Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незвычайныя навінкі 2013 году


Ганна Янкута
Ганна Янкута
Першае паўгоддзе 2013-га выдалася бедным на прозу і багатым на паэзію, пераклады і нон-фікшн. Магчыма, такое зацішша зьвязанае з раманным бумам у канцы мінулага году, калі за кароткі час выйшла ладная частка гедройцаўскага сьпісу. А пакуль проза ляжыць у шуфлядах і друкарнях і чакае свайго часу, прапануем вам пяць незвычайных выданьняў гэтага году, кожнае зь якіх вартае трапіць у рукі чытача.

Зоська Верас. Я помню ўсё: Успаміны, лісты. «Гарадзенская бібліятэка», 2013.

Усе мы яшчэ са школы памятаем Зоську Верас як аўтарку дзіцячых вершаў і ўкладальніцу «Батанічнага слоўніка» — даволі незвычайнае, хаця і не зусім неверагоднае спалучэнне інтарэсаў. Нашмат цікавейшы лёс пісьменьніцы, у лясной хатцы якой зьбіраліся самыя розныя людзі: журналісты, навукоўцы, моладзь. Укладзеная Міхасём Скоблам кніга «Я помню ўсё» зьмяшчае ўспаміны і лісты Зоські Верас, сьведчаньні той дзівоснай эпохі, якая для многіх скончылася вельмі хутка. Цяжка ўявіць, што чалавек, які друкаваўся ў «Нашай ніве» яшчэ ў 1911 годзе, у 1980-х ліставаўся з Мальдзісам і Бічэль, памятаючы ўсё і адказваючы на ўсе пытаньні. Успаміны і лісты Зоські Верас — гэта нібы аскепак даўно мінулага часу, які раптам аказваецца зусім блізкім і вымяраецца такой зразумелай нам велічынёй — адным чалавечым жыцьцём.


Бэўвульф. Пераклад са стараангельскай Антона Францішка Брыля. Менск: Выдавец Зьміцер Колас, 2013.

Незвычайнасьць гэтага выданьня бачная няўзброеным вокам. Па-першае, гэта пераклад зь вельмі рэдкай, стараангельскай (ці як яе яшчэ называюць, англасаксонскай) мовы, для разумення якой добрых ведаў сучаснай ангельскай, мякка кажучы, не дастаткова. Па-другое, перакладаў са старажытных літаратураў у нас увогуле выходзіць вельмі мала, бо яны патрабуюць ад перакладчыка ня толькі спэцыфічна лінгвістычных, але і літаратуразнаўчых ведаў, у дадзеным выпадку — распрацоўкі тэхнікі алітэрацыйнага вершу на беларускім матэрыяле. Па-трэцяе, сама кніга аформленая зь любоўю як да паэмы, так і да чытача: апроч прадмовы і камэнтароў перакладчык зьмяшчае ў выданьні радаводы каралёў данаў, геатаў і швэдаў, карту і віньеткі ад мастачкі Яўгеніі Васкрасенскай. Цяжка ўявіць чытача, які возьме ў рукі «Бэўвульфа», ня ведаючы, што гэта такое, а таму пераказваць тут сюжэт твора ня мае сэнсу: у выніку ўсё адно атрымаецца нешта сярэдняе паміж галівудзкім блякбастэрам і сярэднявечнай хронікай. Тое, што ў нас зьявіўся такі значны для сусьветнай літаратуры і складаны для перакладу твор, уражвае і дадае яшчэ адзін аргумэнт на карысьць таго, што па-беларуску можна сказаць абсалютна ўсё. Кенінгі ёй, напрыклад, паддаюцца без праблем.


Таня Скарынкина. Книга для чтения вне помещений и в помещениях. Минск: «Кнігазбор», 2013.

На цяперашні момант дэбютны зборнік беларускай паэткі Тані Скарынкінай, што выйшаў у сэрыі «Пункт адліку» Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, здаецца мне самай цікавай і незвычайнай паэтычнай публікацыяй гэтага году. Як і любая добрая кніга, гэтая пачынаецца ўжо з вокладкі, на якой зьмешчаны каляж паэткі. Гэты каляж — як і іншыя каляжы Скарынкінай, якія можна пабачыць, напрыклад, у яе блогу, — мастацкае ўвасабленьне паэтычных тэкстаў, у якіх самыя несумяшчальныя рэчы, зьявы і паняцьці ня толькі сустракаюцца, але і выглядаюць адно на фоне другога нязмушана і арганічна. У анатацыі да выданьня напісана: «От начальной строчки до финальной точки — все истинная правда и немного сновидений». Калі гаварыць пра паэзію як індывідуальны спосаб дасьледаваньня рэчаіснасьці, то ў гэтую «истинную правду» Скарынкінай прыватна я веру безагаворачна, і нават дадатак «немного сновидений» здаецца тут чымсьці накшталт аўтарскага какецтва, спробай схавацца ад магчымых нападак з боку чытачоў. Каляровыя і фантасмагарычныя вобразы паэткі ўспрымаюцца вельмі цэльна і завалодваюць уяўленьнем ня горш за фламінга, які пільна прыглядаецца да шампіньёнаў у цені ружовага парасона.


Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля. Пераклад з чэскай Марыі Мартысевіч. Менск: «Логвінаў», 2013.

Чытачы, мабыць, пасьпелі забыць пра фэстываль сярэднеэўрапейскіх літаратураў «Шэнгенка», які праходзіў у сакавіку гэтага году, але наўрад ці яны забылі пра кнігі, якія на гэтым фэстывалі прэзэнтаваліся, і асабліва пра раман клясыка чэскай літаратуры Багуміла Грабала «Я абслугоўваў ангельскага караля» ў перакладзе Марыі Мартысевіч. У адрозненьне ад многіх іншых аўтараў, пра якіх большасьць чытачоў упершыню пачулі на прэзэнтацыях фэстывалю, гэты пісьменьнік ужо даўно зрабіўся культавым. Менавіта таму гэтае выданьне можна назваць незвычайным: ня так ужо і часта творы, якія прагрымелі ва ўсім сьвеце і якія прачытала ўсё прагрэсіўнае чалавецтва, выходзяць па-беларуску. Гэты ці то яшчэ мадэрнісцкі, ці то ўжо постмадэрнісцкі твор напісаны вельмі характэрным стылем: разгарнуўшы першую старонку, чытач нібы трапляе ў плынь успамінаў героя-апавядальніка, якая нясе яго ў невядомым яму, але дакладна вызначаным кірунку. Чытаючы раман, мы нібыта бачым сьвет, у якім акурат разгараецца Другая ўсясьветная вайна, вачыма маленькага чалавека, кельнэра, і як бы мы ні ставіліся да яго і яго ўчынкаў, не захапіцца гэтым аповедам, калі здаецца, што герой зьвяртаецца менавіта да цябе, немагчыма. А пры канцы аўтар робіць нам сюрпрыз, і мяркуючы з водгукаў, камусьці гэты сюрпрыз падабаецца, а камусьці — не. І ўжо хаця б дзеля таго, каб зразумець, да якой катэгорыі чытачоў адносіцеся вы, раман варта ня толькі ўзяць у рукі, але і дачытаць да канца.


Блог Усяслава Чарадзея. Менск: «Логвінаў», 2013.

Гэтая кніга наўрад ці будзе даспадобы важным і сур’ёзным гісторыкам, аднак дакладна спадабаецца чытачам, у якіх ёсьць пачуцьцё гумару. Непадручнікавыя показкі пра аднаго з самых вядомых і папулярных дзеячаў гісторыі выконваюць, як на мяне, вельмі канкрэтную і карысную функцыю: паказваюць тым, каму афіцыйны школьны курс беларускай гісторыі і літаратуры нагнаў аскому, што і гэтая гісторыя, і гэтая літаратура таксама могуць быць вясёлымі і захапляльнымі. Забавіць чытача — ужо само па сабе не абы-якое дасягненьне, а калі пры гэтым атрымаецца давесьці, што нацыянальнае — не абавязкова пафаснае, сэнтымэнтальнае і панылае, чаго яшчэ тут можна пажадаць? Зрэшты, тыя, хто пра Ўсяслава Чарадзея ведае ўсё і нават больш, могуць прачытаць блог як беларускамоўны зборнік анэкдотаў — і таксама не пралічацца. Па-першае, калі вы апошні раз бачылі зборнік анэкдотаў па-беларуску? Па-другое, жартуе аўтар блога сапраўды дасьціпна. І па-сучаснаму, што цудоўна грае на стварэньне станоўчага нацыянальнага вобразу сярод тых, каму да нацыянальнага асаблівай справы няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG