Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ня бачаць будучыні ў адносінах зь Беларусьсю


Філіп Гордан

Філіп Гордан

Пра гэта заявіў дарадца дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Гордан.

Злучаныя Штаты Амэрыкі занепакоеныя, што ў Беларусі «няма ніякага прагрэсу ў бок дэмакратызацыі», гэта перашкаджае паляпшэньню адносін з ЗША, заявіў спадар Гордан у інтэрвію літоўскаму парталу Delfi:

«Мы сапраўды думалі, што Беларусь мела магчымасьць пачаць паважаць дэмакратыю і правы чалавека і рухацца да паляпшэньня дачыненьняў з намі.

Аднак пасьля расправы з апазыцыяй, пасьля нядаўняга зьняволеньня праваабаронцы-актывіста, Беларусь страціла такую магчымасьць. Таму ЗША зацьвердзілі санкцыі ў адносінах да Беларусі, былі прадпрынятыя аб’яднаныя дзеяньні ЗША і Эўразьвязу, якімі мы паказалі, што такое недапушчальна. Мы больш ня бачым будучыні дачыненьняў зь Беларусьсю».

Наконт будаўніцтва Беларускай АЭС Філіп Гордан заявіў:

«Хачу ясна сказаць, што пазыцыя ЗША такая: калі Беларусь перадае моцна ўзбагачаны ўран (а для нас гэта вельмі важна), то ЗША ня будуць супраць таго, каб Беларусь будавала АЭС, калі яна будзе адпавядаць міжнародным стандартам бясьпекі.

Аднак нават у гэтым выпадку ЗША не былі б дзяржавай, якая плаціла б за будаўніцтва або тэхнічнае забесьпячэньне гэтай электрастанцыі. Проста мы ня супраць права Беларусі, як і ўсіх іншых дзяржаваў, на развіцьцё бясьпечнай атамнай энэргетыкі. Акрамя таго, гэта не зьвязана з пытаньнем, дзе яна будзе пабудаваная, істотная думка, каб любая дапамога беларускай электрастанцыі залежала ад таго, ці будзе яна адпавядаць патрабаваньням бясьпекі».
XS
SM
MD
LG