Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа дайсьці да прыпыненьня дыпляматычных адносінаў з ЗША»


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«ЗША ня бачаць будучыні ў адносінах зь Беларусьсю». Пра гэта заявіў дарадца дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Гордан. Ці можна сказаць, што цяпер адносіны Менску і Вашынгтону дасягнулі ніжняй кропкі, ці яны яшчэ могуць пагоршыцца? Ці можа павялічыцца ўвага амэрыканскай адміністрацыі да Беларусі ў выпадку перамогу на выбарах кандыдата-рэспубліканца? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што цяперашнія беларуска-амэрыканскія адносіны замарозіліся на пэўнай, даволі нізкай,кропцы, ці яны могуць яшчэ пагоршыцца, і ЗША могуць пайсьці на больш жорсткія дзеяньні?

Фёдараў: Так, сёньня яны знаходзяцца на кропцы замярзаньня, але сказаць, што гэта ніжняя кропка, я б паасьцярогся. Бо калі беларускія ўлады будуць працягваць тую палітыку, якую яны вядуць зараз, што мы бачым па новым прысудзе Статкевічу, ЗША могуць пайсьці на дадатковыя крокі.

Іншая справа, што такіх магчымых захадаў ужо засталося няшмат. Таваразварот і так зьведзены да мінімуму, таму эканамічныя санкцыі будуць мець мінімальны эфэкт. Але я не выключаю, што раней ці пазьней пры такім раскладзе можа дайсьці да прыпыненьня дыпляматычных адносінаў.

Цыганкоў: Як адзін з варыянтаў больш актыўных дзеяньняў ЗША ці не разглядаеце вы больш настойлівае пераконваньне Вашынгтонам сваіх эўрапейскіх партнэраў, каб тыя далучаліся да больш жорсткай амэрыканскай пазыцыі?

Фёдараў: Калі такія перамовы і вядуцца, то яны, безумоўна, не афішуюцца. Пакуль я ня бачу прыкметаў таго, што там нешта мяняецца. Вядома, амэрыканскія і эўрапейскія прадстаўнікі кажуць, што ў іх прынцыповыя пазыцыі аднолькавыя і розьніца толькі ў тактыцы. Але казаць пра нешта канкрэтнае ў гэтым сэнсе пакуль не выпадае.

Цыганкоў: Ці можа зьмяніцца стаўленьне адміністрацыі ЗША да беларускай праблемы пасьля магчымай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2012 годзе прэзыдэнта-рэспубліканца? Прэзыдэнт Абама, у адрозьненьні ад свайго папярэдніка Буша, ня вельмі цікавіўся беларускай тэматыкай.

Фёдараў: Я мяркую, тут хутчэй рэч была ў індывідуальным падыходзе, а не ў партыйнай палітыцы. Па многіх рашэньнях дэмакраты і рэспубліканцы выступалі адзіным фронтам. Натуральна, што беларускае пытаньне ня будзе адыгрываць ніякай ролі падчас барацьбы за прэзыдэнцкае крэсла — гэта пытаньне далёкае ад інтарэсаў большасьці амэрыканцаў. Так што мне падаецца, што актыўнасьць у беларускім пытаньні была проста індывідуальнасьць асаблівасьцю прэзыдэнта Джорджа Буша.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG