаргінца?

— У сваёй заяве аб выхадзе я напісала: прашу вярнуць маю асабістую справу, дзе рэкамэндацыі народнага паэта Пімена Панчанкі, Эдзі Агняцвет і Рамана Тармолы, дадзеныя мне яшчэ ў 1977 годзе. Сёньня гэта ўжо ня проста рэкамэндацыі, а гістарычныя дакумэнты, для мяне вельмі дарагія, гэта частка маёй літаратурнай біяграфіі. І вось аказалася, што няма ў СПБ маёй асабістай справы. Я тады пазваніла старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барысу Пятровічу і папрасіла праясьніць сытуацыю. Высьветлілася, што мая справа ў старым саюзе. Так што быццам я зь яго і не выходзіла… Вядома, пасьля ўсіх публікацый, дзе мяне назвалі пацуком і мовафілам, я папрашу кіраўніцтва СБП аднавіць мяне ў родным для мяне саюзе, у якім я прабыла 30 гадоў.

— Якой вам бачыцца будучыня беларускай літаратуры? Ці застануцца два саюзы, ці яны абодва непатрэбныя? Ці, можа, ім трэба зьяднацца ў адзін?

— Думаю, што зьяднацца ў адзін — гэта не зусім добрая ідэя. Апошнія падзеі гэта яскрава пацьвярджаюць. Я ведаю, што ў некаторых былых савецкіх рэспубліках ёсьць па два пісьменьніцкіх саюзы, але гэта — расейскамоўныя і нацыянальныя літаратары, якія пішуць на роднай мове. На маю думку, так мусіць быць і ў нас.
І ўсё ж у саюзе людзі павінны быць аб’яднаныя адной справай, адным пачаткам, адной літаратурай, адной мовай

— Але і ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў нямала літаратараў, якія пішуць па-расейску.

— Ну тады я памыляюся, тады я не стратэг. І ўсё ж у саюзе людзі павінны быць аб’яднаныя адной справай, адным пачаткам, адной літаратурай, адной мовай. Хоць у нашым старым саюзе былі выдатныя рассейскамоўныя паэты. Скажам, Навум Кісьлік. Ён жа пераклаў на расейскую цэлую кнігу Янкі Купалы, перакладаў нас, маладзейшых, і стараўся надрукаваць у Маскве. Тое самае рабілі Ігар Шклярэўскі, Пётра Кошаль, Браніслаў Спрынчан, Любоў Турбіна… Я больш за сорак гадоў сябрую з драматургам Аленай Паповай, якая жыве ў Менску і піша па-расейску. Я пераклала каля дзесяці яе п’есаў на беларускую мову, і яны ішлі ў нашых тэатрах. І ніхто нікога не супрацьпастаўляў, як гэта адбываецца цяпер. І ўсё ж я перакананая, што беларуская літаратура была, ёсьць і будзе, яна застанецца і праз 200, і праз 300 гадоў. Мы ўсе дзеля гэтага працуем. Думаецца, што і маіх вершаў дваццаць і адна зь дзіцячых кніг застануцца ў гісторыі нашага пісьменства.

Беларусь — наша зямля, наша бацькаўшчына, беларуская мова — дзяржаўная. І ніхто ня мае права яе зьневажаць і зьневажаць тых, хто на гэтай мове піша.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG